Узбекі замест масквічоў: Лукашэнка не вітае ў Беларусі «рускіх братоў»
У апошнія некалькі месяцаў я шмат бачу ў інтэрнэце (і не толькі) захапленні рускіх тым, які добры Мінск і як яны едуць жыць у Беларусь. З аднаго боку — зразумела: тут няма абмежаванняў інтэрнэту, усе разумеюць па-руску, дроны на галаву масава не падаюць (спадзяюся, што і не будуць). Але з іншага боку — здзіўляе пазіцыя дзяржавы. Вельмі здзіўляе. Ажно да сімптаматычнасці.

Малюнак: Comedy Club Production / РИА Новости
Пачнем здалёк, з факта, пра які мы шмат казалі. Паводле паведамлення Нацбанка РБ, золатавалютныя рэзервы Беларусі па выніках чэрвеня скараціліся адразу на 881,8 млн долараў. Гэта самае вялікае падзенне ЗВР за апошнія месяцы.
Як мы і меркавалі, гэта выклікана зніжэннем кошту золата. У чэрвені кошт золата, уключанага ў ЗВР, паменшыўся на 896,8 млн долараў да 6,98 млрд долараў. З пачатку года ЗВР скараціліся на 267,2 млн долараў: кошт золата зменшыўся на 485,9 млн долараў, спецыяльных правоў запазычання — на 14,2 млн долараў, а рэзервовыя актывы ў замежнай валюце павялічыліся на 232,8 млн долараў.
Здавалася б, «прасадку» ЗВР можна лёгка папоўніць, таму што расійскі рубель — гэта таксама валюта, і яго доля ў нашым валютным кошыку цяпер складае 50%. Аднак беларускія банкі вітаць валюту нашага самага блізкага саюзніка не спяшаюцца. Не спяшаюцца нават тыя, хто з'яўляецца, па сутнасці, філіялам расійскага банка. Беларускі «СберБанк» увёў ліміт на папаўненне картак наяўнымі расійскімі рублямі ў касах банка — з 9 жніўня ён складае 50 тысяч расійскіх рублёў.
А раней шэраг беларускіх банкаў увялі камісіі за папаўненне разліковых рахункаў нерэзідэнтаў расійскімі рублямі ў памеры ад 2% до 5%.
Гэта азначае, што беларускія банкі не зацікаўленыя ў расійскіх рублях, якіх у іх, напэўна, ужо зашмат.
У той жа час Лукашэнка на цырымоніі афіцыйнай сустрэчы прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева, які прыбыў у Мінск, заявіў, што гатовы прыцягваць у Беларусь працоўную сілу з Узбекістана ці не ў неабмежаваных колькасцях. «Я кажу: у нас узбекаў любяць… Хачу, што б вашы людзі да нас прыязджалі сем'ямі. У сельскай гаспадарцы, як кажу прэзідэнту, мы даем жыллё», — адрэагаваў Лукашэнка.
«Жыллё нават даюць», — уставіў слова Мірзіёеў.
«Бясплатная адукацыя, ахова здароўя — усё гэта бясплатна, як нашым беларусам роўныя ўмовы. У горадзе трэба трошкі пачакаць, і жыллё будзе, усё. Нам людзі патрэбны, і пажадана з Узбекістана. Вельмі добрыя людзі. Працаўнікі неймаверныя. Нам трэба вучыцца ў вас», — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, што год таму Лукашэнка дамаўляўся пра прыкладна 150 тысяч пакістанцаў, якіх ён гатовы быў прыняць на працу ў РБ. Падобна на тое, што з Пакістана ніхто не прыехаў, за выключэннем тых, хто ўдзельнічае ў міграцыйным крызісе на межах з ЕС. Цяпер Лукашэнка заваблівае «бясплатнай аховай здароўя і адукацыяй» узбекаў — вядома, забываючы ўдакладніць пра рэжым «адпрацоўкі» пасля «бясплатнай адукацыі», і пра якасць медыцынскіх паслуг, асабліва на вёсцы, ва ўмовах дэфіцыту медыкаў.
Глядзіце таксама

І вось тут у мяне ўзнікае пытанне: а як жа расіяне? Калі верыць інтэрнэту, яны проста ірвуцца ў Беларусь жыць і працаваць. Здымаюць кватэры, скандаляць з-за беларускай мовы і таго, што расійскія рублі ў крамах не прымаюць. Беларускія «красаўцы» нядаўна аштрафавалі госця з РФ, які смецціў на вуліцы…
Але пры гэтым «самы рускі прэзідэнт Беларусі» гатовы прымаць у Сінявокай на працу самых розных грамадзян, ад Пакістана да Узбекістана — але не расіян. З нагоды наплыву грамадзян РФ у сталіцу Беларусі ён неяк маўчыць, і наогул ніяк не рэагуе.
Хаця наогул мог бы выступіць з абдымкамі, асабліва да работнікаў нафтаперапрацоўкі. Маўляў, «пакуль вашы заводы рамантуюць, калі ласка, на Мазырскі НПЗ!»
Але не. Расіян ён да нас не запрашае. Расійскі рубель спрабуе абмежаваць. І нават Беларуска-Расійскі Універсітэт, закон пра які ён падпісаў 8 ліпеня, будзе працаваць у нас у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, а «Саюзная дзяржава» застаецца недзе ў дэкларацыях.
У дачыненні да тых, хто ставіць расіян на месца ў сацсетках і ў жыцці, штосьці не чуваць пра справы наконт «распальвання нацыянальнай варожасці». А самае галоўнае — дзіўная справа! — неяк прыціхлі «блогеры рускага свету». Іх у апошні час не відаць і не чуваць — хоць яны павінны былі б (як гіпатэтычна і Лукашэнка) вітаць «панаехаўшых» у Беларусь расіян.
Дзіўна? Ды не. Ужо не першы раз публічна дэманструючы «братэрскія пачуцці», Лукашэнка на самой справе трымае дулю ў кішэні. Верагодна, разумее, што актыўная экспансія рускіх у Беларусь пасля прывяла б да «абароны рускамоўнага насельніцтва ў Беларусі». А яму гэтага і задарма не трэба. Таму замест таго, каб актыўна запрашаць у РБ расіян, ён ціха, непублічна, але супрацьдзейнічае іх пранікненню ў Сінявокую.
«Красаўцы» б дакладна з месца не зрушыліся, каб знайсці нахабнага расіяніна, які смецціў у Мінску, без каманды «зверху».
І гэта робіць чалавек, які ўвесь час кажа, што БНФ у 1990-х «пасадзіў рускіх на валізкі», а ён, такі добры, з гэтых валізак рускіх зняў.
Ці дачакаемся мы, калі ён сам пасадзіць рускіх на тыя самыя валізкі? Ведаеце… Цалкам магчыма.