Германія знайшла альтэрнатыву амерыканскім ракетам Tomahawk — ва Украіне

Пасля таго, як Трамп адмовіўся даць Германіі Tomahawk, нямецкая кампанія Diehl Defence заявіла, што разглядае магчымасць запуску вытворчасці ў Германіі ўкраінскай крылатай ракеты «Фламінга». Тым часам Украіна просіць дапамогі ў Еўропе наконт тых жа дальнабойных сістэм. Магчыма, кааперацыя з Германіяй прывядзе да таго, што Украіна атрымае і грошы, і ракеты. Ідуць 1570-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

mrmemfkg.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 241 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 штурмаў расіян ў раёнах Зацішак, Мураўкі, Грышына, Котліна, Удачнага і ў бок Новага Данбасу, Біліцкага, Шаўчэнка, Дарожнага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Рыбнага, Мірнага і ў бок Уздвіжаўкі, Гуляйпольскага, Чароўнага, Стараукраінкі, Верхняй Тэрсы.

На Ліманскім кірунку расіяне  17 разоў спрабавалі уклініцца ў абарону УСУ ў раёне Навасёлаўкі і ў бок Дробышава, Азёрнага, Лімана, Шыйкаўкі, Сцепавога.

На Славянскім і Канстанцінаўскім кірунках расійцы штурмавалі па 11 разоў на кожным. На Паўднёва-Слабажанскім кірунку зафіксавана дзевяць боесутыкненняў.

* * *

У ноч на 12 чэрвеня Расія атакавала Украіну 117 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у т.л. рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 102 БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дроны іншых тыпаў.

У выніку масіраванага расійскага абстрэлу Шосткінскай грамады Сумскай вобласці ў ноч на 12 чэрвеня загінула жанчына, яшчэ адна атрымала раненні. Загінулая і параненая — супрацоўніцы чыгуначнай станцыі. Пазней старшыня праўлення «Укрзалізниці» Аляксандр Пярцоўскі паведаміў, што расіяне наносілі ўдары па чыгуначнай інфраструктуры Сумской вобласці: станцыях, вакзалах, пастах электрычнай сігналізацыі, падстанцыях.

У ноч на 12 чэрвеня ў выніку атакі расійскіх ударных беспілотнікаў у Мікалаеве атрымалі раненні трое грамадзянскіх асоб. Пашкоджаны прыватныя дамы і аўтамабілі.

У ноч на 12 чэрвеня часова акупаваны Крым і рэгіёны Расіі падвергліся атацы ўдарных беспілотнікаў. У часова акупаваным Сімферопалі пасля масіраванай атакі БПЛА ўспыхнуў пажар у раёне мясцовай ЦЭЦ. У горадзе зафіксаваны перабоі з электразабеспячэннем.

Пад удар беспілотнікаў трапіла прамысловая зона горада Тальяці Самарскай вобласці РФ. Там узніклі пажары на тэрыторыі завода «Тальяцікаўчук».

Таксама ноччу беспілотнікі атакавалі прадпрыемства «Ніжнякамскнафтахім» у Рэспубліцы Татарстан.

* * * 

722637173_1357549939891414_8639608279000755000_n.jfif

* * *

Украіна імкнецца атрымаць ад саюзнікаў дадатковыя 20 мільярдаў долараў для замацавання часовай перавагі на полі бою і ўзмацнення ўдараў па аб’ектах на тэрыторыі РФ, піша Politico.

Паводле даных выдання, запыт на 20 мільярдаў долараў будзе агучаны 18 чэрвеня на наступным пасяджэнні Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны ў фармаце «Рамштайн». «Усе бачаць, што Расія гарыць, і мы хочам, каб яна гарэла яшчэ мацней, але для гэтага нам патрэбна фінансаванне», – адзначыў украінскі чыноўнік.

Па словах крыніц, гэтае пытанне ўжо ўздымаў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў і іншыя ўрадавыя чыноўнікі падчас серыі сустрэч з прадстаўнікамі Нарвегіі, Швецыі, Германіі і Канады. Для збору неабходнай сумы Украіна будзе прасіць у кожнага з партнёраў ад 2 да 6 мільярдаў долараў у выглядзе фінансавай дапамогі або крэдыту.

