Ад Радзівілаў да АМАПа. Нябачныя суайчыннікі
Беларускія ромы — не «чужыя» і не выпадковыя госці на гэтай зямлі, а нашы суайчыннікі са стагоддзямі супольнай гісторыі. Чаму грамадства, якое калісьці знаходзіла з імі мову суіснавання, дайшло да Магілёўскага пагрому 2019 года? І чаму гісторыя ромаў — гэта насамрэч гісторыя таго, як таталітарызм адпрацоўваў у Беларусі механізмы гвалту яшчэ да падзей 2020 года.

Жывучы ў вымушанай эміграцыі ў Літве, я ўважліва назіраю за мясцовай грамадскай дыскусіяй: як правільна называць краіны і народы — Gruzija ці Sakartvelas, ужываць у дачыненні да ромаў экзонім čigonai ці пераходзіць на саманазву romai. Для мяне, як чалавека, чыя радзіма — Беларусь, а не «Белоруссия», і які прынцыпова адмаўляецца быць «бульбашом» ці «маларосам», гэты выбар відавочны. Канечне, Sakartvelas і romai. Бо права на ўласнае імя — гэта корань базавай чалавечай годнасці.
Я вельмі хачу дажыць да часоў, калі падобныя дыскусіі стануць актуальнымі і магчымымі ўнутры самой Беларусі. Бо гэта будзе значыць, што наша грамадства нарэшце выбралася з цясніны фізічнага выжывання насуперак сістэме і перайшло ў рэжым свядомага асэнсавання сябе як крыніцы ўмоў уласнага жыцця.
А пакуль мы толькі намацваем шлях да гэтай сталасці, я прапаную паглядзець яшчэ на адно «адценне чорнага» з палітры лукашэнкаўскага рэжыму, пра якое мы амаль ніколі не гаворым. Гаворка пойдзе пра нашых суайчыннікаў, пра частку беларусаў, якія стагоддзямі дзялілі з намі гэтую зямлю, але сёння апынуліся фактычна ў нябачным гуманітарным і прававым тупіку. Наша нацыя гістарычна складвалася як поліэтнічная, з'яднаная вакол беларускага этнасу як карэннага. І калі глядзець на мінуўшчыну і сучаснасць ромаў праз гэтую супольную грамадзянскую оптыку, раптам выявіцца: нашая гісторыя мела ўнікальны досвед мірнага суіснавання задоўга да таго, як таталітарныя ідэолагі прынеслі сюды мову рэпрэсій.
У кагосьці з чытачоў абавязкова стрэльне думка: «Слухайце, у нас саміх кожная хата ў траўме, тысячы палітвязняў у карцарах, нацыя абяскроўлена і раскідана па свеце — а вы прапануеце гаварыць пра цыганоў? Хіба ў нас няма больш важных і гарачых тэмаў?»
Адказ на гэта жорсткі, але неабходны: ромы — гэта не нейкія далёкія, вонкавыя «яны». Гэта нашы суайчыннікі, такія ж беларусы, і кожная частка нашай нацыі — гэта нашая супольная адказнасць. Больш за тое, пакуль мы гадамі адварочваліся ад «чужога» болю, лічачы яго другаснай тэмай, мы прагледзелі ўласную катастрофу. Таталітарызм заўсёды трэніруецца на самых безабаронных. У 2019 годзе рэжым проста адпрацаваў на беларускіх ромах тую мадэль абсалютнага паліцэйскага бяспраўя і начных пагромаў, якую ўжо праз год спакойна абрынуў на ўсю астатнюю краіну.
Глядзіце таксама

Таталітарны ланцужок відавочны. Размова пра беларускіх ромаў — гэта не адцягненне ўвагі ад супольнай бяды. Гэта размова пра нас саміх. Пра тое, як лукашэнкаўскі рэжым, апантаны ідэяй вярнуць горшыя каланіяльныя практыкі БССР, давёў стаўленне да нашых суграмадзян да мяжы абсалютнай жорсткасці, канчаткова разбурыўшы векавы досвед нармальнага беларускага суіснавання.
