Расія мэтанакіравана ўдарыла па культурных аб'ектах Украіны?
У выніку масіраванага расійскага удару па Украіне найбольш пацярпелі музеі, установы культуры і адукацыі. Паражэнне дронамі аднаго-двух такіх аб'ектаў можна было б патлумачыць выпадкам і працай СПА, але ж ударам падвергнуліся культурныя ўстановы як у Кіеве, так і ў рэгіёнах. Масква не ў стане трапіць па ваенных мэтах, і запужвае цывільнае насельніцтва Украіны? Ідуць 1573-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Нацыянальны запаведнік «Кіева-Пячэрская Лаўра»
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 213 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 чэрвеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 30 штурмаў расіян у раёнах Радзінскага, Новааляксандраўкі, Ніканораўкі, Котліна, Удачнага, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 23 атакі ў раёнах Дабраполля, Гуляйполя, Прылук, і ў бок Гуляйпольскага, Верхняй Тэрсы, Залізнічнага, Уздвіжаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку армія РФ 17 разоў спрабавала уклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Новаміхайлаўкі, Навасёлаўкі, Зарэчнага, Ямпаля і ў бок Дробышава, Азёрнага, Лімана, Дзібровы.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак паблізу Плешчыеўкі, Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Сцяпанаўкі.
На Славянскім кірунку расіяне штурмавалі 10 разоў у бок Рай-Аляксандраўкі, Крывой Лукі і ў раёне Закітнага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося восем боесутыкненняў.
* * *
Расійскія войскі мяняюць лагістычныя маршруты і схемы забеспячэння. Боепрыпасы плануюць перавозіць грамадзянскімі легкавікамі з прычэпамі, а асабовы склад — малымі групамі па другарадных дарогах, паведаміў спікер Сіл абароны Поўдня Уладзіслаў Валошын.
Па даных разведкі, з-за ўдараў беспілотнікаў па дарогах, расіяне разглядаюць магчымасць, каб склады боепрыпасаў былі на адлегласці больш за 200 км да лініі баявога сутыкнення. Затым ад іх будуць некалькі меншых палявых складоў, на якіх запас боепрыпасаў і ракет быў бы не большы чым на двое сутак.
«Усе перавозкі будуць ажыццяўляцца, напрыклад, грамадзянскім транспартам, легкавымі аўтамабілямі з прычэпамі. А асабовы склад, які будзе задзейнічаны ў гэтых перавозках, не павінен быць апрануты ў форму, павінен быць у грамадзянскім адзенні ці ў форме прадстаўнікоў камунальных службаў», — расказаў спікер.
Па яго словах, для пастаўкі паліўна-змазачных матэрыялаў армія РФ разглядае і водны транспарт: плануюць прыцягваць да партоў Бердзянска і Скадоўска малыя марскія танкеры, рэйдавыя наліўныя шаланды і баржы.
* * *
У ноч на 15 чэрвеня Расія нанесла масіраваны камбінаваны ўдар па Украіне з прымяненнем ударных БпЛА, ракет паветранага, наземнага базавання розных тыпаў. Асноўны кірунак удару – Кіеў. Таксама ракетамі атакаваны Дняпро і Харкаў.
Усяго радыётэхнічнымі войскамі Паветраных Сіл зафіксаваны 681 сродак паветранага нападу – 70 ракет і 611 БпЛА розных тыпаў:
- 6 супрацькарабельных ракет 3М22 «Цыркон»;
- 34 балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/С-400;
- 30 крылатых ракет Х-101/«Іскандэр-К»;
- 611 ударных БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас», баражуючых боепрыпасаў «Бандэроль», дронаў-імітатараў тыпу «Пародыя».
Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 632 мэты – 50 ракет і 582 беспілотнікі розных тыпаў:
- 5 супрацькарабельных ракет 3М22 «Цыркон»;
- 15 балістычных ракет «Іскандэр-М»/С-400;
- 30 крылатых ракет Х-101/«Іскандэр-К»;
- 582 варожыя БпЛА розных тыпаў.
Атака працягваецца, у паветранай прасторы Украіны некалькі ўдарных БпЛА, папярэджваюць Паветраныя сілы Украіны.
* * *
У панядзелак раніцай стала вядома пра чацвярых загінулых у выніку масіраванай варожай атакі на Кіеў, яшчэ 30 чалавек атрымалі раненні, сярод пацярпелых – двое дзяцей.
У выніку масіраванай атакі зафіксаваны пашкоджанні і пажары амаль ва ўсіх раёнах горада. Сярод іншага, расіяне нанеслі ўдар па кінастудыі Аляксандра Даўжэнкі, пашкодзіўшы будынкі і знішчыўшы самую вялікую і найстарэйшую калекцыю касцюмаў.
Таксама расіяне ўдарылі па Кіева-Пячэрскай Лаўры. У выніку прамога трапляння адбылося ўзгаранне даху галоўнага саборнага храма Лаўры — Успенскага сабора — на плошчы каля 800 квадратных метраў. Прадстаяцель ПЦУ, мітрапаліт Епіфаній апублікаваў паведамленне ў сацсетках, назваўшы расійскі ўдар па Лаўры «злачынствам супраць чалавецтва».
