Футбол у канцлагеры. Мірная гульня ў зусім не мірны час
Нацысты спрабавалі імітаваць «нармальнасць» і арганізоўвалі ў канцэнтрацыйных лагерах футбольныя матчы, у якіх, бывала, удзельнічалі самыя сапраўдныя зоркі сусветнага спорту.
Да адкрыцця чэмпіянату Еўропы па футболе 2024 года Фонд мемарыяльных комплексаў «Бухенвальд» і «Мітэльбау-Дора» падрыхтаваў незвычайную выставу. На тэрыторыі былога канцэнтрацыйнага лагера ўстаноўлена 14 стэл, якія расказваюць пра зняволеных з ліку гульцоў і футбольных функцыянераў.
Час ад часу ахоўнікі Бухенвальда дазвалялі зняволеным гуляць у футбол на пляцоўцы для пераклічкі. Зрэшты, большасць вязняў, знясіленыя цяжкай працай і бедным харчаваннем, не маглі ўдзельнічаць у матчах. Імправізаванае поле з'явілася ў 1939 годзе на месцы знесеных баракаў. Першы паядынак прайшоў у красавіку таго ж года: камандзе зняволеных-габрэяў давялося спаборнічаць са зняволенымі-негабрэямі. Завяршыўся матч перамогай габрэяў, пісаў у мемуарах лекар Эдгар Радэн з Вены, які ў той час знаходзіўся ў зняволенні ў гэтым лагеры.
Футбол дазваляў зняволеным — як гульцам, там і гледачам, — на кароткі час сысці ад рэальнасці паўсядзённага жыцця ў лагеры і яе небяспекі. Паводле слоў былых вязняў, часам у Бухенвальдзе існавала да 12 футбольных каманд, піша «Deutsche Welle».
Але для ахоўнікаў з СС гульні з'яўляліся толькі сродкам захаваць бачнасць нармальнага жыцця і замаскіраваць злачынны характар канцлагера, падкрэслівае афіцыйны прадстаўнік фонду Рыкола-Гунар Лютгенаў (Rikola-Gunnar Lüttgenau). Невыпадкова футбольнае поле было адным з месцаў, якое ахова паказвала староннім наведвальнікам лагера.
Двухразовы ўладальнік Trophée de France трапіў у лагер праз жарт
Далёка не ўсім спартсменам удалося вярнуцца з-за кратаў. У лагерных сценах загінуў, у прыватнасці, былы гулец зборнай Францыі Эжэн Маэс. У 1908 і 1910 гадах ён разам з клубам «Патранаж Алье» выйграў спаборніцтва Trophée de France. З 1911 года Маэс гуляў за зборную Францыі і паказаў сябе добрым нападаючым, забіўшы 15 галоў у 11 міжнародных матчах. Але яго спартыўную кар'еру абарвала раненне ў Першую сусветную вайну.
Маэс пасяліўся ў горадзе Кан на паўночным захадзе Францыі і выступаў за мясцовы клуб. Сродкі да існавання яму забяспечвала рэклама школы плавання і танцавальнай залы, магчымая дзякуючы рэпутацыі Маэса як былога гульца нацыянальнай зборнай.
Француза загубіў жарт пра здольнасці нямецкіх салдат у плаванні. У 1943 годзе Маэс быў арыштаваны за «антыгерманскія выказванні» па даносе і сасланы ў Бухенвальд, а адтуль — у канцлагер Дора-Мітэльбаў. З канца сакавіка 1945 года ён лічыўся ў спісах зняволеных як зніклы без вестак. У Кане яго імя носяць вуліца і плавальны басейн.
Зорка футбола з Венгрыі
Не перажыў зняволенне і венгерскі футбаліст Хенрык Надлер, выхадзец з габрэйскай сям'і і сяміразовы чэмпіён Венгрыі ў складзе будапешцкага клуба МТК. Пасля таварыскага матча МТК з клубам «АС Страсбург» на Каляды 1923 года французская спартыўная газета «Le Sport Alsacien» назвала 22-гадовага паўабаронцу «першакласным акрабатам з мячом». «Маленькі, жылісты, непрыкметны, яго наогул немагчыма абвесці. Здавалася, ён зросся з самім мячом», — адзначала выданне.
Нацысты акупавалі Венгрыю ў 1944 годзе. Незразумела, калі і як менавіта Надлер трапіў да іх у лапы. Складальнікі экспазіцыі дапускаюць, што ўраджэнца Будапешта напрыканцы 1944-га адправілі ў канцлагер Ордруф у ваколіцах Готы ў Цюрынгіі. У лютым 1945 года СС дэпартавалі хворых і знясіленых вязняў у канцлагер Берген-Бельзен у паўночнай частцы Германіі, прычым імя Хенрыка Надлера было ў спісе. Калі менавіта ў гэтым лагеры загінула былая зорка футбола, дакладна невядома.
Спартыўны функцыянер і супрацоўнік Міністэрства юстыцыі
Інакш склаўся лёс ураджэнца Аўстра-Венгрыі Ёзэфа Геро. Футбол быў яго запалам з ранніх гадоў, у юнацтве Геры гуляў за заснаваны ім разам з аднакласнікамі клуб з венскага раёна Атакрынг. Зрэшты, даволі хутка высветлілася, што яго прызванне — не футбаліст, а чыноўнік.
Аншлюс — далучэнне Аўстрыі нацысцкай Германіяй — у 1938 годзе паклаў канец абодвум кар'ерам. Кіраўнік Венскага футбольнага саюза і начальнік аднаго з аддзелаў аўстрыйскага Міністэрства юстыцыі трапіў у поле зроку гестапа, паколькі сярод яго продкаў былі габрэі. Геро правёў 1938-1939 гады ў сценах канцлагера, але ў ліпені 1939-га выйшаў на волю і збег у Заграб.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Геро ўзначаліў Аўстрыйскі футбольны саюз, а ў 1954 годзе стаў віцэ-прэзідэнтам Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (UEFA). Аднак ён не закінуў юрыспрудэнцыю і напрыканцы 1940-х — пачатку 1950-х займаў пасаду міністра юстыцыі Аўстрыі. Папярэднік сучаснага турніру, Кубак Цэнтральнай Еўропы па футболе, у 1955-1960 гадах насіў імя Геро.
Трэнер футбалістаў з ліку СС
Выстава расказвае не толькі пра вязняў канцлагераў. Да прыкладу, Фрыдрых Фёрдэрэр — былы гулец зборнай Германіі, удзельнік летніх Алімпійскіх гульняў 1912 года. Пасля Першай сусветнай ён працаваў трэнерам у Гале і з 1939 года час ад часу трэніраваў футбольную каманду, сабраную з байцоў СС пры канцлагеры Бухенвальд, па дзве гадзіны на тыдзень. Удзел каманды СС у футбольным жыцці Цюрынгіі спрыяў нармалізацыі злачынстваў у канцлагерах у грамадскай свядомасці, лічыць Лютгенаў.
У 1942-м Фёрдэрэр уступіў у Нацыянал-сацыялістычную нямецкую рабочую партыю. Пасля вайны Веймар быў перададзены ў савецкую зону акупацыі Германіі і ўвайшоў у склад ГДР. Новыя ўлады не пярэчылі працягу працы Фёрдэрэра. Да смерці ў 1952 годзе ён працаваў у Веймары і трэніраваў футбалістаў мясцовага клуба.