Безыменныя і забытыя. Як адбываўся генацыд цыганоў
У нас так часта гавораць пра вайну — але зацяганымі штампамі, клішэ, што штампуе прапаганда. Створаная Генпракуратурай справа «генацыду беларускага народа» толькі дадае ў агульную капілку міфаў пра мінулае, замоўчваючы тое, каго насамрэч знішчалі ў той страшнай вайне. І калі яшчэ пра габрэяў так-сяк гавораць, то вось пра цыганоў згадкі ўвогуле няма.
Людзям пастаянна трэба нагадваць пра падзеі мінуўшчыны, якія ў той ці іншай ступені вызначылі будучыню і той час, у якім мы цяпер жывем. Карысна ведаць, якім коштам нам дасталіся ўмоўныя свабода, правы чалавека, годнасць, спакойнае жыццё, дабрабыт і мірнае неба. Кажу «ўмоўныя» — таму што няма абсалютнага раю на Зямлі: усё яшчэ квітнеюць дыктатуры, ідуць войны, людзі пакутуюць у лагерах і турмах паміраюць ад бесчалавечнага абыходжання.
І таму тым больш трэба нагадваць пра тое, што было — каб яно не паўтарылася зноў. Калі доўга нагадваць, ёсць шанец, што людзі нарэшце пачуюць.
Беларуская дзяржава (а дакладней, лукашэнкаўская вертыкаль) прыдумала для сябе «справу гонару», якая — я ўпэўненая ў гэтым — дазваляе карным органам выглядаць ва ўласных вачах героямі. Справа гэтая называецца «генацыд беларускага народа». Далёкім ад гісторыі людзям, якія наогул не цікавяцца ні агульным мінулым, ні сваімі каранямі, усё можа падасца слушным. Ну а што? Вайна была? Была. Людзей вынішчалі? Вынішчалі. «Кожны трэці беларус загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны» — фраза, якая абавязкова ўсплыве ў думках кожнага, хто дасць сабе рады паразважаць над гэтым пытаннем. Раз так шмат людзей загінула, то ў Генпракуратуры маюць рацыю!
Мы жывем у часы гучных слоў. Цяпер часта можна сустрэць меркаванне, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй (бывае, нават і «падвойнай»); рэпрэсіі рэжыму супраць беларусаў таксама называюць генацыдам... дый увогуле, людзі кідаюцца словамі, асабліва не задумваючыся, як тым самым сціраюць памяць, нівелююць рэальныя з'явы і выразаюць з дыскурсу, нібы са старых фотакартак, рэальных ахвяр гэтых з'яў.
Генацыд у Беларусі быў. Толькі ва ўладаў дагэтуль духу не хапіла назваць сваімі імёнамі тых, хто ад яго пацярпеў — а вынішчалі тут (і не толькі тут) габрэяў і цыганоў. Толькі за тое, што яны былі габрэі і цыганы. Беларуса маглі расстраляць як партызана ці камуніста, інваліда, верніка ці гея — але ніколі за тое, што ён беларус. Габрэям і цыганам у гэтым сэнсе пашанцавала менш. І калі пра вынішчэнне першых вядома шмат, шмат даследавана, вывучана, напісана і расказана, то пра другіх ведаюць не так добра. А між тым, цыганы, як і габрэі, былі ахвярамі «расавых законаў» задоўга да Другой сусветнай вайны — і гэтаксама пакутавалі ад нянавісці, забабонаў і грэблівасці іншых.
Для нацысцкага рэйху гэтая гісторыя была не такой простай, як з габрэямі. Так, даволі лёгка было згуляць на цемрашальстве людзей, абудзіўшы іх самыя брыдкія інстынкты. Але абгрунтаваць, чаму цыганоў таксама трэба знішчаць, да канца так і не ўдалося, бо цыганы ў некаторым сэнсе больш за саміх немцаў маюць дачыненне да арыйскага паходжання і «чыстую кроў». Гэтая аказія выратавала жыцці некалькім дзясяткам тысяч заможных цыганскіх сем'яў знатнага паходжання, але іншым, на жаль, не дапамагла. Дакладная колькасць забітых нацыстамі цыганоў невядомая. Лічбы вагаюцца ад 200 тысяч да 1,5 мільёна чалавек, якія ў літаральным сэнсе сталі попелам.
