Грошай няма? ВПК Расіі раптоўна абваліўся адразу на 20% за месяц
Пуцін быў упэўнены, што ён можа выйграць «вайну на знясіленне». Аднак, падобна, не разлічыў магчымасці сваёй эканомікі. У той жа час Захад працягвае дапамагаць Украіне, а Дональд Трамп мае намер паразмаўляць з Кітаем, каб тыя прывялі кіраўніка РФ у прытомнасць. Ідуць 1340-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з YouTube
Агулам за мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 141 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 52 штурмы расіян ў раёнах Ніканораўкі, Маяку, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Пакроўску, Удачнага, Арэхавага і Дачнага.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 22 атакі паблізу Зялёнага Гаю, Філіі, Аляксандраграду, Сасноўкі, Навагрыгораўкі, Вербава і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 14 разоў штурмавалі пазіцыі УСУ паблізу Ваўчанска, Адраднага, Балогаўкі і Каменкі.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 11 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Русінага Яру і ў бок Прадцечына.
На Ліманскім кірунку зафіксавана 10 атак паблізу Карпаўкі, Сярэдняга, Мірнага, Дробышава і Шандрыгалава.
* * *
У ноч на 25 кастрычніка расіяне атакавалі Кіеў ракетамі. У выніку абстрэлу ёсць пацярпелыя, іх колькасць паступова расце. Як паведаміў у Telegram мэр Кіева Віталь Клічко, на раніцу 25 кастрычніка пацярпела 8 чалавек. У некалькіх раёнах сталіцы зафіксаваны наступствы абстрэлу — гараць будынкі і аўтамабілі. Таксама пацярпеў дзіцячы сад у Дняпроўскім раёне сталіцы Украіны.
У ноч на 25 кастрычніка расійскія войскі нанеслі масіраваныя ўдары ракетамі і беспілотнікамі па населеных пунктах Днепрапятроўскай вобласці. Загінулі два чалавекі, яшчэ сямёра атрымалі раненні.
Ударныя беспілотнікі ноччу 25 кастрычніка, атакавалі Валгаградскую вобласць РФ. У выніку абстрэлу ўзнік пажар на падстанцыі, паведаміў губерNATOр Валгаградскай вобласці РФ Андрэй Бачароў.
* * *

* * *
Прэм'ер-міністр Брытаніі Кір Стармер заявіў, што «кааліцыя рашучых» распрацавала план дзеянняў да канца 2025 года, паведамляе Sky News.
«Мы разам распрацавалі канкрэтны план да канца года. У першую чаргу мы будзем рабіць усё, каб расійская нафта і газ былі зняты з глабальных рынкаў. Мы заахвочваем усіх увесці гэтыя санкцыі, зменшыць залежнасць», — заявіў прэм'ер Брытаніі.
Ён таксама заклікаў трэція краіны спыніць закупкі «закрываўленых вайной» расійскіх рэсурсаў.
Другім пунктам ён назваў размарозку расійскіх актываў, каб дапамагчы Украіне. «Менавіта Расія павінна плаціць за ўсё, што зрабіла і знішчыла ва Украіне. Трэба зрабіць усё, каб Украіна атрымала рэпарацыі», — падкрэсліў ён.
Таксама Стармер адзначыў неабходнасць умацавання СПА Украіны: Брытанія ўжо павялічыла праграму для надання Кіеву 5000 новых ракет шматмэтавага прызначэння.
Чацвёртым пунктам прэм'ер Брытаніі назваў умацаванне ваеннага ціску на РФ і наданне Украіне дальнабойнай зброі.
«Нарэшце, мы будзем працягваць нашу працу па гарантыях бяспекі, уключаючы шматнацыянальныя сілы ва Украіне, каб забяспечыць устойлівы і доўгачасовы мір», — распавёў Стармер пра пяты пункт.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на пасяджэнні «кааліцыі рашучых» заклікаў еўрапейскіх партнёраў «пазычыць» Украіне сістэмы СПА Patriot.
Паводле яго слоў, Украіна абмяркоўвае з Вашынгтонам пагадненне аб куплі неабходнай колькасці сістэм Patriot, аднак іх могуць даць не адразу: шэраг еўрапейскіх краін стаяць у чарзе на закупку гэтых сістэм СПА наперадзе Украіны.
У той жа час у Еўропе ёсць значная колькасць Patriot і іншых сістэм супрацьпаветранай абароны, якія «на шчасце, проста стаяць у рэжыме чакання».
«Мы маглі б выкарыстоўваць іх цяпер для абароны жыццяў, каб нам не трэба было чакаць сваёй чаргі. І нам бы вельмі дапамагло, калі б мы змаглі атрымаць гэтыя сістэмы цяпер ад Еўропы, а потым замяніць іх, калі наступіць наша чарга ў пагадненні з амерыканцамі», — прапанаваў Зяленскі.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што на будучай сустрэчы з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам будзе абмяркоўваць пытанне завяршэння расійска-ўкраінскай вайны.
