Больш за 1065 дзён у ШІЗА, новыя прысуды і закрытыя суды. Хронікі рэпрэсій 2 ліпеня

 Больш за тысячу дзён у штрафных ізалятарах і ПКТ, новыя працяглыя тэрміны зняволення, закрытыя суды і прысуды за «садзейнічанне экстрэмізму». Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

1_1097_1.png

Больш за 1065 дзён у ШІЗА і ПКТ: што вядома пра Івана Вярбіцкага

60-гадовы палітвязень Іван Вярбіцкі знаходзіцца за кратамі ўжо амаль шэсць гадоў — з кастрычніка 2020 года. За гэты час яго тройчы судзілі паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), а агульны тэрмін зняволення павялічыўся да 2032 года.

Як паведамляе «Вясна», з моманту затрымання палітвязень правёў у штрафных ізалятарах і памяшканнях камернага тыпу ўжо больш за 1065 дзён. Нядаўна яго этапавалі з мазырскай калоніі №20 ў горкаўскую калонію №9, дзе яшчэ падчас «каранціну» ўжо двойчы змяшчалі ў ШІЗА.

Паводле крыніц праваабаронцаў, Івана фактычна другі год утрымліваюць у рэжыме інкамунікада: ён не мае сувязі са сваякамі, не атрымлівае перадач і грашовых пераводаў, бо знаходзіцца ў дзяржаўным «спісе тэрарыстаў». Былыя вязні таксама распавялі пра цяжкія ўмовы ўтрымання ў ШІЗА і праблемы са здароўем палітвязня.

17 ліпеня Івану Вярбіцкаму споўніцца 61 год. Гэта будзе ўжо шосты дзень народзінаў, які ён сустрэне за кратамі.

Мінскага будаўніка асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Мінскі гарадскі суд вынес прысуд 39-гадоваму Дзмітрыю Аўчынку, які шмат гадоў займаўся маналітнымі і буравымі працамі ў Мінску і ваколіцах.

Як паведамляе «Наша Ніва», мужчыну судзілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Верагодна, яму прызначылі абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).

Да затрымання Дзмітрый вёў старонкі monolit.minsk у TikTok і Instagram, дзе публікаваў відэа са сваіх будаўнічых аб'ектаў і шукаў кліентаў.

Актывісту з Калінкавічаў прысудзілі 10 гадоў калоніі

Грамадскага актывіста з Калінкавічаў Аляксандра Елісеева асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Яго прызналі вінаватым паводле артыкулаў аб «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК) і «абразе Лукашэнкі» (арт. 368 КК). Суд прайшоў у закрытым рэжыме, таму сутнасць абвінавачанняў застаецца невядомай.

Аляксандр Елісееў быў сябрам ліквідаванай Аб'яднанай грамадзянскай партыі, удзельнічаў у незалежным назіранні за выбарамі і неаднаразова падвяргаўся адміністрацыйнаму пераследу пасля 2020 года. У лістападзе 2025 года праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем.