Новыя прысуды і новыя палітвязні: што адбылося ў Беларусі за суткі. Хроніка рэпрэсій 19 лістапада
У Беларусі працягваецца сістэмная хваля палітычных рэпрэсій: за апошнія суткі вынесены новыя прысуды, з’явіліся новыя палітвязні і адкрыты новыя крымінальныя справы. Пераслед закранае былых добраахвотнікаў, навукоўцаў, блогераў, журналістаў, актывістаў і нават падлеткаў. У судах фіксуецца выкарыстанне рыторыкі расійскай прапаганды, а паняцце «экстрэмізм» стала ўніверсальным інструментам для любога іншадумства.

Экс-каліноўца Максіма Ралько асудзілі да 10 гадоў калоніі
Былога байца палка Каліноўскага Максіма Ралько абвінавацілі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці», «удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу».
Мінскі гарадскі суд прызначыў палітвязню 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведаміла Генпракуратура.
Мужчыну затрымалі ў 2024 годзе пры ўездзе ў краіну праз беларуска-польскую мяжу ў пункце пропуску «Брэст». Раней было толькі вядома, што ён звольніўся з палка, жыў у Варшаве, а потым нечакана апынуўся ў мінскім СІЗА.
Справа «Гаюна». Больш за 100 чалавек пад пераследам, больш за 50 ужо асуджаныя
Паводле пацверджаных даных, у справе «Гаюна» ужо больш за 100 фігурантаў, з якіх 89 імёнаў вядомыя публічна, піша dissidentBY. Больш за 50 чалавек ужо атрымалі прысуды. Усіх судзяць па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Ініцыятыва звяртае ўвагу, што беларускія суды пры вынясенні прысудаў амаль літаральна паўтараюць рыторыку Крамля. Вось фрагмент з аднаго з дакументаў:
«…в точно неустановленный период времени, но не позднее ** ** *** 2023 г., находясь на территории Республики Беларусь и г. (более точное место не установлено), имея умысел на иное содействие экстремистской деятельности, в том числе выражающееся в несогласии с проведением Российской Федерацией специальной военной операции на территории Республики Украины по демилитаризации и денацификации с целью защиты мирного населения, являясь пользователем под учетной записью … и telegram-бота “Дапаможа Гаюн”».
Такім чынам, на судовым узроўні ў Беларусі замацоўваецца мова крамлёўскай прапаганды, а нязгода з вайной кваліфікуецца як «садзейнічанне экстрэмізму».
Падчас следства людзям прапануюць рабіць «дабрачынныя ўзносы» ў розныя арганізацыі нібыта як змякчальную акалічнасць. Такая практыка ўжо існуе для тых, хто пераследуецца за «данаты». Як заўважаюць правааабаронцы, на прысуд такія ўзносы не маюць уплыву.
У Беларусі +4 новыя палітвязні
Гэта Ілля Князеў, Ігар Шлома, Марына Марозава, Уладзімір Шамякін. Усе яны зняволеныя паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
У Дрыбінскім раёне хлопец і дзяўчына сарвалі дзяржаўны сцяг з будынка — распачата крымінальная справа
Фігурантамі справы сталі двое мясцовых жыхароў — 20-гадовая дзяўчына і 17-гадовы хлопец
Па версіі следства, юнак сарваў дрэўка са сцягам, пасля чаго маладыя людзі выкінулі драўляную частку, а сам сцяг забралі. Палотнішча пасля было канфіскавана па месцы жыхарства дзяўчыны.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Хлопцу з дзяўчынай пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.
Сям'ю былога палітвязня з Гродна хочуць прызнаць «сацыяльна небяспечнай»
Дзяцей былога палітзняволенага Аляксандра Лаўрэнцьева 20 лістапада могуць прызнаць такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У школе збярэцца камісія, расказаў Аляксандр. Ён упэўнены, што прычына — «інакамыслячы бацька пражывае з сям’ёй і можа навучыць дзяцей любіць Радзіму, менавіта Радзіму, а не дзеда з ТБ».
Мужчына апублікаваў у Threads фатаграфіі авіябілетаў з Масквы ў Стамбул, а адтуль у Прагу. Аляксандр адзначыў, што вымушаны пакінуць і сям’ю, і Беларусь у сувязі з павышанай увагай з боку органаў апекі і «не толькі». Але абяцае, што хутка створыць умовы, каб уз’яднацца з роднымі.
Раней мужчына ўжо пісаў, што збіраецца пакінуць Беларусь. Гродзенец расказваў, што яго выклікалі на прафілактычную гутарку ў міліцыю. З ім размаўлялі з нагоды «дармаедства». Таксама далі, як выказаўся Аляксандр, «прымусовае запрашэнне на спецыяльныя курсы пра любоў да радзімы», піша Hrodna.life.
Больш за 100 Telegram-стыкераў прызналі «экстрэмісцкімі»
Пра гэта паведамляюць прапагандысты.
Сцвярджаецца, што стыкеры «былі створаны з мэтай рэабілітацыі нацызму, публічнага дэманстравання, распаўсюджвання і прапаганды нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі, распальвання расавай, сацыяльнай і нацыянальнай варожасці і варажнечы, а таксама стварэння недаверу да дзяржаўнай улады».
Некаторыя з іх «змяшчалі абразы палітычных і дзяржаўных дзеячаў Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікаў праваахоўных органаў у сувязі з іх прафесійнай і службовай дзейнасцю, а таксама заклікі да расавай сегрэгацыі і прымянення гвалту».
Што менавіта за стыкеры сталі «экстрэмісцкімі» — пакуль невядома.