Хітры план ці каласальнае глупства? Навошта Лукашэнка «засвяціў» сховішчы ядзернай зброі
Галоўная падзея ў Беларусі за гэты тыдзень — безумоўна, ядзерныя вучэнні, праведзеныя Расіяй сумесна з Беларуссю і на тэрыторыі Беларусі таксама. Ужо многія аналітыкі разгледзелі іх з розных бакоў і прыйшлі да высновы, што для нас гэта — вельмі небяспечнае мерапрыемства. Настолькі небяспечнае, што трэба не мець мазгоў, каб яго праводзіць у тым фармаце, у якім яно прайшло. Асабліва ў Беларусі. Асабліва ў сучасных умовах.

Фота з vesti.ru
Пачнем з таго, што гэтыя вучэнні так і не далі пэўнага адказу на пытанне, ці ёсць у Беларусі рэальная ядзерная зброя. З аднаго боку, яна ўжо даўно павінна прысутнічаць на нашай тэрыторыі. З другога — расійскае Мінабароны паведаміла, што «ў межах вучэнняў ядзерных сіл забяспечана дастаўка ядзерных боепрыпасаў у палявыя пункты захоўвання пазіцыйнага раёна ракетнай брыгады ў Рэспубліцы Беларусь. Асабовым складам ракетнага злучэння Рэспублікі Беларусь выконваюцца… падрыхтоўка іх да прымянення на ракетах-носьбітах і схаванае вылучэнне ў прызначаны раён для падрыхтоўкі да правядзення пускаў».
Калі б у нас ужо была ЯЗ, навошта было б валачыць гэтыя зарады з Расіі? Чаму не была праведзена трэніроўка разгортвання таго, што ёсць у Беларусі? Можа быць таму, што ў Беларусі нічога няма?
Па-другое, як патлумачыў БелТА ваенны аналітык Аляксандр Алесін, магчыма, ніякіх ядзерных зарадаў нікуды не дастаўлялі. На вучэннях «прымяняюцца не рэальныя баявыя часткі, а макеты, якія адпавядаюць ім сваёй вагой і габарытамі», адзначыў эксперт.
Па-трэцяе, калі на трэніроўку баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння прыбыў Аляксандр Лукашэнка, яму распавялі пра парадак працы пры падрыхтоўцы і нанясенні ядзернага ўдару, а потым прадэманстравалі нанясенне ўмоўнага ракетнага ядзернага ўдару — «электроннага пуску».
Камандзір ракетнай брыгады Аляксандр Краўцоў распавёў журналістам, што электронны пуск ад баявога фактычна нічым не адрозніваецца. «Адрозненне толькі ў тым, што выраб не сыходзіць з накіроўвальнай пускавой устаноўкі. Увесь цыкл і ўсе рэжымы адпрацаваны ў поўным аб'ёме ўсімі разлікамі. Баявы і навучальны цыклы праходзяць цалкам аднолькава. У дадзеным выпадку пуск адбыўся штатна. Кіраўніку дзяржавы было ўсё даложана, паказана», — сказаў ён.
Насамрэч, многія сумняваюцца ў тым, што ядзерны зарад можа сысці менавіта з «накіроўвальнай пускавой устаноўкі». Паколькі ёсць меркаванне, што «ядзерка» Расіі даўно «пратухла», не атрымліваючы паўнавартаснай прафілактыкі, і менавіта таму большасць навучальных пускаў міжкантынентальных ракет у РФ — правальныя.
То-бок, мы да гэтага часу сумняваемся ў галоўным пытанні — прывезла Расія ў РБ рэальную «ядзерку» ці макеты?
Але пры ўсім пры гэтым вучэнні праходзілі ва ўмовах даволі вялікай для Беларусі актыўнасці ў небе. Напрыклад, МЗС Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса і заявіла яму «рашучы пратэст» у сувязі з «чарговым» парушэннем беларускай паветранай прасторы беспілотнікам з тэрыторыі Літвы.
Паводле сцвярджэння прэс-сакратара МЗС Беларусі Руслана Варанкова, 17 траўня ўкраінскі беспілотнік «Чайка», які накіроўваўся на тэрыторыю Расіі для нанясення удараў, быў выяўлены паблізу вёскі Станіслаўцы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Беларусь абвінаваціла Літву ў тым, што тая не прыняла мер па недапушчэнні пралёту баявога дрона праз сваю тэрыторыю і не апавясціла своечасова беларускія Узброеныя сілы.
18 траўня самалёт Масква-Гомель не змог прызямліцца ў гомельскім аэрапорце праз дронавую небяспеку — такое адбылося ўпершыню ў гісторыі гомельскага аэрапорта.
21 траўня ў небе над Рэчыцай быў заўважаны беспілотнік самалётнага тыпу. Прыналежнасць і мадэль беспілотніка невядомыя, але праз некаторы час за дронам прайшоў верталёт.
Адзначым, што «беспілотнікі самалётнага тыпу» сапраўды характэрныя для Украіны, але пры гэтым не ўсе з іх з'яўляюцца ўдарнымі дронамі. Цалкам магчыма, што гэта была і разведка. Вядома, усім цікава — і мы таксама не выключэнне — дзе знаходзяцца ў РБ склады з той самай «ядзеркай». Раней мы з вялікай імавернасцю меркавалі, што ў Асіповіцкім раёне. Цяпер, напэўна, «дронаводы» дакладна ведаюць, дзе РБ хаваецца расійская ЯЗ, калі яна ўсё ж ёсць.
І што сумна — гэта тое, што ёсць у нас расійская ядзерная зброя ці яе няма, але пункты яе верагоднага размяшчэння з'яўляюцца, як кажуць вайскоўцы, «пунктам першага ўдару» — нароўні з РЛС «Волга» пад Ганцавічамі і вузлом сувязі ў Вілейцы (чаму — мы тлумачылі даўно). Вось толькі для РЛС дастаткова было ўдараў канвенцыйнай зброяй, а пункты размяшчэння «ядзеркі» будуць сціраць з твару зямлі гарантавана — то-бок, таксама «ядзеркай». І ў выніку мінулых вучэнняў мы якраз і «засвяцілі» верагодныя месцы размяшчэння ЯЗ.
Цяпер ёсць два варыянты. Першы — пакінуць усё, як ёсць, і спадзявацца, што ў выпадку канфлікту «не нашу нашу» ядзерную зброю выкрадуць у стылі Мадура, а не даўбануць туды ракетай на сотні кілатон. Другі варыянт — дэманстратыўна вывезці адтуль зброю альбо назад у Расію, альбо перамясціць яе ў іншае таемнае месца. Але перамяшчаць у іншае месца ЯЗ — гэта не канапу перавезці. Для такой зброі патрэбныя спецыяльныя ўмовы і абсталяваныя сховішчы, не кажучы ўжо пра спецтранспарт…
Таму падобныя вучэнні пад прыцэлам разведвальных дронаў — вялікае глупства. Калі толькі Лукашэнка не зразумеў сваёй памылкі наконт размяшчэння ЯЗ у РБ і не дамовіўся з ЗША пра тое, што ён зробіць так, каб РФ забрала сваю «ядзерку» назад да сябе. І з гэтай мэтай ён «засвяціў» і сховішча ЯЗ, і базу «Іскандэраў».
Бо ад Лукашэнкі ўсяго можна чакаць. Асабліва калі пахне грашыма з выяваю амерыканскіх прэзідэнтаў. Ці не так?