Зяленскі: Іран атакуе аб'екты ЗША «Шахедамі» расійскай зборкі
Расія перадала Ірану «Шахеды» ўласнай зборкі, якія Іран выкарыстоўваў для удараў па аб'ектах ЗША, заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. А кіраўнік ЗША Дональд Трамп, падобна, лічыць нармальным, што РФ дапамагае Ірану ў вайне супраць яго краіны. У той жа час пуцінская «дэмілітарызацыя» прывяла да таго, што украінскія дроны хочуць купіць усё больш краін. Ідуць 1481-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з gazeta.ru
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 144 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 сакавіка.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 28 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Клебан-Быка, Плешчыеўкі, Русінага Яру і Софіеўкі.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 20 штурмаў расіян у раёнах Тарэцкага, Радзінскага, Мірнаграду, Удачнага, Новапаўлаўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 18 атак арміі РФ у раёнах Гуляйполя, Залізнычнага, Варвараўкі, Зялёнага, Чароўнага, Гуляйпільскага і Мірнага.
На Славянскім кірунку УСУ спынілі 10 атак расіян прасунуцца ў раёнах Закітнага, Рэзнікаўкі, Ямпаля, Платонаўкі, Дронаўкі і ў бок Рай-Аляксандраўкі.
* * *
У ноч на 15 сакавіка Расія атакавала Украіну 97 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас ды беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 90 БпЛА.
У ноч на 15 сакавіка шэраг расійскіх рэгіёнаў і часова акупаваны Крым атакавалі дроны.
Абстрэл Белгарада і Белгарадскага края пацвердзіў губернатар Вячаслаў Гладкоў. Ён паведаміў пра сур'ёзныя пашкоджанні аб'ектаў энергетыкі. У выніку зафіксаваны перабоі з падачай электраэнергіі, водазабеспячэння і цяпла.
У Краснадарскім краі Расіі пашкоджаны Ціхарэцкі нафтавы вузел. Прычына — нібыта на тэрыторыю нафтабазы ўпалі рэшткі збітага дрона. У сетцы распаўсюдзілі фота — вялікі слуп дыму.
Таксама з'явілася інфармацыя пра атаку ў акупаваным Сімферопалі — пад удар трапіла Таўрычаская ТЭС.
* * *
* * *
Кіраўнік Белага дома Дональд Трамп абяцае аднавіць нафтавыя санкцыі супраць РФ, калі на энергетычным рынку пройдзе крызіс і цэны стабілізуюцца, паведамляе NBC News.
Амерыканскі лідар на пытанне аб яго рашэнні часова адмяніць некаторыя санкцыі супраць РФ, якія тычацца нафты, адказаў: «Я хачу, каб у свеце была нафта. Я хачу мець нафту».
Трамп дадаў, што санкцыі, якія былі ўведзены супраць Масквы з пачатку 2022 года, то бок пасля ўварвання Расіі ва Украіну, «вернуцца, як толькі крызіс скончыцца».
Прэзідэнта ЗША таксама спыталі пра крытыку з боку некаторых замежных лідараў адносна адмены санкцый, але ў адказ ён нечакана накінуўся на ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага: «Я здзіўлены, што Зяленскі не хоча заключаць пагадненне. Скажыце Зяленскаму, каб ён заключыў здзелку, бо Пуцін гатовы заключыць здзелку», — сказаў Трамп.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтону не патрэбна дапамога ў перахопе іранскіх дронаў на Блізкім Усходзе.
5 сакавіка Пентагон звярнуўся да Украіны па дапамогу ў перахопе іранскіх дронаў, выкарыстоўваючы вопыт украінскіх вайскоўцаў у збіцці расійскіх беспілотнікаў. Уладзімір Зяленскі пагадзіўся дапамагчы, але цяпер Трамп заявіў, што «нам не патрэбна дапамога», дадаўшы, што «апошні чалавек, ад якога нам патрэбна дапамога — гэта Зяленскі».
Пры гэтым лідар ЗША адмовіўся каментаваць, ці прынялі Штаты дапамогу ад Украіны ў галіне тэхналогій перахопу беспілотнікаў.
