ISW: Расія скароціць выдаткі на вайну ва Украіне за кошт сваіх вайскоўцаў і «ветэранаў СВА»

Расія скарачае выдаткі на вайну за кошт змяншэння выплат салдатам і так званым «ветэранам СВА», — апошніх у наступным годзе «пакрыўдзяць» амаль удвая. Якія гэта будзе мець сацыяльныя наступствы ў РФ — невядома. Тым часам Польшча аплаціла Украіне Starlink. Ідуць 1315-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

552038951_1147543234225420_4823411548184254229_n.jpg

На працягу мінулага дня ва Украіне зафіксавана 176 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 30 верасня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 56 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Шахава, Ніканораўкі, Уладзіміраўкі, Беліцкага, Міралюбаўкі, Зверава, Радзінскага, Чырвонага Лімана, Новаэканамічнага, Лісдўкі, Котліна, Удачнага, Дачнага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 37 атак у раёнах Александраграду, Зялёнага Гаю, Новахацкага, Паддубнага, Студзеньскага, Грушаўскага, Аляксееўкі, Новамікалаеўкі і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулы дзень адбылося 20 баявых сутыкненняў.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 16 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Карпаўкі, Сярэдняга, Калодзежаў, Грэкаўкі, Новаміхайлаўкі, Шандрыгалава, Торскага і іншых.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 14 атак у раёнах Іванаполля, Шчарбінаўкі, Александрына-Шультынага, Плешчыеўкі, Русінага Яра і Палтаўкі.

* * *

У ноч на 30 верасня 2025 года аналітычны праект DeepState паведаміў пра захоп расійскімі войскамі населенага пункта Палтаўка на Пакроўскім кірунку ў Данецкай вобласці. Таксама расійскія сілы прасунуліся паблізу Новаіванаўкі ў Запарожскай вобласці і ў Серабранскім лясніцтве на мяжы Данецкай і Луганскай абласцей.

* * *

Толькі адзін з 10 расійскіх салдат дасягае ўкраінскіх пазіцый на Новапаўлаўскім кірунку. А ў тактычным раёне Дабраполля армія РФ губляе штодня 10 байцоў, у параўнанні з папярэднім сярэднім паказчыкам ад двух да пяці чалавек, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 28 верасня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночны ўсход ад Амбарнага (паўночны ўсход ад Вялікага Бурлука) у Харкаўскай вобласці.

Геалакацыйныя кадры ад 29 верасня сведчаць, што ўкраінскія сілы прасунуліся на паўночным усходзе Ямпаля (паўднёвы ўсход ад Лімана). Аднак на тым жа кірунку прасунуліся і расійскія войскі — на поўначы Шандрыгалава (на паўночны захад ад Лімана). Расійскі мілблогер заявіў, што поўнач Ямпаля з'яўляецца спрэчнай «шэрай зонай».

Геалакацыйныя кадры ад 28 верасня паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся ўздоўж Данецкай чыгункі на паўночны захад ад Выімкі (на паўднёвы ўсход ад Сіверска), і на паўночны захад ад Русінага Яра (на поўдзень ад Дружкоўкі).

Украінскія войскі працягваюць утрымліваць Панькаўку і Запаведнае (абодва на паўднёвы ўсход ад Дабраполля) і паспяхова контратакавалі на паўднёвы ўсход ад Вольнага (на ўсход ад Дабраполля), адкінуўшы расійскія войскі да Новага Шахава (на поўдзень ад Вольнага).

Геалакацыйныя кадры ад 28 верасня сведчаць, што расійскія войскі прасунуліся на захад ад Катляроўкі (на ўсход ад Новапаўлаўкі) і ў цэнтральнае Вербавае (на паўднёвы захад ад Вялікаміхайлаўкі).

* * *

Цэлая сям'я — двое дарослых і двое малалетніх дзяцей — загінулі ў выніку расійскага ўдару беспілотнікам па жылым доме ў вёсцы Чарнеччына ў Сумскай вобласці ноччу 30 верасня.

Пад раніцу 30 верасня расійская армія нанесла масаваны ўдар па горадзе Бабровіца ў Чарнігаўскай вобласці. Пашкоджана энергетычная інфраструктура, без электразабеспячэння засталіся больш за 26 тысяч абанентаў у Бабровіцы і бліжэйшых населеных пунктах.

Расійскія войскі ноччу атакавалі ўдарнымі беспілотнікамі Кіеўскую вобласць. У выніку абстрэлу пашкоджаны прыватны дом і аўто, у Браварскім раёне пацярпела жанчына.

* * *

556100280_1152194903760253_8295871988788280709_n.jpg

* * *

Аналіз Інстытута вывучэння вайны (ISW) паказвае, што ў 2026 годзе Крэмль плануе зменшыць выдаткі на абарону і сацыяльныя выплаты ваенным, затое рэзка павысіць фінансаванне дзяржаўнай прапаганды.