Залаты век прагматызму: ад Радзівілаў да вясковага сімбіёзу
Сучаснаму беларусу, узгадаванаму на крымінальных міліцэйскіх зводках, цяжка паверыць, што калісьці ромы былі прызнанай, арганічнай і паважанай часткай нашага грамадства. У часы Вялікага Княства Літоўскага нашы продкі мыслілі не ксенафобскімі стэрэатыпамі, а катэгорыямі права і эканамічнага бартэру.
Сапраўднай «цыганскай сталіцай» тады стала мястэчка Мір. Князі Радзівілы пайшлі па шляху, які сёння назвалі б прагрэсіўнай сацыяльнай інтэграцыяй: яны не ламалі ўнутраны кодэкс ромаў, а прызналі і легалізавалі яго. У XVIII стагоддзі Радзівілы афіцыйна зацвердзілі пасаду Ромскага караля (падскарбія) — першым ім стаў мясцовы мешчанін Ян Марцінкевіч. Ён меў права судзіць сваіх суродзічаў паводле іх уласных законаў, збіраў падаткі і адказваў за парадак перад князем. Ромы ў Міры мелі свае дамы, плацілі ў казну і былі паўнавартаснымі ўдзельнікамі кірмашовага гандлю.

Мір, панарама мястэчка. Аўтар Язэп Драздовіч, drazdovich.by, commons.wikimedia.org
Гэтая павага да чужой аўтаноміі нарадзіла ўнікальны прыклад суіснавання на ўзроўні звычайных вёсак. Традыцыйны лад жыцця ромаў на нашых землях быў цыклічным, і менавіта тут сфармаваўся трывалы эканамічны цыкл, які складаўся з дзвюх фаз: качэўя і зімоўкі.
Восеньскі надрыў і «зазаванне» ўраджаю
У аснове ромскай эканомікі было рамесніцтва: дробнае кавальства, катлярства (луджэнне і выраб посуду), рымарства (выраб коннай амуніцыі), дрэваапрацоўка, лозапляценне, знахарства (збор лекавых зёлак, каранёў і ягад). Усе гэтыя рамёствы не стваралі канкурэнцыі беларускім сялянам. Наадварот, яны закрывалі тыя «дзіркі» ў гаспадарцы, на якія ў селяніна падчас сельскагаспадарчых работ проста не заставалася часу.
У вяснова-летні сезон ромскія табары вандравалі ад селішча да селішча ў пошуку новых замоўнікаў.
А калі на беларускіх палях пачынаўся самы гарачы час — верасень і кастрычнік, — ромы не былі проста назіральнікамі. Табары, што вярталіся з летняга качавання, актыўна наймаліся да мясцовых сялян і ў буйныя магнацкія фальваркі.
Ромскія жанчыны і падлеткі масава выходзілі на палі капаць бульбу і буракі. Гэта была цяжкая, манатонная праца, дзе вырашала колькасць рук. Мужчыны забяспечвалі лагістыку: трывалыя цыганскія коні і доўгія вазы — панарады — працавалі на поўную моц. Ромы бралі на сябе «зазаванне» (затарванне) і вываз ураджаю з палёў у сялянскія гумны і клеці.
За гэтую працу яны атрымлівалі натуральны разлік: мяшкі збожжа, сала, бульбу і гародніну. Гэта азначала, што да месца будучай зімоўкі ромы прыязджалі не галоднымі ўтрыманцамі, а людзьмі са сваім харчовым капіталам, сумленна заробленым на гэтай жа зямлі.
Інстытут «Зімоўкі»

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com
З першымі сур'ёзнымі халадамі вялікі табар распадаўся на дробныя сем'і, якія ішлі па вёсках прасіцца на пастой. І беларускія сяляне іх прымалі, бо ведалі: гэта выгадна.
Нарадзіўся інстытут «сваіх цыганоў». Дзесяцігоддзямі адна і тая ж ромская сям'я прыязджала зімаваць у адну і тую ж вёску, да аднаго і таго ж гаспадара. Беларускі селянін казаў: «Гэта мае цыганы», а ромы адказвалі: «Гэта наш гаспадар». За гэтымі словамі стаялі моцныя даверныя, амаль сваяцкія адносіны.
