Абсурд без межаў. Лукашэнка — «кароль свету», смеццевы бак супраць Фаража

Рэальнасць усё часцей абганяе сатыру. У рубрыцы «Абсурд без межаў» мы збіраем гісторыі з розных краін, якія выглядаюць як выдумка, але насамрэч адбыліся. У гэтым выпуску — пра Лукашэнку, якога абвясцілі «каралём свету», смеццевы бак, што стаў супернікам Найджэла Фаража, і яшчэ дзве гісторыі, у якія цяжка паверыць.

absurd.png

Лукашэнка — «кароль свету»?

Ліпень 2026 года адзначыўся выхадам на палітычную арэну праекта «Русь — Украіна». Яго заснавальнікамі, калі верыць дэкларацыі, апублікаванай у Telegram, названыя былы дарадца Офіса прэзідэнта Украіны, а цяпер скандальны палітолаг Аляксей Арастовіч і Аляксандр Лукашэнка.

У дэкларацыі сцвярджаецца, што яны выступаюць за стварэнне аб'яднанай беларуска-ўкраінскай дзяржавы пад назвай «Русь — Украіна». Праект выглядае эклектычным: у ім суседнічаюць вяртанне Украіны да межаў 1991 года, міжнародны трыбунал для кіраўніцтва Расіі і нечаканая рэабілітацыя Камуністычнай партыі Украіны.

Аўтары маніфеста спрабуюць сумясціць несумяшчальнае: пакінуць культ Бандэры на захадзе краіны, Леніна — на ўсходзе, а ў Беларусі аб'яднаць дзейную ўладу з бел-чырвона-белай сімволікай. Праграма таксама абвяшчае адмову ад радыкальнага нацыяналізму і «ватовага» неасаветызму дзеля пабудовы ўтапічнай дзяржавы навукоўцаў, інжынераў і філосафаў.

Асобна распісаныя і будучыя пасады: Арастовічу адводзіцца крэсла прэзідэнта абноўленай Украіны, а Лукашэнка абвяшчаецца «каралём свету».

Праўда, ёсць сур'ёзныя сумневы, што сам Лукашэнка мае хоць нейкае дачыненне да гэтай ініцыятывы. А вось удзел Арастовіча сумневаў не выклікае. Навошта яму гэты перформанс? Найбольш верагоднае тлумачэнне — спроба прыцягнуць увагу часткі электарату паўднёвага ўсходу Украіны.

Паводле матэрыялаў украінскіх медыя

Хто адкажа за правал на Мундыяле?

Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Лі Чжэ Мён распарадзіўся правесці афіцыйнае расследаванне няўдалага выступлення нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце свету пасля яе вяртання дадому.

«Я адчуваю поўнае здзіўленне гэтым нечаканым вынікам. У Паўднёвай Карэі была зорная каманда і высокія чаканні перад турнірам», — заявіў ён.

Насуперак прагнозам карэйская зборная выйграла толькі свой першы матч. Пасля вылету з турніру асноўная крытыка абрынулася на галоўнага трэнера Хон Мён Бо, які пакінуў на лаўцы запасных капітана Сон Хын Міна ў ключавым матчы супраць Паўднёвай Афрыкі. Неўзабаве трэнер падаў у адстаўку, але цяпер атрымлівае пагрозы смерцю.

Гэта міжволі нагадвае парадкі ў суседняй КНДР. Пасля правалу паўночнакарэйскай зборнай на чэмпіянаце свету 2010 года футбалістаў прымусілі шэсць гадзін публічна каяцца і крытыкаваць трэнера, а самога трэнера пасля адправілі на прымусовыя працы і пазбавілі партыйнага білета.

Паводле матэрыялаў амерыканскай прэсы

Граф Смеццевы Бак супраць папулізму

Датэрміновыя парламенцкія выбары ў акрузе Клэктан-он-Сі, прызначаныя на 13 жніўня, ператвараюцца ў адзін з самых сюррэалістычных сюжэтаў у сучаснай брытанскай палітыцы.

Пасля адстаўкі Найджэла Фаража на фоне фінансавага скандалу лідар папулісцкай партыі Reform UK вырашыў вярнуцца ў вялікую палітыку пад лозунгам «народ супраць істэблішменту». Аднак асноўныя партыі вырашылі байкатаваць гэтыя выбары, палічыўшы іх фарсам.

У выніку галоўным супернікам Фаража стаў не прадстаўнік іншай партыі, а сатырычны кандыдат Граф Смеццевы Бак (Count Binface) — касмічны герой у смеццевым баку на галаве, якога прыдумаў комік Джонатан Харві.

Пакуль Фараж абяцае змагацца з істэблішментам, Бінфэйс прапануе нацыяналізаваць Адэль, замарозіць цэны на марожанае і іншыя не менш сур'ёзныя рэформы.

Паводле апытання Ipsos, каля траціны брытанцаў хацелі б бачыць пераможцам менавіта яго, а не Фаража. Выбіраць, вядома, будуць жыхары акругі, але сама сітуацыя выглядае красамоўна: калі давер да палітыкаў падае, нават відавочная сатыра можа выглядаць больш пераканаўча за рэальны папулізм.

Паводле матэрыялаў брытанскай прэсы

Футбол мог зрынуць Пуціна?

У расійскіх сацыяльных сетках набірае папулярнасць незвычайная тэза: санкцыі супраць расійскага футбола дапамаглі Крамлю пазбегнуць дадатковай грамадскай незадаволенасці.

Пасля адхілення Расіі ад спаборніцтваў пад эгідай ФІФА і УЕФА ў 2022 годзе нацыянальная зборная страціла магчымасць згуляць на чэмпіянаце свету 2026 года.

Аднак, на думку некаторых каментатараў, менавіта гэта і ўратавала расійскія ўлады ад новай хвалі раздражнення. Калі б зборная прабілася на турнір і там правалілася, незадаволенасць грамадзтва магла б толькі ўзмацніцца на фоне вайны супраць Украіны, эканамічных праблем і росту коштаў.

Тэза, безумоўна, спрэчная. Але гісторыя ведае выпадкі, калі футбольныя няўдачы сапраўды ўплывалі на палітычныя настроі. Прыкладам можа быць чэмпіянат свету 1998 года, пасля якога падзенне папулярнасці канцлера Гельмута Коля стала адным з фактараў паразы хрысціянскіх дэмакратаў на выбарах у Бундэстаг.

Паводле матэрыялаў сацыяльных сетак