У Беларусі заблакаваны кніжны сайт. Хронікі рэпрэсій 20 лістапада
Беларусь працягвае жыць у рэжыме татальнага кантролю: блакіруюць сайты з беларускімі кнігамі, прызнаюць новыя «экстрэмісцкія» матэрыялы і тлумачаць, чаму нават лайк або аўтазахаваны файл могуць стаць падставай для суда.

Пракуратура заблакавала сайт з беларускімі кнігамі і сувенірамі
Гаворка пра рэсурс kirma.sh, які быў заблакаваны па пастанове пракурора Магілёўскай вобласці.
Паведамляецца, што на сайце «прапаноўвалася да набыцця інфармацыйная прадукцыя, прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі». У прыватнасці, кніга «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя» і навукова-папулярнае друкаванае выданне «Горкія гады: Трагедыя Заходняй Беларусі 1944-1954».
Акрамя таго, на сайце таксама прадавалі кнігу «Патаемная спадчына. Казкi пра беларускiх жанчын», выдадзеную ініцыятывай ByProsvet, якую раней прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
У Беларусі +6 новых палітвязняў
Гэта Мікіта Нячаеў, Дар’я Пучыла, Вольга Матусевіч, Павел Ксяндзоў, Людміла Ксяндзова, Сяргей Даронін. Усе яны пазбаўлены волі за ўзаемадзеянне з «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Як ідэолагі тлумачаць, чаму беларусаў масава судзяць за лайкі
«Флагшток» вывучыў матэрыялы, якія прапануюцца для выкарыстання членамі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у межах так званага «адзінага дня інфармавання» ў лістападзе, і абраў з метадычак самае цікавае.
Большая частка дакладу аб «экстрэмізме ў маладзёжным асяроддзі» прысвечана пералічэнню таго, што дзяржава разумее пад экстрэмізмам і пакаранню за такія дзеянні. У тым ліку гэта «абраза прадстаўніка ўлады», «распаўсюд загадзя ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным або міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь».
Асобна ў метадычцы прагаворваецца, чаму беларусаў масава судзяць за лайкі і рэпосты і чаму нават прагляд інфармацыйных рэсурсаў, абвешчаных «экстрэмісцкімі», улады лічаць парушэннем арт.19.11 КаАП «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыі».
Вось як гэта тлумачаць прапагандысты:
«Увесь кантэнт, які адпраўляюць іншыя людзі, або прагледжаных файлы, размешчаныя ў чатах «Тэлеграм», месэнджэр па змаўчанні захоўвае файлы ў тэчку «Telegram Desktop». Шлях да яе залежыць зыходзячы з аперацыйнай сістэмы. Аналагічна, аўтаматычнае захаванне файлаў адбываецца і ў месэнджэры «Viber». Захоўванне матэрыялаў у прыватнасці мае на ўвазе пад сабой фактычнае знаходжанне на прыладзе (мабільныя тэлефоны, планшэты, камп’ютары і г.д.) файлаў, прызнаных экстрэмісцкімі».
Гэта нібыта «ўтварае склад адміністрацыйнага правапарушэння, а менавіта захоўванне матэрыялаў з мэтай распаўсюджвання».