Ці чалавек гэта?

Сёння свет ушаноўвае памяць ахвяр нацысцкіх канцлагераў. Расказваем пра аднаго з самых вядомых вязняў, дзякуючы якому Халакост стаў бачным — італьянца Прыма Леві.

Прыма Леві. Фота: wikipedia.org

Прыма Леві. Фота: wikipedia.org

Ёсць фундаментальныя пытанні, на якія немагчыма даць адказ — напрыклад, у чым сэнс жыцця? Нават пражыўшы дзевяць дзясяткаў гадоў, чалавек можа не знайсці для сябе адказу. Хаця некаторыя, як Віктар Франкл, лічылі, што ўсё залежыць ад умоў: пасадзі чалавека ў камеру смяротнікаў — і ён хутка знойдзе, для чаго яму трэба жыць.

Пытанні без адказаў называюцца рытарычнымі — маецца на ўвазе, што і не трэба шукаць на іх адказы, і так усім усё зразумела (або не зразумела нікому). Адно з такіх, найбольш частае, самае балючае і «безадказнае», задаюць людзі, якія трапляюць туды, дзе іх быць не павінна — у лапы катаў, гвалтаўнікоў, у турмы і лагеры. «За што?» — пытаюць яны і не знаходзяць адказу.

Іншае пытанне, страшнае, невыноснае, задаў свету італьянскі пісьменнік Прыма Леві — напэўна, самы вядомы вязень нацысцкіх канцлагераў, адзін з 20 італьянскіх габрэяў, якія выжылі ў Асвенцыме. «Ці чалавек гэта?» — пытае ён, расказваючы пра свае 11 месяцаў на мяжы жыцця і смерці. Чытаеш яго споведзь і не ведаеш, што адказаць. Калі знікае налёт чалавечнасці і людзі ператвараюцца ў машыны смерці, пра што гэта? Як не расчалавечыць ка́та, які расчалавечвае сваіх ахвяр?


Глядзіце таксама

Прыма Леві нарадзіўся не ў самы спрыяльны для сябе час не ў самай спрыяльнай краіне: калі будучаму пісьменніку было тры гады, да ўлады прыйшоў Мусаліні і Італія з галавой пагрузілася ў фашызм. У некаторым сэнсе пакаленні хлопцаў і дзяўчат, якія нарадзіліся, як Леві, на парозе гэтага часу, ніколі не ведалі «нармальнага» жыцця: яны прайшлі школу выжывання пры таталітарызме дучэ, а іх «альма-матэр» сталі канцлагеры, з якіх большасць так і не выйшлі.

Праз расавыя законы, уведзеныя фашыстамі ў 1938 годзе, Прыма Леві не змог скончыць вышэйшую адукацыю, але некалькі курсаў хімічнага факультэта, якія ён паспеў прайсці, у будучыні літаральна выратавалі яму жыццё. Хімікі, біёлагі, дактары былі важнымі спецыялістамі для іншых служкаў д'ябла — тых, што вырасціў Гітлер. Нацысцкая Германія стварыла самы вялікі ў свеце канвеер смерці і знішчала людзей рознымі спосабамі: масавымі расстрэламі, павешаннямі, згвалтаваннямі, бесчалавечнымі эксперыментамі, «маршамі смерці», у канцлагерах, газавых камерах, газвагенах і г. д. Хімічная лабараторыя Асвенцыма была часткай гэтага канвеера — часткай, якая парадаксальным чынам падарыла Прыма Леві другое жыццё.

Лагер быў гіганцкім біялагічным і сацыяльным эксперыментам, пісаў Леві. Перш за ўсё — эксперыментам па сціранні асобы, ператварэнні чалавека ў безаблічны прывід, без мінулага і будучыні, без жадання і патрэб, з адной толькі неабходнасцю — есці і спаць, дзеля якой часта безаблічныя прывіды апускаліся на самае дно лагернага існавання. 

«Той, хто забівае, — чалавек; той, хто здзяйсняе беззаконне, і той, хто трывае беззаконне, — чалавек; але нельга назваць чалавекам таго, хто, страціўшы ўсялякія арыенціры, дзеліць ложак з трупам. Той, хто чакае, калі памрэ яго сусед, каб забраць сабе яго хлебную чвэртачку, значна далей (часта і не па сваёй віне) ад "чалавека думаючага", чым першабытны пігмей або самы жорсткі садыст». 

Не нам, сытым і ў адноснай бяспецы, асуджаць людзей, якія радаваліся, што сёння ў газавую камеру адабралі іншых, а не іх. На гэта меў права толькі той, хто быў там, у тых абставінах, дзе штодня вялізныя печы выплёўвалі ў неба душы тысяч забітых. Але не было асуджэння ў кнігах Леві — ён глядзеў на лагер як на месца, дзе з чалавека робяць жывёлу, і падрабязна апісваў гэты працэс, нібы назіраючы за ім збоку. Больш за ўсё яго цікавіла не выжыванне абалонкі, а выжыванне душы, духу — як у нечалавечых абставінах людзі захоўвалі здольнасць цвяроза мысліць, заставацца сабою і не губляць годнасць. Можна было не мыцца, пісаў ён, усё адно вада была бруднай, з калюжын — але гэта быў штодзённы рытуал, адзін з тых нямногіх, што дазвалялі трымацца. Паўсядзённыя дробязі — такія, як звычайная насоўка, што засталася з дому, або фотакартка — дазвалялі трымацца. Разам з імі ў людзей забіралі апошняе — іх успаміны, памяць пра тое, што яны былі і кім яны былі. З такіх момантаў пачыналіся незваротныя працэсы знікнення асобы.


