Да чаго сняцца памерлыя
Сёлета праваслаўныя і католікі адзначаюць Дзяды разам 1 лістапада. У дзень памінання продкаў распавядаем, чаму яны могуць сніцца.

Кальварыйскія могілкі ў Мінску. Архіўнае фота
Сёлета праваслаўныя і католікі адзначаюць Дзяды 1 лістапада. У католікаў гэта сталая дата, нароўні з 2 лістапада. Лічыцца, што іншыя даты для агульнаграмадскага (не выключна прыватнага альбо сямейнага) наведвання могілак, якія сустракаюцца ў католікаў у некаторых беларускіх лакальных традыцыях, запазычаны ў праваслаўных. Магчыма, гэта не да канца так: сярод католікаў у краінах, дзе няма альбо мала праваслаўных (напрыклад, у Славакіі) захаваліся звесткі пра наведванне могілак па-за лістападам. Праваслаўныя адзначаюць Змітраўскія Дзяды ў суботу перад Днём Святога Дзмітрыя Солунскага, які прыпадае на 8 лістапада. Сёлета гэта 1 лістапада. У праваслаўных гэта звычайна не адзіная дата памінання продкаў на працягу года — Дзяды могуць спраўляць у суботы амаль перад кожным вялікім святам, да сямі разоў на год (у залежнасці ад мясцовых традыцый асобна ўзятай вёскі).
Глядзіце таксама

У апошнія дзесяцігоддзі праз змену ладу жыцця вяскоўцы могуць памятаць пра адны з Дзядоў, якія правілі раней, але не адзначаць іх. Звычайна такія гісторыі здараюцца не на Змітраўскія Дзяды, якія шмат у якіх лакальных традыцыях лічацца галоўнай датай памінання продкаў на працягу года і могуць таксама мець назву Вялікія ці Першыя Дзяды. У этнаграфічных экспедыцыях мне вельмі часта даводзілася чуць гісторыі жанчын, якія забыліся справіць Дзяды, а потым ім сніліся памерлыя (найчасцей бацькі ці муж) з дакорамі. Увогуле, па звестках даследчыкаў з розных краін, фундаментальная розніца паміж традыцыйнымі і сучаснымі ўяўленнямі аб снах пра памерлых — у тым, што прадстаўнік традыцыйнай культуры такія сны тлумачаць збольшага негатыўна: калі памерлы сніцца, значыць, яму неспакойна, нечага не хапае, нешта не так. У сучаснай жа псіхалогіі лічыцца, што калі гора па нябожчыку прайшло, то ён сніцца, нібы жывы, і такія сны хутчэй прыносяць цёплыя эмоцыі адносна памерлых блізкіх, чым смутак.
Прывядзем некалькі гісторый пра сны аб нябожчыках. Наступны расповед я запісала ў вёсцы Пеніца Калінкавіцкага раёна, дзе ў пасляваенны час шукалі нафту і як вынік гэтых земляробчых прац стала біць крыніца. Паступова яна абрасла народнымі павер’ямі і была асвечаная, а над ёй збудавалі капліцу.
І я хадзіла <на святую крыніцу>. В обшчэм, мне сьніцца сон, што мая <памерлая> хросна гола-гола стаіць за ракой. […] Я думаю: "Божа мой, ну, я туда ж <на святую крыніцу> не зайду". На дачку, яна за рулём сама: "Завезі мене туда!" Я ўзяла ленту, і там <у капліцы на святой крыніцы> Божа мацер із дзіцям, дык я лентай абвязала. І ўсё, сумелась. А то от голая яна <хросная> мне паказваецца, што ана гола. Я яе бачу голай, дражыць. Значыць, яна не тут пахаронена, я ніколі не атведавала, но ана хросная, мне нада яе прыкрыць. Ну, я павесіла ленту… — жыхарка вёскі Пеніца распавяла, як сасніла сваю памерлую хросную голай і вырашыла сімвалічна перадаць ёй адзенне, для чаго павязала стужку на абраз у капліцы над святой крыніцай.
Тут мы сутыкаемся з вельмі цікавай практыкай «перадач на той свет». Такія сюжэты таксама даволі частыя: памерлы сніцца жывым родным і кажа, што яму чагосьці не хапае. Тады рэч закопваюць на яго магіле, кладуць у труну іншаму чалавеку ці, як у расповедзе з вёскі Пеніца, сімвалічна перадаюць за пасярэдніцтвам лакальнай святыні. Свечкі за спакой душы ў царкве «працуюць» па такой жа схеме, што і народнае ўяўленне аб «перадачы» рэчаў: свечка гарыць у святым месцы ў нашым свеце, а атрымальнікам дабрабыту выступае памерлы.
Яшчэ адзін расповед — з кнігі Галіны Максімюк „Biêlśk, Knorozy, Plioski (i inšy vjoski)”. Кніга напісана на падляскай гаворцы. Прывядзем пераклад на літаратурную беларускую мову:
Жыццё ішло далей. Праз тыдзень пасля пахавання Ёлі і Бажэны памерла мая бабуля Ярына. Я ўжо не мела слёз, каб па ёй плакаць. Але думаю, што жалобу па маёй бабе я адбыла праз пару год, калі аднойчы яна мне прыснілася і запытала, чаму я да яе не прыходжу і нічога ёй не кажу. Я тады паехала на могілкі, запаліла зніч на магіле, паплакала, памалілася — і так развіталася з бабай Ярынай.
У гэтым расповедзе бачна, як беларусы Падляшша, што жывуць побач з католікамі, пераймаюць каталіцкі звычай запальваць знічы на магілах.
Я маю і ўласную сямейную гісторыю пра сны аб памерлых. Мой дзядзька памёр адносна маладым: яму не было пяцідзесяці гадоў. Яго старэнькі бацька, мой дзядуля, неяк калоў дровы і вельмі стаміўся. Ён сеў адпачыць і прамовіў: «Ты памёр, сынку, і няма каму мне дапамагчы». Уночы дзядзька яму прысніўся. Дзядуля лічыў, што не трэба было прагаворваць сваіх думак уголас: такім чынам ён патурбаваў памерлага, вось ён і прыйшоў у сне.
Як бачым, «правільная» камунікацыя з памерлымі ў беларускай традыцыйнай культуры вельмі істотная. Таму шануйма Дзяды і дзядоў!