«Працяглая камандзіроўка»: ці атрымаў Лукашэнка нешта, апроч экскурсіі ў бункер Пуціна?
Варта было Уладзіміру Зяленскаму абвясціць Лукашэнку ўльтыматум наконт рэтранслятараў, як беларускі кіраўнік раптам зазбіраўся ў «доўгую камандзіроўку». А калі пытанне рэтранслятараў было вырашана (так ці інакш), камандзіроўка Лукашэнкі аказалася не такой ужо і працяглай. Супадзенне?

Малюнак з YouTube
Лукашэнка прыляцеў на Валдай да Пуціна 26 чэрвеня. Потым ён злётаў у Кітай, Інданезію, і ўжо 2 ліпеня (праз тыдзень) з'яўляецца інфармацыя, што беларускі кіраўнік заляціць «па дарозе» ў М'янму, і вернецца дадому да святкавання 3 ліпеня. Такім чынам «доўгая камандзіроўка» ўклалася ў даволі кароткі тэрмін.
Падчас візіту Лукашэнкі да Пуціна ў іх былі «перамовы адзін на адзін» аж два дні. Пра іх змест, прадмет і вынікі не паведамлялася. Таму ўсім аналітыкам і аглядальнікам заставалася толькі варажыць, што ж там адбываецца. Большасць сыходзілася ў меркаванні, што Пуцін выкручвае Лукашэнку рукі з мэтай уцягвання Беларусі ў вайну, або ўжывае без вазеліну за выкананне ўльтыматуму Зяленскага.
Магчыма, так яно і было, бо трэба ж ім пра штосьці гаварыць два дні? Але я схіляюся да меркавання, што галоўным тут былі не размовы, а месца іх правядзення. А дакладней — бункер Пуціна.
Таму што спачатку Лукашэнка адключыў расійскія рэтранслятары для навядзення дронаў па Украіне. Але потым, калі ён з'ехаў, адзін з гэтых рэтранслятараў зноў уключыўся. Пасля гэтага глаўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі паведаміў, што «гэты рэтранслятар уключацца больш не будзе». Ён заявіў пра гэта ўпэўнена, але пра прычыну сваёй упэўненасці не казаў.
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы апазіцыйнага Аб'яднанага пераходнага кабінета Вадзім Кабанчук паведаміў, што рэтранслятары былі знішчаны ўкраінскімі дронамі. «Іх фізічна больш не існуе», — заявіў Кабанчук, не ўдакладніўшы крыніцу інфармацыі.
І вось гэтая ўся сітуацыя — вельмі ў стылі Лукашэнкі. Спачатку ён хацеў падмануць пільнасць Зяленскага, адключыўшы рэтранслятары. Потым ён вырашыў паказаць Пуціну «саюзніцкую вернасць», гэтыя рэтранслятары ўключыўшы. І, у выпадку чаго, меў перад Украінай «жалезны аргумент»: «Не вінаватая я, мяне ў краіне нават не было!». А для таго, каб Зяленскі не выканаў сваё абяцанне і ненаўмысна не прыбраў разам з рэтранслятарамі і Аляксандра Лукашэнку, той і з'ехаў да Пуціна на Валдай.
Таму што там — глыбокі бункер. І ў гэтым бункеры яны з Пуціным чакалі рэакцыю Зяленскага, глядзелі, куды «прыляціць», і, напэўна, «працавалі з дакументамі» па прыкладзе старэючага Ельцына. І калі высветлілася, што прыляцела толькі ў рэтранслятары, а не ў Дразды, то Лукашэнка вылез з пуцінскага бункеру і паехаў да таварыша Сі ў Кітай.
І зноў многія аналітыкі і аглядальнікі пачалі думаць, што такім чынам беларускі кіраўнік ратуецца альбо ад ціску Пуціна, альбо ад ціску Зяленскага, які запатрабаваў, каб беларускія прадпрыемствы неяк паменшылі сваё супрацоўніцтва з расійскім ВПК. Маўляў, Сі заступіўся за Лукашэнку, калі назваў Беларусь і Кітай «жалезнымі братамі» і «выказаў падтрымку суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі» (паводле паведамлення МЗС Кітая).
Вы можаце сабе ўявіць, каб такі таварыш, як Сі Цзіньпін, кінуў усе свае справы, і аддаў мінімум паўдні Лукашэнку, толькі таму, што Лукашэнка да яго прыляцеў? Вось і я такога не ўяўляю. Відавочна, што гэты візіт планаваўся і рыхтаваўся, і рыхтаваўся даўно. І пытанні ціску Пуціна і Зяленскага на Лукашэнку… ну, калі і абмяркоўваліся, то ў сэнсе «нялёгка табе, Саша, прыходзіцца».
Звярніце ўвагу на словы Сі даслоўна. Ён нічога не сказаў пра Лукашэнку. Ён «выказаў падтрымку» выключна Беларусі — як краіне, як дзяржаве. Кітайцам цяпер асабліва патрэбная Беларусь — як транзіт у Еўропу, калі «ўкраінскі калідор» перакрыты, а з Літвой у іх дыпламатычны канфлікт праз адкрыццё ў Вільні прадстаўніцтва Тайваня.
Варта ўспомніць і незадаволенасць Пекіна, калі праз дзеянні Лукашэнкі Польшча закрывала мяжу, у выніку чаго кітайскі транзіт моцна пакутаваў. «Разрульваць» тую сітуацыю прыязджаў аж Ван І, міністр замежных спраў Кітая. І ён яе разруліў.
Усё вышэйсказанае азначае, што:
Кітаю, уласна, да сірэневай зоркі, хто будзе ва ўладзе ў Беларусі — абы гэтая персона ўлічвала кітайскія эканамічныя інтарэсы. А калі персанальна Пуцін з'ясі персанальна Лукашэнку — так таму і быць, ніхто не здзівіцца, бо Пуцін — вядомы людаед. Лукашэнку шкада? Ну і чорт з ім, трэба вітаць новага сябра Кітая ў Беларусі.
Ну і вядома ж, словы Сі Цзіньпіна могуць паслужыць слабенькім намёкам Уладзіміру Пуціну. Аднак яны ніякім чынам не тычацца Уладзіміра Зяленскага. А ўкраінскага дрона, як мы заўважалі, Лукашэнка цяпер баіцца нават больш, чым Пуціна.
Так што я б не будаваў асаблівых канспіралагічных версій вакол «доўгай камандзіроўкі» Лукашэнкі. Прынамсі, Лукашэнка падчас гэтага ваяжу не атрымаў нейкіх персанальных гарантый сваёй бяспекі. Дакладней, атрымаў, але на вельмі кароткі тэрмін — калі ў бункеры ў Пуціна сядзеў.
І гэтую сваю «небяспеку» Лукашэнка востра адчувае.
Раней альбо да 9 мая, альбо да 3 ліпеня Лукашэнка традыцыйна абвяшчаў амністыю. Зараз ні пра якую амністыю гаворка не ідзе: ён «памілаваў» усяго толькі 32 чалавекі, з якіх 28 былі асуджаны за «злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці».
Такім чынам, у нас на 28 палітвязняў стала менш. Але вось тое, што Лукашэнка адмовіўся ад традыцыйнай амністыі людзей, асуджаных за побытавыя злачынствы, злёгку трывожыць. Таму што паводле расійскага досведу менавіта яны становяцца «рэзервам» (або «гарматным мясам», як каму падабаецца) для арміі.
І гэты маленькі факт можа сведчыць пра тое, што ціск Пуціна на Лукашэнку з мэтай уцягнуць Беларусь у вайну далёка не скончаны.