Селянін выдзяляў куток у хаце для дзяцей, месца ў адрыне і дзяліўся цяплом сваёй печы. Ромы адплачвалі высокакваліфікаваным рамяством. За зіму яны цалкам рамантавалі і навострывалі ўвесь вясковы інвентар да будучай сяўбы — ад плугоў да барон. Акрамя таго, многія з іх былі геніяльнымі гіполагамі (знаўцамі коней): лячылі жывёлу, прымалі жарабят у кабыл, падкоўвалі коней пад зімовы лёд. А ў доўгія зімовыя вечары рабіліся галоўнай культурнай праграмай вёскі — музыка, скрыпкі, казкі і варажба, якая ўспрымалася хутчэй як гульня.
Гэты прыродны, прагматычны мір пачаў разбурацца яшчэ пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі расійская імперская адміністрацыя значна ўзмацніла кантроль над насельніцтвам, абмежавала свабоду перамяшчэння і імкнулася падпарадкаваць традыцыйны лад жыцця агульнаімперскім правілам. Канчаткова ж яго зламаў савецкі эксперымент.
Савецкі эксперымент: Пастка «карэнізацыі» і таталітарны паварот БССР
Адэпты «рускага свету» і савецкай стабільнасці вельмі любяць згадваць 1920-я гады як доказ «цывілізатарскай місіі» Масквы. І сапраўды, у эпоху ранняй савецкай «карэнізацыі» ўлада зрабіла тое, чаго не рабіла Расійская імперыя: у 1927 годзе быў створаны першы афіцыйны цыганскі алфавіт, у БССР пачалі выдавацца падручнікі на мове рамані, адкрываліся нацыянальныя школы і калгасы. Ствараліся нацыянальныя сельсаветы.
Для беларускага чытача гэты сюжэт павінен гучаць балюча, да сутарг знаёма. Гэта быў амаль той самы сцэнар, па якім у БССР тады ж запускалася легендарная беларусізацыя.
Савецкая машына дзейнічала паводле аднаго шаблону: яна часова дазваляла нацыянальны рэнесанс, стварала ўмовы для кнігавыдання і асветы, але вынік аказваўся аднолькавым. З андэграўнду выходзіла нацыянальная інтэлігенцыя, якая паверыла, што дзяржава сапраўды дазваляе развіццё. Ствараліся кнігі, школы, нацыянальныя інстытуты. Ствараліся спісы. Паступова ўсе яны апынуліся пад прыцэлам.
Як толькі пастка закрылася, пачалося тое, што беларусы ведаюць па Курапатах і «Ночы расстраляных паэтаў». І ромы падзялілі гэты лёс напоўніцу.
Ужо ў 1938 годзе сталінскі рэжым зрабіў рэзкі разварот да татальнай імперскай ўніфікацыі. Выдавецтва літаратуры на мове рамані было ліквідавана, ромскія школы па ўсёй БССР закрыты, падручнікі — пушчаныя пад нож. Ромская інтэлігенцыя — настаўнікі, паэты, перакладчыкі падручнікаў, якія шчыра паверылі ў савецкую асвету, — была арыштаваная па сфабрыкаваных справах і адпраўленая ў ГУЛАГ або расстраляная як «шпіёны». Савецкая ўлада спачатку вырасціла нацыянальную эліту, а потым проста выразала яе, пакінуўшы народ без адукаванага авангарду.
Наступным лагічным крокам у гэтай стратэгіі «выраўноўвання» стаў знакаміты Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 1956 года «Аб прыцягненні да працы цыганоў, якія займаюцца вандроўніцтвам». Савецкая ўлада гвалтам забараніла качавы лад жыцця. Але трагедыя была не столькі ў забароне руху, колькі ў тым, што сістэма адначасова абвясціла па-за законам усю традыцыйную ромскую эканоміку.
Прыватны гандаль коньмі, кустарная кузня, дробны кірмашовы абарот — усё тое, што стагоддзямі дазваляла ромам захоўваць аўтаномію і карміць сем'і, — у савецкай сістэме паступова аказалася пад азначэннямі «спекуляцыя» і «непрацоўныя даходы». Ромаў гвалтам засялялі ў прыгарадныя пасёлкі і адпраўлялі працаваць на заводы, амаль не зважаючы на іх моўныя і культурныя асаблівасці.
Менавіта тады, у выніку гэтай гвалтоўнай аселасці, сфармаваліся многія ромскія кварталы і прыгарадныя пасёлкі ў Магілёве, Бабруйску і іншых беларускіх гарадах. Савецкая палітыка стварыла вельмі цынічную ілюзію роўнасці: на сцэне блішчаў ухвалены цэнзурай цыганскі ансамбль, пакуль у рэальнасці людзей пазбавілі эканамічнага хрыбта, загналі ў прыгарадныя гета і зрабілі цалкам залежнымі ад дзяржаўнай машыны.
