Валер Карбалевіч: Лукашэнка гатовы прадаваць палітвязняў, але не можа старгавацца з Еўропай

У афіцыйнага Мінска поле для манеўру на заходнім напрамку вельмі вузкае. ЕС, бліжэйшых суседзяў перш за ўсё хвалююць пытанні бяспекі. Але тут у беларускіх уладаў звязаныя рукі. Рэжым вельмі залежыць ад пазіцыі Масквы. І атрымліваецца, што гандаль пра лёс палітвязняў — адзінае поле для гульні з Захадам. А тут Брусэль не гатовы да пагаднення на ўмовах Мінска, піша палітычны аналітык Валер Карбалевіч на «Позірку».

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Кіраўнік вымушаны апраўдвацца

Мяркуючы па ўскосных прыкметах, у кіруючых вярхах Беларусі адбываюцца нейкія дыскусіі адносна лёсу палітвязняў. Магчыма, яны былі і раней, але толькі цяпер выйшлі ў публічную прастору. Аб рознагалоссях па пытанні палітычных вязняў быў вымушаны распавесці сам Аляксандр Лукашэнка.

Першы раз ён звярнуўся да гэтай тэмы месяц таму. 1 ліпеня, выступаючы на ўрачыстым сходзе да афіцыйнага Дня Незалежнасці, Лукашэнка нечакана разгарнуў палеміку са сваімі крытыкамі.

Сітуацыя для Беларусі незвычайная. Бо гэтыя крытыкі з'яўляюцца яго прыхільнікамі.

Але фокус у тым, што незадоўга да гэтага сходу ў Мінску пабываў спецпрадстаўнік ЗША Кіт Келаг, у выніку чаго былі вызваленыя 14 зняволеных, уключаючы Сяргея Ціханоўскага. Той вельмі шырока стаў прысутнічаць у інфармацыйнай прасторы, што выклікала вялікі рэзананс.

І Лукашэнку давялося апраўдвацца: «І калі вы (гэта галоўнае) ацэньваеце — Лукашэнка кагосьці адпусціў і гэтак далей, — першае, я заўсёды кажу, не спяшайцеся. Пройдзе час, ён расставіць усё на свае месцы. < ... > Былі і тыя, хто асуджаў: "Ну навошта бацька іх адпусціў, ну няхай бы яны здохлі там". < ... > Слухайце, а ў нас што, мэта, каб яны там здохлі? Не дай бог, вядома. Гэта ж абвінавацяць рэжым. Гэта перш за ўсё мяне абвінавацяць"».

Рэзюмаваў кіраўнік так: «Чаму перш чым разважаць пра нешта, асуджаць і гэтак далей, вы заўсёды задавайце пытанне: "Ну а якая мэта, для чаго, навошта?“ Калі б яны ўсе здохлі там, нам бы было вельмі цяжка, нас бы абвінавацілі, што гэта мы іх... таму тут палітыка».

Да гэтай тэмы ён зноў вярнуўся на нарадзе з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі 31 ліпеня: «Некаторыя ў нашым грамадстве пачалі не тое што асуджаць мяне. Але і крыкі там дзікія падняліся. < ... >Дык што, мы іх будзем?.. Гэта я адказваю тым, хто сёння такія патрыёты вялікія. Мы іх што, будзем тут карміць бясплатна, апранаць і іншае? < ... > Але гэта нятанна каштуе».

Глядзіце таксама

Хто незадаволены вызваленнем палітвязняў?

З гэтых сумбурных тырад можна зрабіць некалькі высноў. Перш за ўсё, у шэрагах прыхільнікаў Лукашэнкі ёсць незадаволеныя вызваленнем палітвязняў.

Можна меркаваць, што незадаволенасць выказваюць людзі, так ці інакш замяшаныя ў палітычных рэпрэсіях, перш за ўсё сілавікі.

Яны асцерагаюцца, што гаворка можа ісці аб змене палітычнага курсу, пераходу да палітыкі лібералізацыі. У такім выпадку ўдзельная вага рэпрэсіўных органаў у сістэме ўлады паменшыцца.

Больш за тое, яны могуць быць абвешчаныя вінаватымі ў «перагібах» падчас масавых рэпрэсій, у іх асяроддзі пачнуць шукаць казлоў адпушчэння.

Такое нярэдка здараецца ў аўтакратычных рэжымах. Напрыклад, у сталінскія часы, калі правадыр у 1938 годзе вырашыў паменшыць маштаб тэрору, быў арыштаваны і расстраляны наркам унутраных спраў Мікалай Яжоў. Тая ж доля спасцігла многіх супрацоўнікаў яго ведамства. Іх абвінавацілі ў перавышэнні ўлады, незаконных рэпрэсіях. Хоць яны добрасумленна выконвалі ўказанні Сталіна.

Відавочна, што Лукашэнка не можа не лічыцца з такімі настроямі. Бо сілавыя структуры — апора яго рэжыму. І ён спрабуе іх неяк супакоіць, растлумачыць, маўляў, не спяшайцеся асуджаць.

У дадатак кіраўнік ставіць пытанне: у чым сэнс утрымліваць за кратамі такую колькасць палітычных праціўнікаў?

Дагэтуль дзеяннямі ўладаў кіраваў інстынкт самазахавання. Маўляў, няма калі асабліва разбірацца, бі і хапай усіх, хто трапіўся пад руку.