Кіева-Пячэрская лаўра — адна з найважнейшых праваслаўных святынь і аб'ект сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. З 15 верасня 2023 года ў спісе сусветнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай, у сувязі з небяспекай для помнікаў з-за расійскага ўварвання.
Таксама падчас масіраванай атакі РФ на Кіеў быў пашкоджаны Нацыянальны культурна-мастацкі і музейны комплекс «Мастацкі арсенал». Удар адбыўся падчас ліквідацыі пажару ў галоўным саборным храме Кіева-Пячэрскай Лаўры.
* * *
У Харкаве падчас паўторнага ўдару расіян загінулі 5 ратавальнікаў і па меншай меры 5 атрымалі раненні. Яны тушылі пажар ад папярэдняга трапляння.
Таксама ўдар БПЛА прыйшоўся па будынку Харкаўскага мастацкага музея. Кіраўнік АВА Алег Сінягубаў паведаміў пра як мінімум пяць пацярпелых — апроч ратавальнікаў.
У Дняпры ў ноч на 15 чэрвеня адзін чалавек атрымаў раненні, таксама разбураны будынак каледжа.
У Сумах у ноч на панядзелак зафіксавалі траплянне двух расійскіх БПЛА па грамадзянскай інфраструктуры. Адзін з беспілотнікаў ударыў у балкон шматпавярховага дома, у выніку чаго пацярпелі тры чалавекі, сярод іх — дзіця.
У выніку масіраванай атакі расіян у Кіеўскай вобласці пацярпелі тры чалавекі, узніклі пажары, пашкоджаны дамы, аўтамабілі і складскія памяшканні, паведаміў начальнік Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Мікалай Калашнік.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі дамовіўся з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам аб сустрэчы падчас саміту G7 у Еўропе. Пра гэта кіраўнік Украіны паведаміў у вячэрнім відэазвароце 14 чэрвеня.
«Мы дамовіліся аб нашай з ім сустрэчы: у бліжэйшыя дні ў Еўропе будуць фарматы Групы сямі, вядома, Украіна і наша абарона, нашы магчымасці прыйсці да міру будуць сярод галоўных тэм», — адзначыў ён у відэазвароце, каменціруючы тэлефонную размову з кіраўніком Белага дома.
Зяленскі выказаў удзячнасць Трампу за ўсю дапамогу, якую аказалі Злучаныя Штаты.
Нагадаем, раней сустрэча Зяленскага і Трампа падчас саміту G7 не планавалася. Аднак 14 чэрвеня падчас тэлефоннай размовы лідары дамовіліся працягнуць абмеркаванне падчас сустрэчы на саміце G7. Зяленскі анансаваў «некаторыя добрыя ідэі», якія могуць дапамагчы наблізіць мір ва Украіне і абараніць жыцці.
* * *
15 чэрвеня ў Францыі стартуе саміт G7, на якім будзе прысутнічаць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Украіна і еўрапейскія лідары маюць намер пераканаць Трампа ў трох рэчах, піша Politico.
Выданне адзначае, што ва Украіне заканчваюцца ракеты да ПВА Patriot, але ў той жа час Кіеў упершыню за шмат гадоў дабіваецца поспехаў на фронце. Кіеў і Еўропа маюць намер пераканаць Дональда Трампа ў некалькіх рэчах, якія датычацца як падтрымкі Украіны, так і ціску на Расію.
Першы момант: поспехі Украіны могуць даць саюзнікам рэдкую магчымасць пераканаць Трампа ў неабходнасці надаць увагу вайне і заклікаць саюзніка вырашыць праблемы. «Украінскі лідар хоча дабіцца ад ЗША дазволу на вытворчасць ракет-перахватчыкаў для Patriot унутры краіны, і звярнуўся да Германіі з просьбай прадаставіць дзясяткі перахватчыкаў са сваіх запасаў у абмен на тыя, якія Кіеў вырабіць пазней», — піша Politico.
Другое пытанне заключаецца ў тым, як павялічыць падтрымку Захаду настолькі, каб прымусіць Расію весці перамовы добрасумленна. Саміт G7 павінен стаць магчымасцю для прыхільнікаў Украіны выразна пацвердзіць сваю падтрымку Кіева ў супрацьстаянні РФ, у тым ліку ваеннымі і фінансавымі сродкамі.
«Сёння еўрапейцы бяруць на сябе амаль 100% дапамогі Украіне, але для нашых партнёраў па G7, у прыватнасці ЗША, па-ранейшаму важна працягнуць уносіць свой уклад — ці, прынамсі, не аслабляць сваю падтрымку яшчэ больш», — сказаў дыпламат адной з найбуйнейшых краін ЕС.
Трэцяе пытанне тычыцца ўзмацнення санкцыйнага ціску на Расію і ўзмацненне падключэння да гэтага пытання Злучаных Штатаў. Украіна аказвала ціск на ЗША і іх саюзнікаў з мэтай узмацнення эканамічнага ціску на Маскву, але па выніку атрымала неадназначныя вынікі, асабліва з боку Вашынгтона.