Пытанне падтрымкі Украіны таксама стане ключавым на ліпеньскім саміце лідараў НАТА ў Анкары, дзе на палях будзе прысутнічаць прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

«Акно магчымасцей мае ўласцівасць зачыняцца. Расія дзейнічае хутка і ўкараняе інавацыі. І калі мы дадзім ёй час на чарговую адаптацыю, то можам страціць адзіны сапраўдны шанец скончыць гэтую вайну шляхам рэальных перамоў. А калі Расія створыць уласныя ўдарныя дроны сярэдняга радыуса дзеяння, гэта стане для нас катастрофай», – папярэдзіў высокапастаўлены чыноўнік.

* * *

Перагаворны працэс паміж Украінай, ЗША і Расіяй фактычна прыпынены, і ў гэтым ёсць нейкія пазітыўныя моманты, заявіў былы спецпасланнік прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг у каментарыі «Суспільному».

Па словах Келага, Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер, якія ўдзельнічаюць у перамовах па Іране, таксама задзейнічаны ў дыялогу паміж Украінай і Расіяй, таму адначасова весці абодва кірункі ім складана. «Так што добра, што яны зараз працуюць з Іранам, і я думаю, што працэс перамоў фактычна прыпынены. Гэта нядрэнна. Гэта сапраўды добра», — адзначыў Келаг.

Ён дадаў, што фокус ЗША на іншых кірунках фактычна пакідае Украіну ў сітуацыі, дзе яна працягвае самастойна весці барацьбу супраць Расіі, пры гэтым, па яго ацэнцы, робіць гэта эфектыўна.

Адказваючы на пытанні аб санкцыйнай палітыцы, Келаг заявіў, што санкцыйны пакет ЗША супраць Расіі «яшчэ не завершаны». Ён не пацвердзіў аслабленне абмежаванняў і адзначыў, што ціск з боку Вашынгтона захоўваецца.

* * *

Камітэт па ўзброеных сілах Сената ЗША ўхваліў выдаткаванне 750 мільёнаў долараў на дапамогу Украіне, піша Reuters.

«Камітэт, які складаецца з рэспубліканцаў, заявіў, што завяршыў сваю версію NDAA штогадовага законапраекта аб палітыцы Пентагона, які ўключае 750 мільёнаў долараў на Ініцыятыву садзейнічання бяспецы Украіны, што фінансуе амерыканскія кампаніі за зброю для ўкраінскіх узброеных сіл», — гаворыцца ў паведамленні.

Законапраект таксама забараняе выкарыстанне любых сродкаў для прызнання суверэнітэту Расіі над украінскімі тэрыторыямі і абавязвае амерыканскія структуры надаваць Кіеву разведвальную падтрымку для абароны і вяртання гэтых тэрыторый.

Аднак законапраект пасля ўхвалення ў камітэтах павінен прайсці галасаванне ў абедзвюх палатах Кангрэса, затым — узгадненне паміж імі, і толькі пасля гэтага патрапіць на подпіс або вета прэзідэнта ЗША.

* * *

Нямецкая кампанія Diehl Defence разглядае магчымасць запуску вытворчасці ўкраінскай крылатай ракеты «Фламінга» ў Германіі, піша Financial Times.

Генеральны дырэктар кампаніі Гельмут Раўх заявіў, што ў бліжэйшыя тыдні правядзе перамовы з Fire Point для абмеркавання варыянтаў партнёрства. Па яго словах, кіраўніцтва Diehl настроена ў адносінах да гэтага праекта вельмі аптымістычна.

«Я думаю, што гэта цалкам рэальна. Калі мы ствараем новы прадукт, то ёсць вялікі сэнс разгарнуць яго вытворчасць таксама ў Германіі або іншых краінах», — адзначыў Раўх.

Гэтая ідэя з’явілася на фоне таго, як Берлін пачаў тэрмінова шукаць замену амерыканскім ракетам Tomahawk. ЗША павінны былі разгарнуць гэтую зброю ў Германіі разам са сваім батальёнам ужо ў гэтым годзе, але прэзідэнт Дональд Трамп адмяніў гэтае рашэнне з-за спрэчак з канцлерам Фрыдрыхам Мерцам адносна вайны ў Іране.

Цяпер краіны Еўрасаюза актыўна шукаюць спосабы атрымаць дальнабойную зброю. Яна патрэбна еўрапейскім дзяржавам для паражэння мэтаў у глыбокім тыле Расіі.