Азярэчча — расейскі анклаў на Міншчыне?
Дзеці ў азярэчанскай школе існуюць у расейскай прапагандысцкай прасторы. Вынік — у лютым 2026-га адбыўся конкурс малюнкаў «Абаронца Радзімы вачыма дзіцяці». На адным з малюнкаў — «зялёны чалавечак» вядзе кудысьці дзіця, агорнутае расейскім трыкалорам…

Георгіеўская стужка ў Азярэччы ў 2021-м годзе
Мястэчка Азярэчча ўзнікла ў Менскай вобласьці ў 1987-88 гадах як мейсца, дзе жывуць расейскія вайскоўцы з вайсковае часткі 03522 (РЛС «Волга»). Часам у некаторых крыніцах гэтае закрытае ваеннае мястэчка фігуруе пад назвай «Клецк-2».
У вядомым выказваньні аднаго з расейскіх імперскіх чыноўнікаў пасьля задушэньня паўстаньня Каліноўскага згаданыя «расейская школа і расейскі поп». Царква сьвятога апостала Андрэя Першазванага, пабудаваная на тэрыторыі Азярэчча, сапраўды расейская, то бок падпарадкаваная напрамую РПЦ МП, а менавіта Смаленскай епархіі. І сучасны настаяцель гэтае царквы, Ігнаці Мачулкін, таксама быў прызначаны на гэтую пасаду ў 2023 годзе паводле загада Смаленскае епархіі РПЦ.
А вось школа, якая існуе ў Азярэччы практычна з самога пачатку зьяўленьня мястэчка, падпарадкаваная, прынамсі фармальна, Мінадукацыі Беларусі.
Тым ня менш, на сьценах памяшканьняў школы вісяць побач партрэты Лукашэнкі і Пуціна, а побач з беларускім гербам — расейскі.

Расейскія вайскоўцы з РЛС «Волга» рэгулярна наведваюць азярэчанскую школу і навучаюць дзяцей вайсковым дысцыплінам, напрыклад, стральбе і страявой падрыхтоўцы. А ў апошнія некалькі гадоў на сустрэчы са школьнікамі пачалі прыходзіць тыя вайскоўцы, якія да службы ў вайсковай частцы 03522 пасьпелі паўдзельнічаць ва ўзброенай агрэсіі Расеі супроць Украіны.
Напрыклад, 22 траўня 2025 года на занятках для вучняў «Школа актыўнага грамадзяніна» прысутнічаў вайсковец з в/ч 03522 Ігар Стук, якога прадставілі як «удзельніка СВА» і кавалера расейскага «ордэна Мужнасьці».
Да таго ў лістападзе 2023 года на заняткі зь дзецьмі прыходзілі яшчэ два неназваныя «ўдзельнікі СВА». Дзеці слухалі іх расповеды пра неабходнасьць служыць у арміі, пра любоў да Радзімы і службовы доўг.
Вучняў школы (і пра тое шмат што сьведчыць) рыхтуюць збольшага да вайсковае кар'еры. Яшчэ да 2010 года, паводле словаў адной з тагачасных настаўніц Людмілы Маліноўскай, вышэйшыя навучальныя ўстановы для выпускнікоў азярэчанскае школы былі перадвызначаныя — гэта ваенныя вучэльні Расеі і Ваенная акадэмія Беларусі. У 2022 годзе азярэчанскую школу наведалі прадстаўнікі расейскае Ваенна-касмічнае акадэміі імя Мажайскага (Пецярбург), распавёўшы пра ўмовы паступленьня.

У лютым 2018 года ў Азярэччы было створанае падраздзяленьне расейскае мілітарызаванае моладзевае арганізацыі «Юнармія», у якое ўвайшлі дзеці расейскіх вайскоўцаў. Узначаліў яго Раман Семікаў са Смаленска.
Уваходзячы ў расейскую структуру, атрад «юнарміі» з Азярэчча, вядома, задзейнічаны ў яе мерапрыемствах. У чэрвені 2021-га да Азярэчча даехаў «міжнародны юнармейскі аўтапрабег» з расейскага Краснаярска. Сустрэлі іх вайскоўцы, а таксама падлеткі зь юнармейскага атрада. А галоўнай справай, якой займаліся ўдзельнікі аўтапрабега, стала разгортваньне па вуліцы вялізарнае «георгіеўскае» стужкі, якую, гледзячы па ўсім, яны прывезьлі с сабой.
У 2022 годзе кіраўніцтва азярэчанскае школы вырашыла ахапіць ваенізаваным выхаваньнем таксама беларускую частку вучняў, стварыўшы ў верасьні таго года ваенна-патрыятычны клуб з назвай «Патрыёт».
Удзельнікі «Патрыёта» і «юнармейцы» рэгулярна гуляюць паміж сабоў у ваенізаваныя гульні пад куратарствам расейскіх вайскоўцаў. Такая гульня, напрыклад, адбылася ў 2023 годзе перад так званым «днём яднаньня народаў Беларусі і Расеі», які адзначаецца 2 красавіка.
Пачынаючы з 2016 года, Азярэчча, падобна да расейскіх гарадоў, стала мейсцам штогадовага правядзеньня шэсьця «Бесьсмяротны полк». Пры гэтым амаль ад самога пачатку ў шэсьці разам з вайскоўцамі арганізавана ўдзельнічаюць настаўнікі і дзеці.

Тое, пра што ўдалося даведацца адносна азярэчанскае школы, паказвае: вучні, незалежна ад таго, ці то дзеці расейскіх вайскоўцаў, ці то беларусы, існуюць у расейскай прапагандысцка-інфармацыйнай прасторы. І вось вынік: у лютым 2026-га адбыўся конкурс малюнкаў «Абаронца Радзімы вачыма дзіцяці». На адным з малюнкаў — «зялёны чалавечак» вядзе кудысьці дзіця, агарнутае расейскім трыкалорам.

Пасьля вызваленьня Беларусі ад гібрыднае расейскае акупацыі будзе разумным патрабаваць забраць з тэрыторыі Беларусі расейскія вайсковыя аб'екты, ў тым ліку РЛС «Волга», разам з вайскоўцамі, што там служаць. Тады ёсьць шанец, што Азярэчча ды іншыя былыя мейсцы іх разьмяшчэньня стануць звычайнымі беларускімі мястэчкамі замест расейскіх анклаваў.