Чаму беларусы «перараслі» 90-я, а ромы засталіся ў пастцы?
У гэтым месцы нават прыязны чытач спатыкнецца аб вельмі жорсткае, але справядлівае пытанне: «Пачакайце. Мы ўсе выйшлі з аднаго савецкага калапсу і разам перажылі жудасныя 90-я. Але беларусы неяк з крыміналам скончылі, зарабляюць у поце твару, а ромскія пасёлкі доўгі час фігуравалі ў зводках як цэнтры наркагандлю і шэрага бізнесу. Мо яны сапраўды самі выбралі такі шлях?»
Калі ў 1991 годзе савецкая сістэма рухнула, стартавыя пазіцыі былі прынцыпова рознымі.
У сярэдняга беларуса, які страціў працу на закрытым заводзе, у кішэні быў савецкі дыплом, прафесійная кваліфікацыя, устойлівыя сацыяльныя сувязі, а галоўнае — легальны статус у сістэме. Калі адкрываліся першыя прыватныя фірмы, крамы ці кампаніі, беларуса ахвотна бралі на працу. Дзяржаўная і новая прыватная эканоміка былі пабудаваныя яго мовай і для яго. Беларусы змаглі сысці з брутальных кірмашоў 90-х у легальную эканоміку, бо для іх гэтыя дзверы былі адчыненыя.
А цяпер паглядзім на той самы «савецкі адукацыйны поспех», пра які так любяць крычаць аматары СССР. Пасля таго як у 1938 годзе савецкая школа забараніла мову рамані і знішчыла нацыянальныя падручнікі, адукацыйная сістэма ператварылася ў рэпрэсіўны пракрустаў ложак. Дзеці, якія дома гаварылі толькі на сваёй мове, апыналіся ў класах, дзе навучанне ішло на чужой мове без аніякай метадычнай дапамогі.
Замест таго каб дапамагчы дзіцяці пераадолець гэты моўны і культурны шок, савецкая машына дзейнічала брутальна: моўны бар'ер часта трактаваўся як «інтэлектуальная адсталасць». Ромскіх дзяўчат і хлопцаў масава адпраўлялі ў «дапаможныя школы» (для дзяцей з парушэннямі інтэлектуальнага развіцця) альбо проста заплюшчвалі вочы на тое, што яны кідалі вучобу ўжо пасля некалькіх класаў. Сістэме было прасцей пазбавіцца ад «праблемнага элемента», чым будаваць рэальную інтэграцыю.
Калі да гэтага дадаць сістэмны інстытуцыйны расізм, булінг і галечу прыгарадных гета, у якіх ромы апынуліся пасля гвалтоўнага пасялення 1956 года, становіцца зразумела: савецкая школа была для ромскага дзіцяці не сацыяльным ліфтам, а месцам прыніжэння і варожай бюракратыі. Сістэма сама выштурхнула многіх з іх у дарослае жыццё без адукацыі і дыпломаў.
Калі прыйшлі 90-я, да адукацыйнай ізаляцыі дадалася татальная ксенафобія. Чалавека з ромскай знешнасцю часта не бралі на працу незалежна ад яго здольнасцяў. І вось тут спрацаваў жалезны закон крымінальнай сацыялогіі: калі супольнасць сістэмна выціскаюць з легальнай эканомікі, чорны рынак вельмі хутка пачынае запаўняць гэты вакуум.
Наркасіндыкаты і буйныя крымінальныя босы, якія часцей за ўсё самі не былі ромамі, заўсёды шукаюць ідэальную інфраструктуру — замкнёныя, бедныя і максімальна ізаляваныя ад дзяржавы анклавы. Ромскія пасёлкі з іх унутранай салідарнасцю і татальным беспрацоўем сталі для іх ідэальным чалавечым шчытом. Большасць жыхароў гэтых пасёлкаў рабілася не «каралямі бізнесу», а расходным матэрыялам — дробнымі вулічнымі закладчыкамі, якія першымі траплялі пад удар міліцыі і атрымлівалі велізарныя тэрміны, пакуль сапраўдныя арганізатары заставаліся ў цені.
