Ядзерныя боегалоўкі, якія ніхто не бачыў, — талісман для гаранта стабільнасці

Беларускі тэлевізар тлумачыць, як усім павінна быць страшна, а гледачы ветліва пазяхаюць у адказ, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

img_20210626_114802.jpg

Сёй-той у аўторак сказаў, што ў яго ёсць не адна, не дзве і не пяць ядзерных боегаловак. Што ў яго ёсць дзясяткі, дзясяткі (!) ядзерных боегаловак. Вось ніхто гэтыя боегалоўкі не бачыў, а ў сяго-таго яны ёсць. 

І гэтыя дзясяткі ядзерных боегаловак — толькі вяршыня нікому не бачнага айсберга. Таму што ў кагосьці шмат чаго яшчэ ёсць, чаго ніхто не бачыў.

Вось беларускі тэлевізар тлумачыць калектыўнаму Захаду, як калектыўны Захад шакаваны расійскім Арэшнікам. Ну, у прынцыпе, правільна робіць, што тлумачыць. Таму што так сам па сабе калектыўны Захад не ў курсе, што ён быў шакаваны. І калі яму не растлумачыць у беларускім тэлевізары, то ён жа сам так ніколі і не даведаецца.

Ён, праўда, і ад беларускага тэлевізара нічога не даведаецца. Таму што не глядзіць яго. Але калі б раптам паглядзеў, то абавязкова быў бы шакаваны. Прынамсі, сябе беларускі тэлевізар Арэшнікам ужо шакаваў. І ён жа збіраецца шакаваць далей.

Хоць вось нават Пуцін, пасля трох няўдалых спробаў растлумачыць калектыўнаму Захаду, як канкрэтна калектыўнаму Захаду павінна быць страшна, трошкі прытаміўся гэта рабіць. Ну, таму што сапраўды неяк атрымліваецца трохі сумна. Ты ім тлумачыш, як ім страшна, а яны ветліва пазяхаюць у адказ.

Але беларускі тэлевізар прывык не звяртаць увагу на тое, што ніхто на яго не звяртае ўвагу. Зрэшты, на беларускі тэлевізар ніколі не звярталі ўвагу. Аднак жа гэта не падстава, каб не шакаваць тых, хто раптам неспадзявана зверне.

Таму што беларускі тэлевізар выконвае цяпер важную псіхатэрапеўтычную функцыю. Тэлевізару трэба пераканаць сябе і свайго гаранта, што стабільнасць знаходзіцца ў поўнай бяспецы. 

Таму што галоўнай гарантыяй стабільнасці была другая армія свету. Ну а каму яшчэ гарантаваць стабільнасці бяспеку? Не беларускім жа генерала насамрэч.

А Сірыя нагадала ўсім аб непераможнасці другой арміі свету. Таму што некаторыя пачалі ўжо трошкі забываць, як менавіта, колькі разоў і ў якіх канкрэтна месцах другая армія свету была непераможная. А яна была непераможная ў Кіеве за тры дні і ў Херсоне. Падчас адступальнага манеўру ў Харкаўскай вобласці і наступальнага манеўру Прыгожына летась. Літаральна нядаўна ў Курскай вобласці, а цяпер яшчэ раз у Сірыі.

Вядома, беларуская стабільнасць была гэтым шакаваная. Яшчэ мацней, чым беларускі тэлевізар быў шакаваны Арэшнікам. Як я падазраю, з нагоды гатоўнасці саюзніка прыйсці на дапамогу ў беларускай стабільнасці ніколі не было асаблівых ілюзій. Але заўсёды была ілюзія, што іншыя пабаяцца правяраць, прыйдзе саюзнік на дапамогу ці не. 

А пасля таго, як у саюзніка не атрымалася прыйсці на дапамогу Асаду, яго саюзніцкія гарантыі ў вачах усяго свету дэвальваваліся. Зразумей мяне правільна. Я не кажу, што хтосьці прама зараз збіраецца выпрабаваць беларускую стабільнасць на ўстойлівасць да знешніх уздзеянняў. 

Але дзе я, а дзе беларускі тэлевізар? А я табе скажу, дзе беларускі тэлевізар. Беларускі тэлевізар там, дзе таемны сусветны ўрад будуе геапалітычныя падкопы. Дзе танкі NATO збіраюцца зладзіць генацыд сведкам стабільнасці. Дзе японскія шпіёны фатаграфуюць драгічынскія масты для ўдараў амерыканскай авіяцыі. 

Думаеш, дарма тэлевізар усё гэта распавядаў гаранту? Дык вось, нездарма. Яны ж цяпер разам не сумняваюцца, што Польшча можа літаральна заўтра на іх напасці ўсімі сваімі міннымі палямі.

Вядома, ім страшна. Таму, думаюць, што калі напалохаць у адказ нябачнымі ядзернымі боегалоўкамі, то ніхто іх не будзе чапаць. 

Але ведаеш, што я табе скажу?

Ніякія ядзерныя боегалоўкі, асабліва тыя, якіх няма, не дапамогуць супраць сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.