Таксама Трамп дапусціў, што Расія можа дзяліцца з Іранам данымі выведкі пра размяшчэнне амерыканскіх войскаў, аргументаваўшы гэта тым, што некаторую інфармацыю ЗША перадаюць Украіне і спрабуюць усталяваць мір паміж краінамі.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю для журналіста Фарыда Закарыя заявіў, што Расія аказвае дапамогу іранскаму рэжыму для атак па базах ЗША і краінах на Блізкім Усходзе.
У ходзе размовы ў прэзідэнта спыталі, ці ёсць у яго нейкая інфармацыя пра тое, што расіяне перадавалі Ірану даныя выведкі пра размяшчэнне амерыканскіх войскаў і аб'ектаў, каб Тэгеран мог іх атакаваць.
У адказ Зяленскі сказаў, што перш за ўсё Расія перадала Ірану «Шахеды» ўласнай зборкі, якія Іран выкарыстоўваў для удараў па аб'ектах ЗША. «Яны выкарыстоўваюць іранскія ліцэнзіі, па якіх яны пабудавалі і вырабілі вялікую колькасць дронаў. Яны перадалі іх. У мяне ёсць 100% факты, што іранскі рэжым прымяняў іх супраць амерыканскіх баз і супраць нашых блізкаўсходніх суседзяў Ірана», — сказаў кіраўнік Украіны.
Ён дадаў, што з Украінай падзяліліся данымі, і Кіеў бачыў, што некаторыя дэталі ў іранскіх дронах з'яўляюцца расійскімі.
Акрамя гэтага, Расія дапамагае Ірану данымі выведкі, апраўдваючы гэта тым, што раз Еўропа і ЗША дапамагаюць Украіне разведкай, то і Масква можа рабіць тое ж самае для Тэгерана. «Мая разведка паведаміла мне, што яны лічаць, што РФ дзеліцца інфармацыяй, данымі з іранскім рэжымам... Яны кажуць: «Калі Еўропа і ЗША могуць дапамагаць Украіне данымі ў гэтай вайне, гэта значыць, што Расія можа дапамагаць іранскаму рэжыму». Такая іх кропка гледжання на гэта. Так што гэта факт, і вы бачыце, што гэта не вялікі сакрэт», — рэзюмаваў Зяленскі.
* * *
Японія разглядае магчымасць прымянення ўдарных дронаў украінскай вытворчасці для ўмацавання сваіх абаронных магчымасцяў, піша Kyodo news.
Паводле даных крыніц, адным з варыянтаў з'яўляецца падпісанне двухбаковага пагаднення аб перадачы зброі.
Як растлумачылі крыніцы, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі імкнецца абмяняць абаронныя тэхналогіі сваёй краіны на зброю Японі. Але Японія абмяжоўвае перадачу зброі ў адпаведнасці са сваёй Канстытуцыяй.
Паводле слоў дыпламатычнай крыніцы, гэтая ідэя з'явілася пасля таго, як Украіна абмеркавала гэтае пытанне з Японіяй.
Хоць набыццё дронаў у Ізраілі таксама з'яўляецца варыянтам, японскі ўрад, відаць, лічыць, што закупка беспілотнікаў ва Украіне будзе менш спрэчнай на фоне шырокай міжнароднай крытыкі дзеянняў ізраільскай арміі ў Сектары Газа.
Украінскія дроны вядомыя сваёй далёкасцю палёту і ўстойлівасцю да радыёэлектроннага падаўлення, адзначае выданне.
«Хоць Японія мае невялікі вопыт у сферы дронаў, Украіна неаднаразова мадэрнізавала свае за кароткі прамежак часу на аснове рэальнага баявога вопыту, што зрабіла іх надзвычай эфектыўнымі», — адзначыла крыніца ў Міністэрстве абароны Японіі.
У праекце бюджэту на 2026 фінансавы год, які пачнецца ў красавіку, міністэрства вылучыла 277,3 млрд іен (1,7 млрд долараў) на ўмацаванне абароны з дапамогай беспілотных сродкаў, у прыватнасці на стварэнне сістэмы «Сінхранізаванай, гібрыднай, інтэграванай і ўзмоцненай прыбярэжнай абароны» (SHIELD) для адбіцця варожых атак на аддаленыя астравы. План прадугледжвае набыццё велізарнай колькасці дронаў, у тым ліку для атак і назірання.