Тое, што абывацель палічыў «этнічным выбарам», насамрэч было класічнай трагедыяй гета: калі ў людзей сістэмна адбіраюць магчымасць легальна зарабляць на жыццё, крымінал прыходзіць сам і купляе іх беднасць.
Наватарствы рэжыму Лукашэнкі: «Дармаедскія» жорны і выпаленая зямля
Аляксандр Лукашэнка, які шчыра лічыць сябе найлепшым вучнем савецкай сістэмы, давёў гэтую спадчыну БССР да абсурду. Калі савецкая мадэль пры ўсёй сваёй жорсткасці гарантавала ромам хоць нейкае працоўнае месца на заводзе ці будоўлі, то сучасны лукашэнкаўскі рэжым закрыў многіх з іх у замкнёнай сацыяльнай пастцы, дзе спалучаюцца горшыя рысы таталітарызму і дзікага наменклатурнага капіталізму.
«Дармаедскія» жорны
Знакаміты лукашэнкаўскі Дэкрэт № 3 («Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства») ударыў па ромскіх сем'ях з асаблівым цынізмам. У Беларусі існуе трывалая, хоць і прыхаваная ксенафобія пры працаўладкаванні — чалавека з ромскай знешнасцю або прозвішчам практычна немагчыма ўбачыць у банку, офісе ці за прылаўкам прыватнай крамы. Іх доля — цяжкая, нізкакваліфікаваная праца.
Каб выжыць, многія вымушаныя сыходзіць у шэрую эканоміку — незарэгістраваны дробны гандаль металам, будматэрыяламі або іншыя выпадковыя заробкі. І тут дзяржава ловіць іх другім канцом дубінкі: абвяшчае «дармаедамі», абкладае павышанымі тарыфамі на камунальныя паслугі і штрафамі. Савецкае патрабаванне «абавязковай працы» ператварылася пры Лукашэнку ў інструмент фінансавага рабавання, які заганяе цэлыя дынастыі ў беспрасветную галечу і даўгавую кабалу.
Знішчэнне прасторы для абароны
Калі ў познім СССР ці ў першыя гады незалежнасці Беларусі ромы маглі хоць неяк звяртацца ў суды, пісаць скаргі ці шукаць дапамогі ў незалежнай прэсе, то галоўнае «наватарства» рэжыму пасля 2020 года — поўнае выпальванне грамадзянскай супольнасці.
У краіне ліквідаваныя незалежныя праваабарончыя арганізацыі і большасць недзяржаўных арганізацый. Беларускія ромы засталіся адзін на адзін з міліцэйскай вертыкаллю. У іх няма праваабаронцаў, якія маглі б фіксаваць злоўжыванні сілавікоў, няма незалежнай прэсы ўнутры краіны, здольнай падняць голас у іх абарону. Адзіная стратэгія выжывання, якую пакінула ім гэтая сістэма, — стаць цалкам нябачнымі, пагадзіўшыся на статус грамадзян трэцяга гатунку.
«2020-ты ў 2019-м»: Хроніка Магілёўскага пагрому
Большасць беларусаў правялі мяжу паміж «да» і «пасля» ў жніўні 2020 года. Менавіта тады грамадства ўпершыню масава адчула на сабе начныя налёты сілавікоў, бязлітаснае збіццё ні ў чым не вінаватых людзей і поўнае абясцэньванне закона.
Але беларускія ромы перажылі свой 2020-ты на год раней — у маі 2019 года. Гэты эпізод увайшоў у гісторыю як Магілёўскі пагром і стаў узорам таго, як працуе сістэма калектыўнай адказнасці па прыкмеце крыві.
Пасля трагічнай смерці інспектара ДАІ ў Магілёве, які перад гібеллю паспеў адправіць трывожнае паведамленне ў Viber пра «чорную Волгу і цыганоў», узброены АМАП уначы пайшоў на штурм прыватных дамоў у ромскіх паселішчах Чапаеўка і Грабянёва.
Спецназ дзейнічаў па сярэднявечных прынцыпах пагрому: выломвалі дзверы, выцягвалі з ложкаў падлеткаў, жанчын і старых. Больш за сто чалавек былі кінуты ў ізалятары, збіты і зняважаны толькі таму, што яны нарадзіліся ромамі.
