Дэпутаты Дзярждумы РФ патрабуюць ад Пуціна прадставіць план спынення вайны ва Украіне
Пуціна папярэджваюць пра магчымы сацыяльны выбух у Расіі у выпадку працягу вайны. Між тым, расійскія ваенныя ўжо імкнуцца пакінуць акупаваны Крым. А Украіна працягвае атакаваць расійскія заводы і нафтабазы. Ідуць 1572-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 229 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 чэрвеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 39 штурмаў расіян у раёнах Радзінскага, Шаўчэнка, Новападгароднага, Пакроўску, Грышына, Котліна, Удачнага, Новапаўлаўкі і ў бок Біліцкага, Дарожнага, Ганнаўкі, Новага Шахава і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 32 атакі ў раёнах Рыбнага, Аленаканстанцінаўкі, Гуляйпольскага, Тэрнаватага, Залізнічнага, Верхняй Тэрсы, Чароўнае і іншых.
На Ліманскім кірунку армія РФ 17 разоў спрабавала уклініцца ў абарону Украіны ў раёнах Новага Міру, Дробышава, Ліману, Дзіброва, Торскага, Азёрнага і іншых.
На Славянскім і на Канстанцінаўскім кірунках расійцы штурмавалі па 14 разоў на кожным.
* * *
Расія рыхтуецца вывезці камандаванне Чарнаморскага флоту з Севастопаля — афіцэры ўжо перасяляюць сем'і ў Наварасійск, не чакаючы афіцыйнага загаду, піша ўкраінскі партызанскі рух «Атэш».
Крыніцы руху «Атэш» у Чарнаморскім флоце РФ паведамляюць: камандаванне разглядае планы па пераносе рэшткаў органаў кіравання з акупаванага Севастопаля ў Наварасійск. Частка афіцэраў ужо дзейнічае самастойна — пераводзіць сем'і, пазбаўляецца ад маёмасці, якую не атрымаецца забраць, і ўладкоўваецца на новым месцы.
Па даных «Атэш», унутры кіраўніцтва флоту РФ настроі падаўленыя. Некаторыя разумеюць, што адбываецца на паўвостраве, і не збіраюцца марудзіць. У «Атэш» адзначаюць, што перанос штабных структур — прамы вынік пастаянных удараў па інфраструктуры флоту ў Крыме.
«Утрыманне штабных структур на паўвостраве становіцца для акупантаў усё больш дарагім і рызыкоўным рашэннем. Гледзячы па тым, як развіваецца сітуацыя, бліжэйшыя месяцы могуць стаць для акупацыйных сіл у Крыме самымі цяжкімі за ўвесь час з пачатку вайны», — пішуць у руху.
* * *
У ноч на 14 чэрвеня Расія атакавала Украіну 98 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 91 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.
Расіяне пад раніцу 14 чэрвеня здзейснілі чарговую атаку на Мікалаеў, паведаміў у Telegram начальнік Мікалаеўскай АВА Віталь Кім. «Пад атакай "Шахедаў" была транспартная і энергетычная інфраструктура. Па стане на зараз без пацярпелых», — напісаў ён.
У ноч на 14 чэрвеня беспілотнікі нанеслі ўдары па тэрыторыі Расіі, у Навамаскоўску Тульскай вобласці на хімзаводзе «Азот» успыхнуў пажар.
Беспілотнікі ноччу 14 чэрвеня паразілі нафтабазу «Спецторг Плюс» у Рыбінску, размешчаную побач з Яраслаўскім НПЗ. З-за абстрэлу нафтабазы быў перакрыты выезд з Яраслаўля ў бок Масквы. Нафтабаза «Спецторг Плюс» утрымлівае рэзервуары на больш за 300 тысяч кубаметраў.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на наступным тыдні прыме ўдзел у саміце G7 разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Аднак асобнай двухбаковай сустрэчы ў планах няма, пішуць The Guardian і Bloomberg.
Па словах чыноўніка Белага дома, лідар ЗША сустрэнецца з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, а таксама лідарамі Катара, ААЭ, Егіпта і Індыі. Асобная сустрэча з прэзідэнтам Зяленскім не запланавана. Гэтую інфармацыю пацвярджаюць крыніцы абодвух выданняў.
