ЗВР як міраж: Лукашэнка патрабуе грошай, якіх няма
Вялікае бачнае на адлегласці. Часам погляд збоку патрэбны, каб усвядоміць, дзе мы знаходзімся насамрэч. І гэты погляд бывае «добраахвотна-прымусовым», часцяком нас выцвярэжвае, бо, знаходзячыся ў беларускай «інфармацыйнай бурбалцы», мы не зусім усведамляем, якая ў нас сітуацыя насамрэч.

На тыдні Лукашэнка разважаў, што будзе далей і як будзе працаваць наша эканоміка ў наступным годзе. І пакуль ён разважаў, агенцтва Moody’s пацвердзіла крэдытны рэйтынг Беларусі на ўзроўні С са стабільным прагнозам. Узровень С, на жаль, з'яўляецца самым нізкім у шкале агенцтва.
Адзначым, што на рэйтынгі Moody’s беларускі ўрад пакрыўдзіўся яшчэ ў 2018-м: тады адносіны з Moody’s былі скасаваныя, і любыя яго дзеянні з'яўляюцца «не запытанымі беларускім бокам». А пасля дэфолту па еўрааблігацыях у 2022-м Moody’s у прынцыпе засталося адзіным рэйтынгавым агенцтвам з «вялікай тройкі», якое яшчэ мае справу з Беларуссю. Fitch і S&P рэйтынгі нашай краіне прысвойваць спынілі.
І вось Moody’s піша, што рэйтынг Беларусі, уключаючы доўгатэрміновыя рэйтынгі эмітэнта C, «адлюстроўваюць вымушаную дэнамінацыю еўрааблігацый, што мы разглядаем як падзею дэфолту. Рэйтынгі "C" таксама ўлічваюць нашы чаканні, што страты трымальнікаў аблігацый, верагодна, перавысяць 65%, улічваючы абмежаваныя магчымасці Беларусі па абслугоўванні доўгу ва ўмовах узмацнення санкцый у адказ на падтрымку Расіяй вайны з Украінай (Ca, стабільны)».
Агенцтва чакае, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі застануцца ў сіле на працягу некаторага часу. Што гэта нанясе доўгатэрміновую шкоду эканоміцы і дзяржаўным фінансам, павысіўшы рызыкі дэфолту па бягучых і будучых выпусках доўгавых абавязацельстваў. Агенцтва чакае далейшага росту гандлёвай і фінансавай залежнасці Беларусі ад Расіі. Што тэмпы росту ВУП у Беларусі ў 2025 годзе замарудзяцца да ўзроўню ў 2%, а палітыка беларускіх улад у эканамічнай сферы застаецца непрадказальнай, працягваецца ўмяшанне ўрада ў эканоміку, а празрыстасць эканамічнай і падаткова-бюджэтнай інфармацыі застаюцца нізкімі.
І нават калі адбудзецца «малаверагоднае істотнае змякчэнне міжнародных санкцый» ліквіднасць урада Беларусі застанецца вельмі слабой, што абмяжуе яго здольнасць абслугоўваць свой доўг, які складае каля 40% ВУП краіны.
Што можна сказаць наконт гэтай справаздачы? Хіба што тое, што нізкі рэйтынг С Беларусі застаецца ў разуменні Moody’s стабільным толькі таму, што падаць, уласна, няма куды. І гэта — сігнал усім інвестарам проста абыходзіць Беларусь бокам. Бо з верагоднасцб ў 2/3 грошай сваіх не вернеш.
Вядома, пры такім раскладзе нам трэба было б выпраўляць сітуацыю. Але замест гэтага Аляксандр Лукашэнка, падобна, вырашыў дзейнічаць згодна з ідэалогіяй «чучхэ» — з апорай на ўласныя сілы. І, варта адзначыць, што ў яго для гэтага былі ўсе перадумовы.