Праз тры дні Следчы камітэт высветліў, што ніякай «Волгі» і ніякіх цыганоў не было — міліцыянт учыніў самагубства. Але сістэма нават не падумала афіцыйна папрасіць прабачэння перад абражанай і запалоханай абшчынай. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што хаця афіцэр учыніў самагубства, дзеянні міліцыі былі апраўданыя абставінамі.
Глядзіце таксама

Еўрапейскі вектар: Як гэта працуе, калі працуе закон
Ці магчыма інтэграцыя без гвалту і прымусовай савецкай асіміляцыі? Сусветны досвед паказвае, што так. Адзін з найбольш паспяховых — хоць і далёка не бездакорных — прыкладаў дае Іспанія.
Пасля падзення дыктатуры Франка іспанская дзяржава паступова адмовілася ад пераважна паліцэйскага і рэпрэсіўнага падыходу да ромскай супольнасці кале. Замест таго, каб заганяць людзей у калгасы ці штрафаваць за «дармаедства», яна інвеставала ў сацыяльнае жыллё, паступова разбурала ізаляваныя гета і стварала праграмы падтрымкі адукацыі, асабліва для ромскіх дзяўчат.
Гэта не азначае, што ўсе праблемы былі вырашаныя. Дыскрымінацыя і сацыяльная няроўнасць у адносінах да ромаў у Іспаніі існуюць і сёння. Але галоўнае адрозненне ў іншым: дзяржава больш не разглядае іх як «праблемны народ», які трэба перавыхаваць або зрабіць нябачным.
Больш за тое, Іспанія не спрабавала знішчыць ці схаваць ромскую ідэнтычнасць, а зрабіла яе часткай сваёй нацыянальнай культуры. Фламенка, што нарадзілася ў значнай ступені ў ромскім асяроддзі Андалусіі, сёння прызнана нематэрыяльнай спадчынай ЮНЕСКА і стала адной з галоўных культурных візітовак краіны.
Сёння іспанскі ром можа быць кавалём, музыкам, студэнтам, настаўнікам, прадпрымальнікам ці палітыкам. Не таму, што ў Іспаніі зніклі ўсе прадузятасці, а таму, што закон абараняе яго як грамадзяніна, а не вызначае яго лёс паводле паходжання. І менавіта ў гэтым — галоўная розніца паміж прававой дзяржавай і сістэмай, якая шукае «вінаватых» паводле этнічнай прыкметы.
Ад Міра да вольнай Беларусі
Магілёўскі пагром 16 траўня 2019 года быў не выпадковай памылкай АМАПа. Гэта быў заканамерны вынік сістэмы, якую дзесяцігоддзямі выбудоўваў лукашэнкаўскі рэжым. Калі праз год пасля яго нехта казаў мне: «Не могуць нашы міліцыянты так здзеквацца з суседзяў — мабыць, панавезлі расейцаў», я думаў: «Ой, хлопча, прапусціў ты Магілёўскі пагром!»
Таму размова пра ромаў — гэта не дабрачыннасць. Гэта экзамен на нашу будучую дзяржаўнасць. Свабодная Беларусь пачнецца не ў дзень, калі будзе звольнены апошні прызначэнец Лукашэнкі, а тады, калі беларускае грамадства перабудуе сваё жыццё на прынцыпова іншых каштоўнасцях.
Ад Міра да Магілёва — тры стагоддзі гістарычнага рэгрэсу. Радзівілы ў XVIII стагоддзі далі ромам караля і права. Лукашэнка пазбавіў іх правоў, выставіў супраць іх АМАП і навесіў ярлык «дармаеда».
Наша задача пасля перамогі — не шукаць у мінулым залаты век, а пабудаваць новую Беларусь, дзе права на павагу, прызнанне і абарону не залежыць ад паходжання, этнасу ці культурных асаблівасцяў. Дзе поліэтнічную нацыю аб'ядноўвае не страявы крок, а ўзаемнае ўзбагачэнне праз прызнанне разнастайнасці.
Беларускія ромы — не госці на нашай зямлі. Яны — нашы суайчыннікі са стагоддзямі супольнай гісторыі, якія разам з намі пакліканыя будаваць новую, вольную Беларусь.
неабыякавы гаджо Алег Нагорны