«Схаваныя рэпрэсіі»: «Вясна» папярэджвае пра новы этап палітычнага пераследу ў Беларусі. Хронікі рэпрэсій 1 ліпеня
Адкрытых звестак пра палітычны пераслед у Беларусі становіцца ўсё менш, аднак гэта не азначае, што рэпрэсіі сціхаюць. У новым дакладзе «Схаваныя рэпрэсіі ў Беларусі 2020–2026» Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае: улады ўсё часцей выкарыстоўваюць механізмы, якія цяжэй дакументаваць, а афіцыйная інфармацыя ўсё радзей дазваляе ацаніць сапраўдны маштаб пераследу.

«Вясна»: рэпрэсіі ў Беларусі сталі менш бачнымі
Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў даклад «Схаваныя рэпрэсіі ў Беларусі 2020–2026», прысвечаны эвалюцыі рэпрэсіўнай палітыкі пасля падзей 2020 года. У ім сцвярджаецца, што беларускія ўлады паступова адмовіліся ад дэманстратыўных масавых рэпрэсій на карысць механізмаў, якія значна цяжэй дакументаваць.
Аўтары адзначаюць, што калі ў 2020–2021 гадах галоўнымі інструментамі былі масавыя затрыманні, адкрыты гвалт і шырокае асвятленне крымінальнага пераследу, то з 2022–2023 гадоў усё больш выкарыстоўваюцца закрытыя суды, абмежаванне доступу да матэрыялаў спраў, завочныя працэсы і скарачэнне афіцыйнай статыстыкі. У выніку, паводле праваабаронцаў, рэпрэсіі не знікаюць, але становяцца менш бачнымі для грамадства і міжнароднай супольнасці.
У дакладзе падкрэсліваецца, што дзяржаўныя органы перасталі публікаваць многія статыстычныя даныя, якія раней дазвалялі ацэньваць маштаб палітычнага пераследу. У адкрытай судовай статыстыцы адсутнічаюць асобныя звесткі па большасці палітычна матываваных артыкулаў, а Генеральная пракуратура, Следчы камітэт і МУС больш не вядуць рэгулярнай публічнай справаздачнасці па гэтых катэгорыях спраў.
Паводле падлікаў «Вясны», у іх базе ўжо амаль 8,5 тысячы чалавек, асуджаных паводле палітычных матываў. Пры гэтым у дзяржаўным пераліку асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», знаходзяцца каля 6,6 тысячы чалавек. Праваабаронцы мяркуюць, што без незалежнага маніторынгу грамадскасць не даведалася б больш чым пра дзве тысячы выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага пераследу.
Асобны раздзел даследавання прысвечаны сітуацыі ў месцах пазбаўлення волі. Аўтары сцвярджаюць, што ўлады сістэмна абмяжоўваюць магчымасці перадачы інфармацыі з калоній і СІЗА: звужаюць каналы сувязі, абмяжоўваюць доступ да адвакатаў пасля этапавання ў калоніі, а таксама пераследуюць інтэрнэт-супольнасці сваякоў зняволеных.
У дакладзе таксама адзначаецца, што рэпрэсіі закранаюць не толькі абвінавачаных па палітычных справах, але і праваабаронцаў, журналістаў, назіральнікаў за судамі, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і беларусаў у эміграцыі. Акрамя таго, даследчыкі звяртаюць увагу на менш прыкметныя формы ціску — праблемы з працаўладкаваннем, прафесійную ізаляцыю і рост самацэнзуры.
У заключэнні аўтары даклада робяць выснову, што ў 2025–2026 гадах рэпрэсіўная сістэма ў Беларусі перайшла на новы этап. На іх думку, доля адкрытых рэпрэсій знізілася, аднак штодзённы ціск не толькі не знік, але стаў менш прыкметным, што ўскладняе яго дакументаванне і можа ствараць ілжывае ўражанне пра змякчэнне сітуацыі з правамі чалавека.
Лукашэнка падпісаў указ аб «памілаванні»
1 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 32 асуджаных, прымеркаваны да 3 ліпеня — Дня Незалежнасці.
Паводле паведамлення яго прэс-службы, на волю выйдуць 20 жанчын і 12 мужчын. З іх 28 чалавек былі асуджаныя паводле палітычна матываваных абвінавачанняў.
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская заявіла, што вызваленне людзей — гэта вялікае палягчэнне для іх сем'яў, аднак нагадала, што ў беларускіх турмах па-ранейшаму застаюцца сотні палітвязняў.
«Навіна пра вызваленне 28 палітвязняў — гэта перш за ўсё палёгка для іх родных. (...) Але нельга забываць: у беларускіх турмах па-ранейшаму застаюцца сотні палітвязняў, і ўсе яны павінны быць вызвалены».
За крытыку супрацоўнікаў ДАІ мужчыну адправілі ў ІЧУ
39-гадовага жыхара Ашмянаў затрымалі пасля таго, як ён запісаў відэа з крытыкай супрацоўнікаў ДАІ.
Паводле версіі сілавікоў, мужчына груба выказаўся пра супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. Пасля затрымання яму таксама паставілі ў віну нібыта дапушчаныя парушэнні Правілаў дарожнага руху і падпіску на рэсурсы, якія беларускія ўлады ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх».
Паведамляецца, што мужчыну змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.