На нарадзе па прагнозных дакументах на 2026 год Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Нацбанка Рамана Галоўчанкі, заявіў, што настаў час пусціць у справу беларускія золатавалютныя рэзервы, якія рэгулярна ўсталёўваюць рэкорды. «У нас моцная нацыянальная валюта, рэкордна павялічваюцца золатавалютныя рэзервы. Але ўжо нават лібералы задаюць пытанне, ці трэба нам гэта ў такім аб'ёме, і чаму мы пры такім дэфіцыце валюты, грашовых сродкаў, замарожваем добраахвотна наяўныя ў нас рэзервы», — сказаў Лукашэнка.
«Тое, што валюты больш з'яўляецца, гэта добра. Але валюта павінна працаваць. І трэба мець запас столькі, колькі нам трэба. Можа быць, патрошачку і пускаць у абарот гэтыя грошы. Па-гаспадарску трэба дзейнічаць», — дадаў ён.
І вось гэта — класічны прыклад «ідэалагічнай дэзінфармацыі», калі ўлады самі сабе намалявалі прыгожыя лічбы, самі ў іх паверылі, даючы справаздачу Лукашэнку, а цяпер, калі ён паспрабаваў «памацаць» гэта — акажацца, што мацае ён бурбалку. А бурбалкі ад спробаў яе памацаць — лопаюцца.
Як ужо неаднаразова казалася, нашы ЗВР растуць у асноўным дзякуючы росту цэн на золата. Золата расце ў цане — растуць ЗВР. Золата ў цане ўпадзе — ЗВР знізяцца. І таму рэкордны аб'ём ЗВР у Беларусі — гэта не грошы, а проста лічбы. Лукашэнка ж, натхнёны лічбамі, просіць перавесці гэтыя лічбы ў грошы.
А вось гэтага зрабіць не атрымаецца, таму што продаж беларускага золата — пад санкцыямі ЕС і ЗША. І калі яго прадаваць, то гэта трэба рабіць употай, у абыход санкцый. І натуральна, «учорную» за беларускае золата ніхто не дасць рынкавую цану — тую, па якой золата ацэньвае Нацбанк. То-бок, у грошах нашых ЗВР значна менш, чым у золаце.
Таксама ў засеках Нацбанка яшчэ з кавідных часоў валяецца мільярд SDR Міжнароднага валютнага фонду, якія мы таксама прадаць не можам: з-за санкцый і з-за таго, што МВФ з Беларуссю не працуе. Але гэты «мёртвы» мільярд, вядома, кожны раз улазіць у «кошык» нашых рэкордных ЗВР.
І цяпер ураду прыйдзецца думаць: як растлумачыць Лукашэнку, што пры намінальна рэкордных ЗВР рэальна ў нас грошай — ну вось проста няма. Ці Галоўчанка будзе проста маліцца, каб Лукашэнка забыўся пра гэтую сваю прапанову.
Маліцца таксама будзе першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў. Таму што на той жа нарадзе Лукашэнка заявіў, што Снапкоў нясе персанальную адказнасць за інфляцыю. «Нам не трэба, як тут некаторыя пішуць, стрымліваць рост цэн, яшчэ чагосьці. Трэба справядлівае цэнаўтварэнне, каб людзі маглі купіць неабходнае», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да чыноўніка.
Так, дзядуля стары, і яму дазволена не памятаць, што тры гады таму прыкладна ў гэтыя ж дні менавіта ён грукаў кулаком па стале і казаў, што «цэны ў Беларусі павышаць забараняецца». Тры гады ўрад карміўся з гэтай забароны, спрабуючы яе вярцець і так, і эдак, і бокам і падскокам, а цяпер нам, разумееце, «не трэба стрымліваць рост цэн», а трэба справядлівае цэнаўтварэнне.
Цяпер урад будзе думаць, для каго цэнаўтварэнне павінна быць справядлівым, і як азначэнне «справядлівасць» упісаць у эканамічную тэорыю і практыку.
P.S. Даныя па знешнім гандлі ад Лукашэнкі: 67% экспарту ідзе ў РФ, 56% імпарту — з Расіі. І адкуль пры такім гандлі ў нас будзе валюта?