ISW: Данецкая вобласць патрэбная Пуціну для працягу захопу Украіны

Ваенныя эксперты сумняюцца, што з анэксіяй Данецкай і Луганскай абласцей Уладзімір Пуц3ін спыніцца на фронце. Бо менавіта праз гэтую ўмацаваную тэрыторыю агрэсія Пуціна загразла ва Украіне. Тым часам еўрапейскія саюзнікі заявілі пра безумоўную далейшую падтрымку Украіны —незалежна ад пазіцыі ЗША. Ідуць 1264-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 160 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 10 жніўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 43 наступальных дзеянні расіян у раёнах Палтаўкі, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Сухога Яру, Зверава, Удалага і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 22 разы, спрабуючы прасунуцца паблізу Студні, Дубровы, Новага Свету, Карпаўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 20 атак паблізу Вольнага Поля, Маліеўкі, Тэміраўкі і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 16 баявых сутыкненняў. 

На Северскім і Тарэцкім кірунках зафіксавана па сем боесутыкненняў на кожным. Па шэсць атак на кожным адбылося на Прыдняпроўскім і Купянскім кірунках.

* * *

Сілы абароны Украіны другі дзень запар контратакуюць і маюць поспехі на Купянскім кірунку, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Паводле геалакацыйных кадраў, апублікаваных 8 жніўня, УСУ адбілі варожыя атакі і прасунуліся на паўднёвы захад ад Кандрашоўкі (на поўнач ад Купянска). У зводцы днём раней аналітыкі паведамілі, што ўкраінскае войска нядаўна прасунулася на паўднёвы захад ад Радкоўкі (таксама на поўнач ад Купянска).

У той жа час у ISW пішуць, што расійцы нядаўна прасунуліся на паўночны захад і поўнач ад Купянска, працягваючы спробы атачыць і захапіць горад.

Расійскі вайсковы блогер, як мяркуецца звязаны з Паўночнай групай войскаў Расіі, заявіў 9 жніўня, што ўкраінскія войскі ўвайшлі ў Курскую вобласць у раёне Новаканстанцінаўкі (на поўнач ад Сумаў) і што расійскія войскі адступілі са Стэпавага (на паўночны захад ад Сумаў) і Новаканстанцінаўкі. Расійскі вайсковы блогер заявіў, што расійскія войскі прасунуліся ў раёне Юнакоўкі (на паўночны ўсход ад Сумаў), але пацверджанняў гэтаму няма.

* * *

Расія ў ноч на 10 жніўня выпусціла па Украіне 100 дронаў розных тыпаў, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ ў Telegram. Сілы супрацьпаветранай абароны абясшкодзілі 70 дронаў розных тыпаў на поўначы і ўсходзе краіны.

Расійскія войскі атакавалі чыгуначную станцыю ў Сінельнікава Днепрапятроўскай вобласці, праз што рух цягнікоў часова прыпынены.

Расійскія дроны масіравана атакавалі Чугуеўскі раён Харкаўскай вобласці ў ноч на 10 жніўня. Узнікла пяць пажараў. Гарэлі дзіцячая дашкольная навучальная ўстанова, складскі будынак. Абышлося без ахвяр і пацярпелых.

У Кіеўскім раёне Харкава БПЛА трапіў у дах мэблевай крамы, пацярпелі 6 чалавек, сярод іх 17-гадовая дзяўчына.

У ноч на 10 жніўня невядомыя дроны атакавалі Саратаўскую вобласць РФ. Расійцы паскардзіліся на выбухі і пажар у абласным цэнтры ў раёне НПЗ.

* * *

529674196_1111230591190018_9057283116655545686_n.jpg

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што адміністрацыя Дональда Трампа пасля візіту Уіткафа ў Расію шэсць разоў па рознаму паведамляла пра вынікі гэтага візіту. Тым не менш, аналітыкі адзначаюць, што адзіны элемент пазіцыі Пуціна агульны для ўсіх паведамленняў, — гэта пастаяннае патрабаванне да Украіны вывесці войскі з неакупаваных тэрыторый Данецкай вобласці.

Саступка такому патрабаванню вымусіць Украіну адмовіцца ад свайго «пояса крэпасцяў», — галоўнага ўмацаванага абарончага поясу ў Данецкай вобласці з 2014 года, — без якіх-небудзь гарантый таго, што баі не адновяцца.

Украінскі пояс крэпасцяў блакаваў расійскі наступ у Данецкай вобласці ў 2014 і 2022 гадах і дагэтуль перашкаджае намаганням Расіі ў захопе падкантрольнай Украіне часткі Данецкай вобласці ў 2025 годзе.

