Узбекі не хочуць «па пяцьсот». Ім заплацяць больш, чым атрымлівае палова беларусаў?

У Беларусі здарыўся новы бунт. Праўда, гэтым разам узбунтаваліся узбекі, якім Лукашэнка, напэўна, наглядзеўшыся на беларускую статыстыку, як звычайна, наабяцаў усё, што выканаць не зможа. У выніку узбекі, верагодна, пазнаёміліся з «красаўцамі», а беларускія ўлады зняславіліся ў чарговы раз.

_hroszy___infljacyja___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Спачатку пра статыстыку. Белстат паведамляе (а калі Белстат паведамляў дрэнныя навіны?), што рост грашовых даходаў насельніцтва захоўваецца на ранейшым узроўні. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені — траўні 2026 года выраслі на 7,9% (месяцам раней — на 8%) да аналагічнага перыяду 2025 года. Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Беларусі ў траўні 2026 года склала 3.003,5 рублёў, тады як у студзені яна была роўная 2.757,1 рублёў.

Таксама Белстат разлічыў і медыянны заробак ў Беларусі. Медыянны заробак — паказчык, які дзеліць усе заработныя платы на дзве роўныя часткі: палова работнікаў атрымліваюць больш за медыяну, а другая частка — менш. Яна адлюстроўвае сітуацыю з заробкамі больш дакладна, чым паказчык сярэдняй зарплаты. І гэтая медыяна склала ў траўні 2026 года 2314,9 рублёў.

Гаворка ідзе пра налічаную зарплату — гэта значыць, да выплаты падаходнага падатку.

Такім чынам, работнікі ў Беларусі жыць сталі лепш, і жыць сталі весялей? Мы наўмысна зараз ужываем словы «работнікі ў Беларусі» замест «беларусаў». Таму што ўлады чарговы раз аскандаліліся — цяпер з работнікамі з Узбекістана.

Пасля размовы Лукашэнкі з Мірзіёевым доўга цягнуць не сталі, і ў Беларусь прыляцелі дзве з паловай сотні работнікаў-узбекаў. Пры гэтым, як сцвярджае Агенцтва па міграцыі Узбекістана, у працоўных дамовах была прадугледжана сярэдняя зарплата ў 900 — 1000 долараў, а максімальная дык і зусім 1200 долараў у эквіваленце.

Што ж — калі пераводзіць у гэты самы «эквівалент», то акурат з 1000-1200 долараў і атрымліваецца сярэдняя беларуская зарплата паводле Белстата.

Прыляцелі акрыленыя узбекі, а тут крылцы ім і падрэзалі. Аж да таго, што ўжо праз дзень яны запісалі відэазварот з просьбай забраць іх назад. Аказалася, што заробак тут удвая меншы за абяцаны, жыллё — «забіты» савецкі інтэрнат, прычым за яго, як і за харчаванне, узбекам давядзецца плаціць самім. Бясплатнай для ўсіх медыцынай, канешне, і не пахне, і гэтак далей.

Скандал атрымаўся велічэзны. І калі Лукашэнка думаў, што прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў такі ж дыктатар, як і ён сам, які ні ў што не ставіць уласны «народзец», то ён раптам памыліўся. Мірзіёеў запатрабаваў годных працоўных месцаў для суграмадзян у Беларусі. Агенцтва па міграцыі Узбекістана і прадстаўнікі Андыжанскай вобласці заявілі, што працуюць з беларускімі працадаўцамі над урэгуляваннем сітуацыі. Яны сцвярджаюць — калі працадаўца адмовіцца выплачваць указаны ў дамове заробак ці парушыць іншыя ўмовы, работнікаў перавядуць да іншага працадаўцы.

Але вось бяда — ці існуе ў Беларусі працадаўца, асабліва ў сельскай гаспадарцы, які плаціць сярэднюю белстатаўскую зарплату? Асабліва, калі ён плаціць яе не вельмі кваліфікаваным замежным работнікам?

Нагадаю, што беларусы дзесяцігоддзе абяцаныя «па пяцьсот» чакалі. Тыя самыя «па пяцьсот», за якія узбекі працаваць адмаўляюцца.

Але больш за ўсё цікава было назіраць за мітуснёй беларускай прапаганды. Спачатку яны паспрабавалі абвінаваціць узбекаў у няўдзячнасці — маўляў, усё нагаворваюць, ім па 1000 долараў ніхто не абяцаў. Потым заяўлялі, што іх умовы жыцця — гэта «часова», маўляў, пацярпіце. Ну а потым абвінавацілі мясцовых чыноўнікаў у сабатажы ўказанняў Лукашэнкі. Карацей, выкарысталі ўвесь стандартны набор, калі вінаватымі аказаліся ўсе, акрамя таго чалавека, які распісваў, як добра будуць жыць узбекі ў Беларусі.

А потым па беларускім тэлебачанні з'явіліся кадры, у якіх узбекі заявілі, што ў іх усё добра, і яны ўсім задаволеныя. А пасля з'явілася і новае відэа, у якім адзін з мужчын кажа, што заробак у яго цяпер 700 долараў, бясплатнае жыллё, бясплатнае харчаванне, і што работнікі ўжо праходзяць медагляд перад выхадам на працу. І ў сувязі з гэтым просіць папярэдняе відэа з прастораў інтэрнэту павыдаляць.

Вам гэта нічога не нагадвае? Асабліва просьба выдаліць відэа? На месцы Шаўката Мірзіёева я б асабіста пагаварыў з аўтарам другога роліка, таму што падобныя «пакаянныя відэа» характэрныя для беларускага ГУБАЗіКа. Роўна як і інтэрв'ю на камеру прапагандысцкага БТ са словамі «ў нас усё добра».

І не дай бог мы маем рацыю… Мірзіёеў, вядома, не Дональд Трамп, але які-небудзь «адказ» ўжо дакладна прыдумаць зможа. Усходнія дыктатары знакамітыя сваёй помстай.

Ну а калі мы не маем рацыю, і узбекскім рабочым сапраўды далі менавіта такія ўмовы…

То нездарма на гэтым тыдні старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергіенка паставіў «дэпутатам» задачы на найбліжэйшы месяц. Паводле яго, парламентарыі павінны заняцца забеспячэннем «сацыяльнай стабільнасці», «выяўляць і мінімізаваць прычыны, якія правакуюць грамадскую незадаволенасць».

І гэта правільна! Таму што калі беларусы даведаюцца пра ўмовы працы узбекаў — ім жа таксама захочацца быць, як узбекі. Бо нават $700 — гэта блізка да медыяннай зарплаты, якую НЕ атрымлівае  палова (!) беларусаў. І плюс да гэтага — беларусаў бясплатна ніхто не корміць і жыллё бясплатна не выдае. Нават інтэрнаты.

Цікава, як могуць адрэагаваць людзі, якія раптам усвядомяць, што ў сваёй краіне ў іх умовы працы і заробкі горшыя, чым у гастарбайтараў?

Рыхтавацца нам да маштабных забастовак ці да новай хвалі эміграцыі?