Бойня для людзей. Што адбывалася ў сірыйскіх турмах
У выніку падзення рэжыму Асада ў Сірыі тысячы палітвязняў выйшлі на волю. Яны расказалі страшныя рэчы пра сваё нядаўняе турэмнае мінулае.
Рэвалюцыя ў Сірыі да гэтага часу з'яўляюцца дыскусійнай тэмай у асяроддзі экспертаў і палітыкаў з пункту гледжання перспектыў развіцця падзей. Хтосьці верыць, што ў краіне ўсё нейкім чынам наладзіцца. Нехта прагназуе з'яўленне на карце свету другой Лівіі і адпаведна працяг цяперашняй крывавай мясарубкі.
Аднак у любым выпадку шэраг пазітыўных змен звяржэнне Асада прынесла. Размова пра вызваленне палітычных зняволеных. Увесь свет абляцелі кадры, як вязні турмы асцярожна пакідаюць камеры, паступова разумеючы, што, нарэшце, яны вольныя.
Такая рэакцыя заканамерная. Створаная пры Асадах сірыйская турэмная сістэма ў тым ліку ламала псіхіку людзей. Згодна з матэрыяламі Amnesty International, з 2011 па 2016 год у сірыйскіх месцах зняволення памерлі 15 тысяч чалавек, сярод іх 190 дзяцей. Па падліках спецыялістаў, гэта значыць, што ў перыяд паміж 2011 і 2015 гадамі рэжым Асада здзяйсняў масавыя пакаранні без суда і следства з хуткасцю да 50 чалавек у тыдзень.
Маштаб турэмнай інфраструктуры пры Асадах таксама ўражвае. Так, 7 снежня групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» заявіла, што вызваліла больш за 3500 зняволеных з вайсковай турмы Хомса, калі захапіла горад.
Выйшлі на волю і тыя, хто сядзеў у турме Седная (Sednaya) — галоўная турма для палітычных крытыкаў рэжыму, створаная ў 2011 годзе. За ёй у народзе даўно замацавалася назва «Дом катаванняў» або «Бойня для людзей». У турме здзяйсняўся беспрэцэдэнтны гвалт над зняволенымі — голад, катаванні, псіхалагічныя здзекі, згвалтаванні і г.д. Тут таксама выяўлены камеры, у якіх сядзелі жанчыны з дзецьмі. Усе гэтыя жанчыны зацяжарылі ў выніку сэксуальнага гвалту з боку аховы. Пры гэтым ахоўнікі ніколі не выпускалі дзяцей з камер, у выніку чаго ў іх з дзяцінства развіліся дэфекты зроку.
У іншых камерах знаходзілі людзей, якія ў выніку катаванняў і доўгага знаходжання страцілі памяць і нават забыліся на свае імя. Знойдзены сотні мяшкоў, як мяркуецца, для ахвяр будучых расстрэлаў.
Гісторыі, якія распавядаюць зараз ужо былыя вязні Sednaya, выклікаюць шмат эмоцый. Напрыклад, хтосьці кажа, што правёў гады жыцця ў камеры плошчай два на два метры, дзе адсутнічаў ложак, затое багата было прусакоў. Туалет замяняла дзірка ў падлозе. Нядзіўна, што зняволеныя хутка падчаплялі разнастайныя хваробы.
Адзін з тых, каго вызваліла рэвалюцыя, былы афіцэр сірыйскіх ВПС. Ён правёў за кратамі 33 (!) гады за тое, што ў 1981-м адмовіўся бамбіць горад Хомс, дзе тады ўспыхнула антыўрадавае паўстанне.
Масавае вызваленне вязняў рэжыму выклікала ў многіх сірыйцаў надзеі на вяртанне сваякоў ці сяброў, якія раней патрапілі пад рэпрэсіі. Аднак па ходзе таго, як адкрываюцца турэмныя архівы і камеры, высвятляецца, што радасць для многіх аказалася заўчаснай.
У панядзелак, 9 снежня, кіраўнік арганізацыі Сірыйская сетка за правы чалавека (SNHR) выступіў са спецыяльнай заявай. «Мне вельмі цяжка казаць гэтыя словы, але я вымушаны ў сілу таго, што гэта мой абавязак. Большасць з тых, хто патрапіў у сірыйскія турмы, сёння мёртвыя», — сказаў са слязьмі на вачах кіраўнік SNHR.
Застаецца дадаць, што ўсяго за час існавання дыктатуры Асада ў нетрах турэмнай сістэмы зніклі без слядоў прыкладна 130 тысяч чалавек.