Пояс крэпасцяў з'яўляецца сур'ёзнай перашкодай для цяперашняга шляху прасоўвання Расіі на Захад ва Украіне, і здача пакінутай часткі Данецкай вобласці ў якасці папярэдняй умовы спынення агню без якіх-небудзь абавязацельстваў па канчатковым мірным урэгуляванні створыць расійскім войскам надзвычай выгадныя ўмовы для аднаўлення наступу, пазбегнуўшы працяглай і кровапралітнай барацьбы за тэрыторыю, заяўляюць аналітыкі.

* * *

Крэмль напярэдадні сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з дыктатарам РФ Уладзімірам Пуціным успомніў пра прэтэнзіі на Аляску, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Памочнік Пуціна Юрый Ушакоў патлумачыў выбар Аляскі як месца перамоваў блізкасцю дзвюх краін праз Берынгаў праліў і агульнымі эканамічнымі інтарэсамі ў Арктыцы. Расійскі перагаворшчык Кірыл Дзмітрыеў таксама акцэнтаваў увагу на «гістарычных сувязях» Аляскі з Рускай Праваслаўнай Царквой і яе ваеннай і эканамічнай прысутнасцю на гэтай тэрыторыі.

Раней у Расіі неаднаразова гучалі заявы пра неабходнасць вяртання Аляскі Злучанымі Штатамі. Намеснік старшыні Рады Бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў у студзені 2024 году заявіў, што Расія можа чакаць «у любы дзень» вяртаньня Аляскі ў адказ на амерыканскія перасцярогі.

Вядомыя расійскія прапагандысты, сярод якіх Уладзімір Салаўёў і Вольга Скабеева, таксама неаднаразова ўздымалі гэтае пытанне ў эфірах.

Старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін у 2022 годзе заяўляў, што Расія выставіць прэтэнзіі на Аляску, калі ЗША замарозяць расійскія актывы за мяжой.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп павінен весці перамовы з Уладзімірам Пуціным толькі пры ўмове спынення агню альбо зніжэння інтэнсіўнасці баявых дзеянняў, гаворыцца ў сумеснай заяве лідараў краін ЕС і прэзідэнта Еўрапейскай камісіі.

У заяве падкрэсліваецца, што «змястоўныя перамовы могуць адбывацца толькі пры ўмове спынення агню або паслаблення інтэнсіўнасці баявых дзеянняў».

«Мы застаемся прыхільнымі прынцыпу, што міжнародныя межы нельга мяняць сілай. Бягучая лінія судакранання павінна стаць адпраўной кропкай перамоваў», — адзначаецца ў дакуменце. Лідары ЕС таксама заклікалі Трампа весці перамовы з Пуціным, абараняючы жыццёва важныя інтарэсы бяспекі Украіны і Еўропы.

Сумесную заяву падпісалі: прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, прэм'ер-міністр Італіі Джоржа Мэлані, канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стубб і прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

* * *

Украіна і прадстаўнікі еўрапейскіх краін прадставілі ЗША свой план, які павінен стаць асновай для будучых перамоваў з Расіяй аб завяршэнні вайны, піша The Wall Street Journal.

Прапанова была прадстаўлена ў суботу на сустрэчы на ўзроўні дарадцаў па нацыянальнай бяспецы. З амерыканскага боку ў ёй удзельнічалі віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Венс, дзяржсакратар Марка Рубіё і пасланцы Трампа Стыў Уіткаф і Кіт Келаг.

Прапанова Кіева і саюзнікаў прадугледжвае абавязковае спыненне агню перад любымі іншымі крокамі, а таксама любы «абмен тэрыторыямі» толькі на ўзаемнай аснове — гэта значыць, калі Украіна выведзе свае войскі з некаторых рэгіёнаў, Расія павінна вывесці свае з іншых, піша WSJ. «Нельга пачынаць працэс, саступаючы тэрыторыю ў разгары баявых дзеянняў», — заявіў адзін з суразмоўцаў выдання.

Дадаткова гэты план прадугледжвае, што любыя тэрытарыяльныя саступкі Кіева павінны быць падмацаваныя жалезнымі гарантыямі бяспекі — у прыватнасці, патэнцыйным сяброўствам Украіны ў NATO, гаворыцца ў матэрыяле.

Еўрапейскія прадстаўнікі заявілі амерыканскім чыноўнікам, што будучыня Украіны не можа абмяркоўвацца без Украіны і што Еўропа будзе працягваць прадастаўляць Украіне зброю і сродкі незалежна ад пазіцыі ЗША, паведаміла WSJ адзін з крыніц.