Глядзіце таксама

«Як наш голад не параўнальны з голадам чалавека, які прапусціў абед, так і нашы пакуты ад холаду нельга перадаць звычайнымі словамі. Мы зусім іншае маем на ўвазе, калі кажам "голад", "стомленасць", "страх", калі кажам "боль", кажам "зіма". Гэтыя словы — свабодныя, іх прыдумалі і ўжываюць свабодныя людзі, якія жывуць са сваімі радасцямі і пакутамі ва ўласных дамах. Калі б лагеры праіснавалі даўжэй, паўстаў бы новая, больш трапная мова, а цяпер нам не хапае яе, каб растлумачыць, як гэта — працаваць цэлы дзень на ветры пры мінусовай тэмпературы, калі на табе толькі кашуля, майткі, штаны з матэрыі і куртка, калі ты адчуваеш слабасць ва ўсім целе, пакутуеш ад голаду і пастаянна памятаеш пра непазбежнасць канца». 

Перад абліччам смерці мала каму ўдавалася захаваць годнасць. Парадаксальным чынам менавіта яна — непазбежная, нежаданая больш чым калі б там ні было, — станавілася выратавальным кругам. Як і Прыма Леві, так і многіх іншых, для каго важна было не толькі выжыць, але і захавацца, думка пра тое, што смерць можна прыняць самому, калі ўжо будзе зусім невыносна, трымала ў кроку ад калючага дроту, зараджанага электрычным токам. Пазбаўленыя ўсяго: радзімы, дому, сем'яў, рэчаў, уласных імёнаў і нават памяці, — яны захоўвалі ўнутры гэтую апошнюю магчымасць быць гаспадарамі ўласнага лёсу. І такая смерць у канцэнтрацыйных лагерах была вельмі частай.

«Дзіўна, але з той ці іншай прычыны мы ўвесь час лічым, што нам пашанцавала, і кожны раз якая-небудзь акалічнасць, хай нават нікчэмна малая, утрымлівае нас на мяжы адчаю і дазваляе жыць. Лье дождж, затое няма ветру. Ці лье дождж і дзьме вецер, але ты ведаеш, што ў бараку цябе чакае дадатковая порцыя супу, а раз так, то ты і сёння знаходзіш у сабе сілы цягнуць лямку да вечара. А то, бывае, і дождж лье, і вецер дзьме, і галодна, але ты думаеш: калі ўжо сапраўды стане невыносна, калі сапраўды не будзеш адчуваць нічога, акрамя пакут і тугі, а гэта павінна азначаць, што ты напраўду дасягнуў дна, тады ў цябе застаецца яшчэ адно выйсце — у любы момант ты можаш падысці да дроту пад токам і дакрануцца да яго або кінуцца пад колы цягніка, і тады дождж перастане».

Думка пра самагубства — адна з самых моцных і эмацыйна зараджаных, якія толькі могуць узнікаць у чалавека. Яны запамінаюцца больш за ўсё — моманты, у якія гэтыя думкі прыходзяць. І ты ўжо заўсёды памятаеш, што такая магчымасць ёсць. Прыма Леві, самы вядомы вязень канцлагеру, які выжыў там, дзе мільёны іншых зніклі бясследна, жыў з гэтым цяжарам, пакуль мог яго выносіць. 11 красавіка 1987 года ён скончыў жыццё самагубствам. 


Глядзіце таксама

Супадзенне гэта ці не, але гэты дзень, 11 красавіка, прызнаны ААН Міжнародным днём вызвалення вязняў нацысцкіх лагераў. За ім стаіць гісторыя аднаго з нямногіх паспяховых бунтаў у нямецкім канцлагеры Бухенвальд. Паўстанне паднялося за два дні да таго, як лагер вызвалілі амерыканцы, і дзякуючы таму, што вязні паспелі захапіць лагер, захаваліся многія дакументы, якія ляглі ў аснову абвінавачання на Нюрнбергскім працэсе. Бухенвальд, у адрозненне ад таго ж Асвенцыма, хоць і быў буйным, але не планаваўся як лагер смерці, хаця пасля машына знішчэння запрацавала і там. Ён функцыянаваў на тэрыторыі Германіі з 1937 года, і ў яго змяшчалі палітвязняў, гомасэксуалаў і вернікаў («сведкаў Іеговы»), а пазней — савецкіх ваеннапалонных і габрэяў. Усяго за гады існавання праз гэты лагер прайшлі каля 250 тысяч чалавек, былі забітыя прыкладна 56 тысяч вязняў.

Агулам за гады Другой сусветнай вайны нацыстамі было створана больш за 42 тысячы лагераў і гета (уключна з лагерамі смерці). Паводле некаторых даных, праз гэты канвеер смерці прайшлі каля 18 мільёнаў чалавек, больш за палову з іх былі знішчаныя.