Дзеці Дональда Трампа хочуць купляць украінскія кампаніі па вытворчасці беспілотнікаў
У той час як Дональд Трамп дасылае кампліменты Пуціну і здымае санкцыі з расійскай нафты, ягоныя дзеці маюць намер укладацца ў вытворчасць украінскіх беспілотнікаў. Украіна паспяхова супрацьстаіць «Шахедам», і працягвае стрымліваць РФ на полі боесутыкнення. Ідуць 1476-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 130 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 29 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Чырвонага Ліману, Ніканораўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Грышына, Маладзецкага, Котліна, Удачнага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 28 атак арміі РФ у раёнах Мірнага, Лугаўскога, Гуляйполя і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі.
На Славянскім кірунку УСУ спынілі 11 атак расіян у кірунку Рэзнікаўкі і ў раёнах Закітнага, Платонаўкі, Фёдараўкі.
На Ліманскім і Аляксандраўскім кірунках зафіксавана па пяць боесутыкненняў на кожным.
* * *
У ноч на 10 сакавіка Расія атакавала Украіну 137 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 122 БпЛА.
У ноч на 10 сакавіка расійскія войскі з дапамогай беспілотніка пашкодзілі прыватныя дамы ў Халаднагорскім раёне Харкава. Пазней яны другі раз за ноч атакавалі гэты раён горада, пацярпелі чатыры чалавекі.
Расіяне атакавалі Дняпро. У выніку ўдару выбуховай хваляй пашкоджаны шматпавярховы дом, дзесяць чалавек атрымалі раненні, сярод іх — 12-гадовы хлопчык.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін 9 сакавіка правялі тэлефонную размову. Памочнік кіраўніка Крамля Юрый Ушакоў заявіў, што размова «прайшла па ініцыятыве амерыканскага боку»: «Акцэнт быў зроблены на сітуацыі вакол канфлікту з Іранам і на трохбаковых перамовах па ўкраінскім урэгуляванні, якія вядуцца пры ўдзеле прадстаўнікоў ЗША».
Памочнік кіраўніка Крамля распавёў, што Трамп выказаў зацікаўленасць у тым, каб вайна РФ супраць Украіны завяршылася найхутчэйшым выхадам на спыненне агню і дасягненне доўгатэрміновага ўрэгулявання.
«…На лініі баявога сутыкнення расійскія войскі прасоўваюцца вельмі паспяхова. Гэта з'яўляецца фактарам, які павінен заахвоціць рэжым у Кіеве пайсці па шляху перамоўнага ўрэгулявання канфлікту», — удакладніў нюансы размовы Ушакоў.
Нагадаем, што на мінулым тыдні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распавёў, што падчас зімова-веснавой контрнаступальнай аперацыі ўкраінскія абаронцы змаглі вызваліць ад расіян каля 460 квадратных кіламетраў. А 2 сакавіка Генштаб УСУ паведамляў, што ўкраінскія воіны дэакупавалі дзевяць населеных пунктаў на Аляксандраўскім кірунку.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з прэсай распавёў пра сваё бачанне тэлефоннай размовы з Пуціным. Лідар ЗША сказаў, што размова была «вельмі добрай», а на лініі з кожнага боку было шмат людзей. Адной з тэм размовы стала вайна ва Украіне.
Адной з тэм перамоў стала сітуацыя на Блізкім Усходзе. «Мы, зразумела, пагаварылі пра Блізкі Усход. І ён хоча быць карысным. Я сказаў: "Вы маглі б быць яшчэ больш карыснымі, калі б паклалі канец вайне паміж Украінай і Расіяй. Гэта было б больш карысна"», — падкрэсліў прэзідэнт ЗША.
* * *
Кіраўнік Белага дома Дональд Трамп дапусціў варыянт, што частка санкцый супраць РФ, звязаных з нафтай, можа быць адменена на пастаяннай аснове.
Спачатку Трамп у размове з журналістамі сказаў, што адмяняе нафтавыя санкцыі «супраць некаторых краін» (відавочна маючы на ўвазе РФ), пакуль сітуацыя з цэнамі не стабілізуецца. «Мы адмяняем некаторыя санкцыі, звязаныя з нафтай, каб знізіць цэны. У нас ёсць санкцыі супраць некаторых краін, але мы здымаем іх да таго часу, пакуль сітуацыя не стабілізуецца», — сказаў амерыканскі лідар.
У наступнай фразе ён дапусціў, што абмежаванні могуць і не аднаўляць. «А потым, хто ведае, можа быць, нам і не прыйдзецца іх зноў уводзіць», — заявіў Трамп.
Раней міністр фінансаў ЗША Скот Бесент заявіў, што адміністрацыя ЗША разглядае магчымасць адмены санкцый у дачыненні да расійскай нафты, якая знаходзіцца ў танкерах, каб павялічыць прапанову на сусветным рынку і пазбегнуць дэфіцыту.
* * *
Дзеці прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, Эрык і Дональд-малодшы, інвеставалі ў стартап Powerus, які плануе купляць украінскіх вытворцаў беспілотнікаў, піша The Wall Street Journal. Кампанія мае намер ліцэнзаваць украінскія тэхналогіі для вытворчасці дронаў на тэрыторыі Злучаных Штатаў.
Стартап Powerus плануе выйсці на біржу NASDAQ праз механізм «зваротнага зліцця» з кампаніяй Aureus Greenway Holdings, якая зараз валодае палямі для гольфа ў Фларыдзе. Сярод ключавых акцыянераў гэтай структуры — інвестыцыйны фонд сям'і Трампаў American Ventures.
Акрамя таго, акцыянерам праекта з'яўляецца кампанія Unusual Machines, якая займаецца вытворчасцю кампанентаў для дронаў. Членам яе кансультатыўнага савета і саўладальнікам з'яўляецца Дональд Трамп-малодшы.
Гендырэктар Powerus Эндрю Фокс патлумачыў змяненне профілю бізнесу тым, што рынак дронаў будзе развівацца значна хутчэй за рынак гольфа.
Сузаснавальнік Powerus і ветэран Сіл спецыяльных аперацый ЗША Брэт Велікавіч пацвердзіў, што кампанія ўжо вядзе перамовы з украінскімі распрацоўшчыкамі. Мэта стартапа — альбо поўны выкуп украінскіх прадпрыемстваў, альбо ліцэнзаванне іх тэхналогій.
Паводле слоў Велікавіча, вопыт украінскіх вытворцаў, атрыманы ў рэальных баявых умовах, з'яўляецца надзвычай каштоўным для стварэння эфектыўных беспілотнікаў у ЗША.