У гэтай гісторыі трэба ведаць два імёны: Адольф Эйхман і Рудольф Хёс. Першы вядомы як «архітэктар Халакосту» — чалавек, адказны за дэпартацыю і «канчатковае вырашэнне габрэйскага пытання». Менавіта Эйхман займаўся лагістыкай збору, транспарціроўкі і размяшчэння цыганоў у лагерах смерці па ўсёй Еўропе. Дарэчы, калі вы яшчэ не чыталі кнігу пра гэтага персанажа, вельмі раю — знакамітым яго зрабіла Ханна Арэндт у сваёй «Банальнасці зла. Эйхман у Іерусаліме».
На судзе, з якога якраз і вяла рэпартаж Ханна Арэндт, абвінавачанне не даказала, што Эйхман вінаваты ў генацыдзе цыганоў — маўляў, не даказаны факт таго, што ён ведаў пра канчатковую мэту іх дэпартацыі. Таму ў гэтым пункце абвінавачвання прапісана толькі адказнасць за дэпартацыю. Але сам Эйхман прызнаваўся на дазнанні, што яму было вядома і пра знішчэнне:
«Ён цьмяна памятаў нейкі загад Гімлера, што ніякіх "дырэктываў" у дачыненні да цыганоў — такіх, якія былі адносна габрэяў, — не існавала, што ніякія даследаванні па "цыганскай праблеме" не праводзіліся <...> Яго аддзелу была даручаная дэпартацыя трыццаці тысяч цыганоў з тэрыторыі рэйха, ён не вельмі добра памятаў падрабязнасці, бо ў гэтую місію ніхто не ўмешваўся; але ён памятаў, што цыганоў, як і габрэяў, без усялякіх сумневаў, звозілі для далейшага знішчэння».
Другі, Рудольф Хёс, быў самым вядомым камендантам сістэмы канцэнтрацыйных лагераў і лагераў смерці Аўшвіц-Біркенаў. Туды была дэпартаваная асноўная маса цыганоў, і час іх знішчэння прыйшоўся акурат на перыяд кіравання Хёса. У сваіх успамінах, якія нацысцкі карнік напісаў у чаканні смяротнага пакарання ў Польшчы, ён згадвае, што менавіта цыганы былі яго ўлюбёнай катэгорыяй вязняў — таму што яны былі вельмі вольналюбівымі, звыклымі да розных абставінаў, не падалі духам і трымаліся як маглі:
«Калі гаварыць пра маральныя пакуты цыганоў, якія знаходзяцца ў цяжкіх лагерных умовах, то, наколькі я мог заўважыць, яны пераносілі іх даволі спакойна, хоць і былі пазбаўленыя звыклай для іх свабоды, а іх схільнасць да бадзяжніцтва была паралізаваная. Ведучы прымітыўны лад жыцця на свабодзе, яны былі звыклыя да цесных памяшканняў, дрэннай гігіены і, часткова, да беднага харчавання. Не ставіліся яны трагічна ні да хвароб, ні да частай смерці. У глыбіні сваёй яны заставаліся дзецьмі: былі легкадумнымі, ахвотна весяліліся нават падчас працы, да якой ніколі не ставіліся сур'ёзна; у самым дрэнным яны шукалі добрыя бакі і былі аптымістамі.
Я ніколі не бачыў у цыганоў панурага, поўнага нянавісці позірку. Калі мы прыходзілі да іх у лагер, яны выходзілі з баракаў, пачыналі граць на музычных інструментах, гаварылі дзецям, каб тыя танчылі і як заўсёды, паказвалі свае штучкі.
У цыганскім лагеры быў садок для дзяцей, дзе яны маглі гуляць колькі хацелі ў розныя цацкі. Калі з цыганамі размаўлялі, яны адказвалі на пытанні даверліва і свабодна, выказвалі ўсе свае пажаданні. У мяне заўсёды было ўражанне, што яны не разумелі да канца свайго сапраўднага становішча і таго, што яны знаходзіліся ў турме».
