Сірыйскія пытанні (з адказамі і без)

Пакуль сітуацыя ў Сірыі непрадказальная, даводзіцца ўтрымацца ад катэгарычных высноў наконт будучыні краіны. Але ёсць нізка пытанняў, адказы на якія могуць быць вельмі цікавыя. 

1733718015_4678.avif

Пра кіраванне Башара Асада цяпер можна казаць выключна ў мінулым часе: Дамаск заняты ісламістамі, Асад паўтарыў трук Януковіча, збегшы ў Расію, дзе аператыўна папрасіў прытулак. асадаўская вертыкаль спрабуе прыстасавацца да новых правіл гульні. Прэм'ер Сірыі Мухамад Газі аль-Джалалі выказаў гатоўнасць супрацоўнічаць з любым кіраўніцтвам, абраным сірыйскім народам, і садзейнічаць перадачы ўлады. Сцяг сірыйскіх апазіцыянераў узнялі нават на пасольстве Сірыі ў Маскве. 

Чаму атрымалася так хутка зрынуць Асада?

Нагадаем, ад першых атак групоўкі Хаят Тахрыр аш-Шам на поўначы Сірыі да падзення рэжыму Асада прайшло менш за два тыдні. Чаму ўсё так хутка адбылося? Тым больш, што ў Сірыі існавалі сілавыя інстытуты з паўвекавым досведам паспяховага ўтрымання кантролю над насельніцтвам. І раптам нешта пайшло не так. 

На пытанне, чаму сірыйская ўлада так лёгка страціла інстынкт самазахавання, ёсць некалькі версій. Самая праўдападобная: Асад затрымаў аплату вайскоўцам і ветэранам. Што, у сваю чаргу, нібыта выклікала апатыю ў асяроддзі асадыстаў у момант, калі ісламісты перайшлі ў атаку. 

Глядзіце таксама

Зрэшты, не выключаюць і нейкай банальнай здзелкі паміж сірыйскай ваеннай элітай і паўстанцамі. Карупцыя апошнім часам дасягнула беспрэцэдэнтных нават па сірыйскіх мерках маштабаў, і ніякіх крокаў па выхадзе з гэтага тупіку ўрад рабіць нават не спрабаваў. Нават учорашнія прыхільнікі Асада прыйшлі да высновы: так больш жыць нельга.

Што чакае Сірыю ў бліжэйшай будучыні?

Эксперты пакуль не вельмі вераць у хуткую стабілізацыю сітуацыі, маючы перад вачыма досвед той жа Лівіі ці Ірака. Акрамя таго, лідары паўстанцаў — заўзятыя ісламскія фанатыкі. Асноўнай ударнай сілай сярод іх з'яўляецца былая сірыйская «Аль-Каіда» — згаданая вышэй арганізацыя «Хаят Тахрыр аш-Шам» прызнаная тэрарыстычнай у ЗША, РФ і нават у Турцыі, якая, паводле медыя, выступае яе негалосным куратарам.

З іншага боку, пакуль пераможцы паводзяць сябе адносна карэктна, хаця з'яўляецца інфармацыя пра пакаранні смерцю набліжаных людзей Асада. Гэта значыць, што аб характары новай улады судзіць рана.

Ёсць меркаванне, што ў выніку ісламістам руліць не дадуць. Каб атрымаць міжнароднае прызнанне, ім давядзецца пагадзіцца на нейкі шырокі ўрад, але не факт, што ён доўга пратрымаецца. Адсюль не выключаецца яшчэ адзін варыянт — падзел краіны на зоны ўплыву (турэцкую, амерыканскую, курдскую, расійскую і нават ізраільскую).

Ці чакаць навалы бежанцаў?

Спецыялісты не выключаюць, што ў Еўропу паспрабуюць трапіць каля паўтара мільёна мігрантаў, што натуральна дасць карт-бланш мясцовым антысістэмным палітычным сілам, якія і без таго набіраюць абароты на тэме пагрозы мігрантаў.

Як сітуацыя ў Сірыі паўплывае на іншыя краіны рэгіёну? 

Блок пытанняў датычыцца будучых ізраільска-турэцкіх адносін. Ізраіль не супраць пашырыць зону ўплыву за кошт тэрыторый учорашняй Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. У Турцыі пры ўладзе, няхай умераныя, але таксама ісламісты, якія настальгуюць па асманскім мінулым. Аж да таго, што Эрдаган запісаў у спіс турэцкіх гарадоў Іерусалім. Ісламісты, якія захапілі Дамаск, таксама ахвотна абвяшчаюць джыхад на адрас сіяністаў.

Не выключаюць, што Сірыя — гэта рэпетыцыя хуткай рэвалюцыі ў Іране, дзе працэс інтэграцыі моладзі ў сістэму даўно буксуе. Нават частка эліты, напрыклад, цяперашні прэзідэнт, не супраць дыялогу з Захадам. Пакуль не зразумела, як Іран адрэагуе на парушэнне лагістыкі падтрымкі праіранскай групоўкі Хезбала ў Ліване.  

Яшчэ адно пытанне: ці не з'явіцца неўзабаве на рэштках Сірыі курдская незалежная дзяржава? Такі сцэнар будзе, безумоўна, выклікам на адрас Турцыі, дзе кампактна пражывае некалькі мільёнаў курдаў. У гэтым плане нядзіўна, што фармаванні Хаят Тахрыр аш-Шам ужо ўступілі ў сутыкненні з курдамі, нягледзячы на тое, што ўчора разам сітуацыйна змагаліся супраць Асада.

Што будзе з уплывам Расіі?

Наколькі захаваецца ўплыў Расіі ў рэгіёне праз крах яе пратэжэ Асада? Гэта тычыцца, у тым ліку, лёсу яе баз у Латакіі. Сумежнае пытанне наконт наступстваў маральнага канфузу для Масквы, якая не змагла выратаваць свайго саюзніка. Як на гэты казус, і, дарэчы далёка не першы, адрэагуюць рэжымы, куратарам якіх выступае пуцінская адміністрацыя? Ці натхніць правал Масквы Захад зноў даць веры Зяленскаму, які патрабуе дапамогі?

Глядзіце таксама

Не менш цікава рэакцыя апазіцыі ў аўтарытарных краінах па ўсім свеце. Амаль маланкавае падзенне рэжыму ў Сірыі можа натхніць імпартаваць мадэль трыўмфальнага маршу на Дамаск.   

Зрэшты, патэнцыйна ў рэгіёне можа ўзнікнуць ачаг вялікай вайны, у які будзе ўключацца ўсё больш актараў. Але ўзнікненне новых непрадказальных ваенных рэалій можа стаць для некаторых з гэтых гульцоў фатальным.