Прайшло пяць гадоў, і настаў час асэнсавання. Задача прадухіліць новыя пратэсты на аглядную перспектыву вырашана. Прага помсты хоць бы часткова задаволеная. І ўзнікае тое самае банальнае пытанне: у чым сэнс, якая мэта?

Усе памілаванні і вызвалення палітвязняў прэс-служба Лукашэнкі і дзяржаўныя СМІ тлумачылі гуманізмам улады. Аднак сам уладар абверг гэтую версію. «Тут палітыка», — шматзначна канстатаваў ён.

І гэтая палітыка палягае ў намерах дамовіцца з Захадам. Гэта цяпер і не хаваецца.

Поле для манеўру вельмі вузкае

На той самай нарадзе з амбасадарамі ільвіная доля выступу Лукашэнкі была прысвечаная менавіта адносінам з Захадам. І сэнс паслання быў такі: мы ўсё робім правільна, не пойдзем ні на якія саступкі. Наадварот, саступаць будзе вымушаны Захад. Бо, са слоў Лукашэнкі, «стратэгія "дэмакратызацыі праз санкцыі" правалілася».

З гэтага выступу вынікала, што стаўку варта рабіць на прыход да ўлады ў краінах ЕС новых палітыкаў, раскол еўрапейскіх дзяржаў па беларускім пытанні, працу з тамтэйшымі бізнесменамі, СМІ і аналітычнымі цэнтрамі. Акрамя таго, «вяртанне Трампа адкрыла акно магчымасцяў».

Але тут для беларускіх уладаў ёсць вялікая праблема. У афіцыйнага Мінска поле для манеўру на заходнім напрамку вельмі вузкае.

ЕС, найбліжэйшых суседзяў перш за ўсё хвалююць пытанні бяспекі: расейская ядзерная зброя на беларускай тэрыторыі, планы размясціць тут жа ракетны комплекс «Ляшчына», вайсковыя вучэнні «Захад-2025», іншыя моманты ваеннай прысутнасці Крамля ў Беларусі і інш.

Але тут у Мінска звязаныя рукі. Ён вельмі залежыць ад пазіцыі Масквы. Таму ніякіх магчымасцяў для кампрамісу з Захадам у гэтых пытаннях у кіраўніцтва Беларусі няма.

Мяркуючы з усяго, і ў выпадку мігранцкіх нападаў на суседзяў беларускія ўлады не зусім вольныя, яны вымушаныя ўзгадняць гэтую тэму з Расіяй.

Што застаецца? Правільна, палітвязні. У пытанні палітычных рэпрэсій Масква ніяк не кантралюе Лукашэнку, тут ён вольны рабіць што хоча. Гэта адзінае поле для гульні з Захадам, іншых няма.

Гвалтоўная дэпартацыя іншадумцаў абвешчаная афіцыйнай палітыкай

Адзначым і такую дэталь. У выступе перад дыпламатамі Лукашэнка падкрэсліў, што не вядзе ніякага «гандлю людзьмі»: «Я катэгарычна быў супраць, як яны кажуць — абмен. Гэта мяне амерыканцы навучылі. На перамовах яны прама пра гэта гаварылі. Я кажу: "Хлопцы, гэта вы мяне да гэтага падштурхнулі. Хочаце — забірайце. Што наўзамен?"— "Мы падумаем". — "Ідзіце думайце"».

Гэта значыць гандлю людзьмі «не», але, калі ЗША хочуць, то «так». Ва ўсім вінаватыя падступныя амерыканцы, яны спакусілі беззаганнага Лукашэнку.

Нарэшце, важна звярнуць увагу на тое, што ён адкрытым тэкстам абвясціў пра такі від палітычных рэпрэсій, як гвалтоўная дэпартацыя беларускіх грамадзян за мяжу.

Не тое каб гэта была вялікая навіна. Улады практыкавалі такія дзеянні яшчэ ў 2020 годзе. Але цяпер гэта ўзводзіцца ў правіла, у прынцып, у абавязковую ўмову вызвалення.

На той жа нарадзе з пасламі Лукашэнка заявіў: «Калі мы кагосьці вызваляем, умова адна, хто б мяне пра гэта ні прасіў (у асноўным амерыканцы): хочаце — калі ласка, забірайце, вывозіце».

Цяпер перад нелаяльнымі рэжыму грамадзянамі паўстае нялёгкі выбар: турма або эміграцыя. Зрэшты, як паказала вызваленне Ціханоўскага з групай вязняў, іх могуць і не пытацца — проста вывозяць з турмы з мяшкамі на галаве.

Такім чынам, гаворка ідзе не пра спыненне рэпрэсій, а пра іх перайначванне.

Яшчэ адзін момант. Каб палітвязні сталі таварам, яго павінны прызнаць такім контрагенты па здзелцы. Гэта значыць заходнія гульцы. Але з гэтым ёсць праблемы.

У прыватнасці, ЕС не хоча ўступаць у гандаль з Мінскам па пытанні палітвязняў.

Брусэль лічыць вызваленне палітвязняў за папярэднюю ўмову для пачатку перамоваў. А Мінск, наадварот, ацэньвае іх як галоўны тавар для абмену на зняцце санкцый падчас перамоваў. Бо калі спачатку вызваліць зняволеных, то рэжым пазбаўляецца адзінай казырнай карты ў гульні. Тут пакуль поўная нестыкоўка попыту і прапановы.