Цыганы былі любімымі вязнямі Хёса — але, разам з тым, менавіта яны прыносілі яму больш за ўсё праблем. Калі габрэі, пазбаўленыя волі і сіл для супраціву, паслухмяна ішлі ў газавыя камеры, то цыганы, як толькі ім стала зразумела, чый попел будуць выплёўваць трубы крэматорыя I у Аўшвіцы, адмовіліся ісці на смерць, і кіраўніцтву лагера давялося вельмі добра пастарацца, каб выканаць загад Генрыха Гімлера і знішчыць чатыры тысячы цыганоў, якія на той момант заставаліся ў жывых на тэрыторыі лагера.
Пазней, у траўні 1944 года, калі была спроба татальнай зачысткі цыганскага лагера ў Аўшвіцы, цыганскія мужчыны ўзброіліся лапатамі, жалезнымі трубамі і ўсім, з чым ім даводзілася мець справу, — і ахова СС адступіла. Тады быў прыдуманы іншы план: дзеяздольных цыганоў паразвозілі па іншых канцэнтрацыйных лагерах, а тых, хто ўжо не мог аказаць ніякага супраціву (а там былі хворыя, пажылыя мужчыны, жанчыны і дзеці), знішчылі.
Ліквідацыя адбывалася і іншымі шляхамі. Напрыклад, агульнавядомы факт, што яшчэ да пачатку вайны нацысты пачалі праводзіць стэрылізацыю сярод «нячыстых» — і першымі былі якраз цыганы. Тых, хто не меў сталага месца побыту і займаўся бадзяжніцтвам, асабліва не шкадавалі, і стэрылізацыя была толькі адным з шэрагу іншых спосабаў забойства. Прычым для таго, каб зразумець, наколькі жорстка і бесчалавечна ўсё адбывалася, трэба згадаць такую дэталь: ніхто насамрэч не збіраўся толькі абмяжоўваць нараджальнасць сярод цыганоў, таму гэта было наўмысным забойствам, замаскаваным пад стэрылізацыю — цыганскім жанчынам рабілі ўколы ў матку забруджанымі іголкамі, і тыя паміралі ў страшных пакутах ад запаленчых працэсаў і забруджвання крыві.
Над імі ставілі вопыты. Сумна вядомы карнік Аўшвіца Ёзэф Менгеле адбіраў для сваіх псеўданавуковых даследаванняў цыганоў маленькага росту і блізнюкоў, а таксама тых рэдкіх «шчасліўчыкаў», хто меў блакітныя вочы — такія былі для нацыстаў «анамаліяй», і для таго, каб даследаваць гэты феномен, чалавеку маглі іх проста выразаць.
Цыганоў марылі голадам, заражалі рознымі хваробамі, душылі ў газвагенах — і мала каму ўдалося выжыць у гэтай машыне смерці. Ледзь не кожная краіна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы мае сваю гісторыю генацыду гэтай нацыі. І ў нас яна яшчэ не прагучала. Але гэта не значыць, што яе не было. Ва Усходняй Еўропе цыганоў знішчалі айнзацгрупы. Людзей забівалі цэлымі сем'ямі, сотнямі і тысячамі — і яны, безыменныя, дагэтуль ляжаць забытымі ў лясах і ярах. А тых, каго вывезлі ў Аўшвіц, забілі ў газавых камерах.
Пра гэта трэба памятаць, пра гэта трэба гаварыць. Нічыё жыццё не павінна быць адабранае ні з якой прычыны. Не існуе «правільных» і «няправільных» людзей, няма больш вартых і менш вартых нацый, як і не можа быць «чыстай» і «бруднай» крыві. Не важна, які лад жыцця ты вядзеш і адкуль паходзяць твае продкі, беларус ты, паляк, габрэй ці цыган, камуніст, лукашыст, вернік, «сведка Іеговы», гей ці лесбійка. Мы ўсе народжаныя для таго, каб жыць. І адзінае, што ад нас патрабуецца, — пастарацца пражыць гэтае жыццё як мага больш годна і шчасліва, не ўступаючы ў новы віток самазнішчэння.