«Я б вельмі хацеў, каб Кітай дапамог нам з Расіяй. Мы наклалі вельмі вялікія санкцыі на Расію. Я думаю, што гэтыя санкцыі... Яны вельмі жорсткія. Яны вельмі моцныя. Але я хацеў бы, каб Кітай нам дапамог. Як вы ведаеце, у мяне добрыя адносіны з прэзідэнтам Сі. Мы збіраемся сустрэцца, у нас будзе добрая сустрэча. Я думаю, што мы заключым некалькі добрых пагадненняў. Адно з пытанняў — гэта адносіны паміж Расіяй і Украінай», — сказаў Трамп.
«Ён (Сі Цзіньпін) таксама хоча, каб гэта скончылася», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Таксама ў Трампа спыталі, ці не баіцца ён, што нядаўнія санкцыі ЗША занадта моцныя і загоняць Пуціна ў кут. «Не, не думаю. Паглядзім, што будзе. Думаю, ён хоча канца вайны», — адказаў Трамп.
* * *
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы «кааліцыі рашучых» заявіў, што ў расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна вычэрпваюцца рэсурсы для працягу вайны супраць Украіны.
Па словах генсека Альянсу, сітуацыя на фронце сведчыць пра неэфектыўнасць расійскай стратэгіі і велізарную цану, якую Расія плаціць за нязначныя прасоўванні.
«Ва Украіне Пуцін амаль не прасоўваецца на полі бою, а там, дзе ёсць нязначныя поспехі, яны даюцца велізарнай цаной. Сотні тысяч расіян гінуць з-за бязглуздай пуцінскай агрэсіі. Праўда заключаецца ў тым, што ў Пуціна заканчваюцца грошы, войскі і ідэі», — адзначыў ён.
Рутэ заявіў, што настаў час узмацніць ціск на Расію для дасягнення справядлівага міру. У гэтым кантэксце генсек NATO прывітаў нядаўнія аб'явы еўрапейскіх саюзнікаў і Канады пра наданне дадатковай ваеннай дапамогі Украіне, а таксама зацвярджэнне 19-га пакета санкцый ЕС.
«Развіццё падзей на полі бою паказвае, што наша падтрымка Украіны працуе, і мы павінны яе працягваць. Мы павінны спалучаць гэтую падтрымку з эканамічным ціскам», — падкрэсліў ён.
* * *
Прэм'ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксен заявіла, што Расія не дэманструе ніякіх прыкмет гатоўнасці да міру, а стратэгія Пуціна заключаецца ў чаканні, што Захад стоміцца і спыніць падтрымку Украіны. Яна падкрэсліла, што гэтага ніколі не адбудзецца: саюзнікі будуць толькі ўзмацняць падтрымку Кіева.
Па словах Фрэдэрыксен, нядаўні званок Пуціна прэзідэнту ЗША Дональду Трампу сведчыць пра яго страх перад моцнай Украінай.
«Менавіта Пуцін патэлефанаваў прэзідэнту Трампу некалькі дзён таму, таму што баяўся, што Украіна возьме верх. Аднак ён адхіліў прапанову Трампа пра спыненне агню ўздоўж цяперашняй лініі фронту. Пуцін не хоча спыняць забойствы. Няма ніякіх прыкмет таго, што Расія і Пуцін хочуць міру, нават спынення агню», — сказала яна.
«Я лічу, што стратэгія Пуціна заключалася ў тым, каб чакаць, пакуль мы ў нейкі момант спынімся і здадзімся. Але, вядома, гэтага ніколі не адбудзецца», — падкрэсліла прэм'ер Даніі.
* * *
ВПК Расіі нечакана абваліўся на 20% за месяц, піша The Moscow Times са спасылкай на даныя Расстата.
У верасні вытворчасць «гатовых металічных вырабаў» і «іншых транспартных сродкаў» паказала рэзкае падзенне — на 6% і 20% адпаведна. Расійскі ваенна-прамысловы комплекс раптам даў збой пасля трохгадовага росту.
У апошнія гады ВПК стаў галоўным рухавіком расійскай эканомікі, дзякуючы трыльённым расходам на дзяржабаронзамовы з бюджэту. «Вытворчасць гатовых металічных вырабаў», якое ўзляцела ў 2024 годзе на 31,6% і паказвала рост на 21,2% у жніўні, у верасні нечакана сышло ў мінус — на 1,6% год да года.
Выпуск «іншых транспартных сродкаў», да якіх статыстыка адносіць танкі і БМП, запаволіў рост больш чым у 10 разоў — 6% у верасні супраць 61,2% у жніўні. У мінулым годзе вытворчасць у гэтай катэгорыі ўзляцела на 34,2%, а ў 2023-м — на 29%.
Аналітыкі назвалі даныя з ваеннай прамысловасці «шакуючымі». ВПК, які раней цягнуў эканоміку ўверх, у гэты раз пацягнуў індэкс апрацоўчых галін уніз: у верасні ён дадаў у 8 разоў (!) менш, чым у жніўні (2,4%).
«Мяркуючы па ўсім, тое, што адбываецца ў прамысловасці, — вынік праблем у бюджэце», — не выключае Наталля Арлова, галоўны эканаміст Альфа-банка. Залежны ад дзяржабаронзамоў машынабудаўнічы комплекс у верасні ўпаў на 0,1%, хоць яшчэ ў жніўні бурліва рос, дзякуючы ВПК — на 15,7% год да года.