Згодна з праектам бюджэту, у 2026 годзе Расія плануе накіраваць на сектар абароны каля 17 трыльёнаў рублёў (183 млрд долараў). Хоць агульная доля расходаў у бюджэце некалькі зменіцца (з 41% у 2025 годзе да 38% у 2026), аналіз асобных артыкулаў раскрывае прыярытэты Крамля.

Праект бюджэту прадугледжвае істотнае ўразанне сацыяльных гарантый для ваеннаслужачых і іх сем'яў. Кампенсацыйныя выплаты загінулым, параненым і іх сем'ям зменшацца з 78 мільярдаў рублёў у 2025-м да 58 млрд рублёў (698 млн долараў). Фінансаванне фонду «Абаронцаў айчыны», які апякуецца ветэранамі, скароціцца больш чым удвая.

На гэтым фоне вырасце фінансаванне ўнутраных сілавых структур (паліцыі і спецслужбаў) да 3,9 трыльёна рублёў (47 млрд долараў) у параўнанні з 3,5 трыльёна (42 млрд) у 2025-м.

Таксама Крэмль значна павялічыць фінансаванне дзяржаўнай тэлевізійнай прапаганды. У 2025-м бюджэт РФ прадугледжваў фінансаванне Telegram-каналаў тыпу Solovyov Live, верагодна, у рамках спроб урада адаптаваць сваю прапаганду да сацсетак.

«Значны рост фінансавання тэлебачання ў 2026 годзе сведчыць пра вяртанне Крамля да традыцыйных метадаў распаўсюджвання дзяржаўнай прапаганды, асабліва на фоне апошніх абмежаванняў у сацсетках і стварэння дзяржаўнага месенджара Max», — гаворыцца ў справаздачы ISW.

* * *

Прэзідэнт Польшчы падпісаў закон, які змяшчае падаўжэнне фінансавання абанплаты для тэрміналаў Starlink ва Украіне, паведаміў міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў.

Ён адзначыў, што ва Украіне працуе больш за 50 тысяч тэрміналаў Starlink. Каля 29 тысяч перадалі польскія партнёры. «Дзякуй Міністру лічбавізацыі Польшчы Кшыштафу Гаўкоўскаму і ўсяму ўраду Польшчы за салідарнасць і ўстойлівую падтрымку Украіны», — сказаў Фёдараў.

* * *

Стыў Уіткаф, спецыяльны прадстаўнік Дональда Трампа па пытаннях Блізкага Усходу і галоўны перагаворшчык ЗША з Крамлём, можа пакінуць сваю пасаду ў канцы 2025 года. У прыватнасці, ён сыдзе ў адстаўку «дастойна» пры ўмове дасягнення пагаднення па ўрэгуляванні канфлікту ў Сектары Газа, паведамляе The Times of Israel.

Уіткаф з пачатку прэзідэнцтва Трампа займаўся перамовамі пра спыненне баявых дзеянняў у Газе, выконваючы абавязкі спецыяльнага ўрадавага служачага. Яго тэрмін паўнамоцтваў у цяперашні час складае каля 130 дзён, а магчымае падаўжэнне будзе залежаць ад абставінаў і патрэбаў у арганізацыі далейшай дыпламатычнай працы. Па словах крыніцы ў ЗША, сам Уіткаф ужо рыхтуецца да завяршэння сваёй місіі да канца года, асабліва ўлічваючы магчымы прагрэс ва ўрэгуляванні канфлікту.

* * *

Акупаваная Расіяй Запарожская АЭС ужо шостыя суткі знаходзіцца без сувязі з украінскай энергасістэмай. Сілкаванне сістэм, важных для бяспекі АЭС, забяспечваецца працай рэзервовых дызельных генератараў, заявіў кіраўнік Дзяржатамрэгулявання — галоўны дзяржаўны інспектар па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Украіны Алег Корыкаў.

Цяпер дакладна невядома, якія «запасы дызельнага паліва на прамысловай пляцоўцы ЗАЭС і колькі часу змогуць працаваць дызельныя генератары, каб забяспечваць працу сістэм, важных для бяспекі». Перш за ўсё, гаворка ідзе пра працу сістэм ахалоджвання апрамененага ядзернага паліва, якое знаходзіцца ў шасці рэактарах і ў басейнах вытрымкі.

Паводле слоў спецыяліста, калі ў бліжэйшы час расіяне не створаць адпаведных умоў для аднаўлення сувязі ЗАЭС з украінскай энергасістэмай, а дызельнае паліва на прамысловай пляцоўцы скончыцца, існуе рызыка аварыйнай сітуацыі, якая будзе мець радыяцыйныя наступствы не толькі для Украіны, але і для еўрапейскіх краін.