Саміт G7 будзе праходзіць з 15 па 17 чэрвеня ў Эвіяне. Акрамя ўдзелу ў рабочай сесіі «Вялікай сямёркі», у Трампа запланаваны шэраг двухбаковых сустрэч.
* * *
Брытанскі прэм’ер-міністр Кір Стармер заявіў, што аддаў загад Узброеным сілам перахапіць нафтавы танкер «ценявога флоту», які спрабаваў прайсці праз Ла-Манш. Стармер заявіў, што гэтая аперацыя стала чарговым ударам па Расіі за яе вайну супраць Украіны.
«Гэтая паспяховая аперацыя наносіць чарговы ўдар па Расіі і нагадвае тым, хто падсілкоўвае вайну Пуціна ва Украіне, што мы не дазволім ім схавацца. Я хачу падзякаваць усім, хто ўдзельнічаў у гэтай аперацыі, у прыватнасці нашым Узброеным сілам і праваахоўнікам, якія забяспечваюць бяспеку гэтай краіны 24 гадзіны ў суткі, 365 дзён у годзе», — напісаў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ў Х.
У сакавіку Стармер падпісаў рашэнне пра тое, што Узброеныя сілы і праваахоўныя органы Вялікабрытаніі могуць перахопліваць судны, якія трапілі пад санкцыі Вялікабрытаніі і праходзяць транзітам праз брытанскія воды.
* * *
Уладзімір Пуцін сутыкнуўся з рэдкім публічным патрабаваннем прадставіць план спынення вайны ва Украіне. У публічным выступленні ў Дзяржаўнай Думе Расіі адзін з дэпутатаў-камуністаў заявіў, што краіна стаіць на мяжы сацыяльнага выбуху, піша The Telegraph.
З заявай выступіў Вячаслаў Мархаеў, дэпутат Дзярждумы ад Камуністычнай партыі. У сваім выступленні ён пералічыў карупцыйныя скандалы, алігархію, страты «найбольш актыўнага і рэпрадуктыўна здольнага сегмента насельніцтва» і ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў. «Час ілюзій скончыўся. Краіна стаіць на мяжы сацыяльнага выбуху, і віна за гэта цалкам ляжа на ўкаранёную кіруючую ўладу», — сказаў Мархаеў.
«Калі сітуацыя захаваецца, сацыяльныя беспарадкі і хаос стануць больш верагоднымі. Захад непазбежна выкарыстае гэта, каб знішчыць рэшткі расійскай дзяржаўнасці», — заявіў ён.
У канцы мінулага месяца дэпутат Дзярждумы ад той жа партыі Рэнат Сулейманаў заклікаў да «хутчэйшага спынення» вайны, заявіўшы, што эканоміка не зможа вытрымаць яе працягненне.
Дзяржаўны Цэнтр вывучэння грамадскай думкі РФ на гэтым тыдні спыніў публікацыю «адкрытага» рэйтынгу даверу да Пуціна — ён упаў да самага нізкага ўзроўню з пачатку поўнамаштабнай вайны. У пачатку красавіка толькі 29,5% расіян назвалі свайго прэзідэнта сярод палітыкаў, якім яны давяраюць. Пасля гэтага публікацыю апытання «таямнічым чынам» спынілі.
* * *
Ваенныя Літвы, Польшчы і Францыі з 16 па 26 чэрвеня правядуць сумесныя вучэнні «Галантны вепр 2026» (Gallant Boar 2026) паблізу Сувалкскага калідора, піша LRT.
З літоўскага боку да вучэнняў прыцягнуты салдаты драгунскага батальёна Вялікага князя Літоўскага Бутыгейдзіса з пяхотнай брыгады «Жемайція». Яны будуць трэніравацца разам з падраздзяленнямі ўзброеных сіл Польшчы і Францыі.
Па інфармацыі літоўскіх ваенных, у рамках манеўраў саюзнікі будуць праводзіць сумесныя ваенныя аперацыі і ўмацоўваць аператыўную сумяшчальнасць. Асобны блок вучэнняў будзе прысвечаны адпрацоўцы навыкаў, неабходных для забеспячэння хуткай і эфектыўнай абароны Сувалкскага калідора.
Politico ў свой час называла Сувалкскі калідор адной з першых мэтаў Расіі ў выпадку прамога сутыкнення з НАТА — менавіта праз яго Балтыя злучана з астатнім Альянсам.