План развіцця эканомікі — шпіянаж на карысць Украіны
Навагоднія святы скончыліся. Час цверазець. Так адбываецца кожны год: перад Новым годам і падчас яго ўрад і ўлады пачынаюць справаздачыцца, як мы добра жывём, і як цудоўна, што ў нас такой мудры правадыр. А пасля святаў ужо можна паказаць і іншыя лічбы.

Памятаеце, у святы Нацбанк пахваліўся чарговым рэкордам па росце ЗВР? Дык тое было ў святы. А цяпер той жа Нацбанк выкаціў зусім несуцяшальную статыстыку. І вось, здавалася б — чаму паміж публікацыяй гэтых лічбаў разбежка ў тыдзень? Таму што пераможныя рэляцыі — у Новы год, а больш-менш аб'ектыўная статыстыка — у будні. Не трэба людзям свята псаваць.
Такім чынам, цяпер мы ведаем, што афіцыйная інфляцыя ў 2025 годзе зноў не ўпісалася ў адведзены ёй 5%-ны калідор, і за год, паводле папярэдніх даных, склала 6,8%. Гэта пры тым, што цэны ў Беларусі павышаць па-ранейшаму «забараняецца».
У той жа час, як паведамляе Нацбанк, шырокая грашовая маса на 1 студзеня 2026 года склала 103,03 млрд рублёў, і за 2025 год вырасла на 16,1%, або на 14,28 млрд рублёў. Аб’ём наяўных грошай у абароце за мінулы год вырас на 22,1%, або на 2,625 млрд рублёў, да 14,48 млрд рублёў.
Здавалася б, калі інфляцыя ў нас 6,8%, а ШГМ вырасла на 16%, то можна падумаць, што беларусы, напэўна, сталі багацейшымі амаль на 10%. Інакш як патлумачыць павелічэнне колькасці грошай на гэтыя працэнты у параўнанні з інфляцыяй? Але бяда: багацейшымі беларусы чамусьці не становяцца.
Проста таму, што інфляцыя «ад Нацбанка» і рэальная інфляцыя — гэта дзве розныя рэчы. Эканамісты шмат разоў казалі пра «інфляцыйны навес» у краіне, і падобна, гэты навес нікуды не падзеўся. І нават пачынае прасочвацца ў рэальныя эканамічныя адносіны.
І што цікава: адмыслоўцы кажуць, што «інфляцыйны навес» — каля тых жа 10%. Такім чынам, рэальная інфляцыя без забароны павышэння цэн была б блізу 16% — менавіта на тую лічбу, на якую ўзрасла грашовая маса (чытай — дадрукавай грошы Нацбанк). Супадзенне?
Аднак найбольш цікавая апошняя лічба — рост аб’ёму наяўных грошай у абароце за мінулы год больш чым на 20%. Усе спецыялісты зазначаюць, што наяўныя грошы — гэта «паліва» для «шэрага сектара» эканомікі. «Кэш» — гэта разлікі з рук у рукі, часам міма касы, міма банкаўскіх рахункаў і ўвагі падатковых органаў. І тое, што за год такія разлікі выраслі амаль на чвэрць — гэта вельмі цікавы, але і трывожны сімптом.
З яго вынікае шмат высноў — не толькі пра нармальнае жаданне кожнага чалавека плаціць падаткаў настолькі менш, наколькі яму дазваляе заканадаўства, але і, напрыклад, пра недавер да беларускай банкаўскай сістэмы. Бо калі людзі замест банкаўскіх картак усё часцей карыстаюцца гатоўкай — гэта пра нешта ды гаворыць.
Зрэшты, пытанне не толькі ў тым, як нашы людзі марнуюць грошы. Яшчэ вялікае пытанне, як яны іх зарабляюць. На шостым годзе пасля 2020-га беларускае Міністэрства адукацыі выдала пастанову, якой… зацвердзіла парадак адбору кандыдатаў для навучання за мяжой!
Дакумент тычыцца адбору кандыдатаў для атрымання адукацыі ў замежных арганізацыях у межах міжнародных дамоў, па якіх Мінадукацыі з’яўляецца адказным органам з беларускага боку. У адпаведнасці з ім, у замежныя арганізацыі могуць быць накіраваныя выпускнікі 11 класаў для атрымання адукацыі па праграме бакалаўрыяту, а навучэнцы ВНУ — для праходжання стажыроўкі.
Так і хочацца спытаць іх: «Вы сур’ёзна?» Ніхто з Мінадукацыі ніколі нічога не чуў пра дзікія чэргі на апастыль выпускных дакументаў для навучання за мяжой? Ды само ж гэтае ведамства ўвяло ў 2025-м электронную чаргу на апастыль, а месцы ў гэтай чарзе куплялі-прадавалі да 100 рублёў! Па факце гэта азначае, што ехаць вучыцца за межы Беларусі можна (і трэба) без ніякіх пастаноў міністэрства і адбору кандыдатаў. Адбор будзе ўжо ў замежнай ВНУ — праз экзамены, як і ўсюды.
І дарэчы, у пастанове Мінадукацыі сярод неабходных дакументаў ёсць такая штука, як «аформленае ў пісьмовай форме абавязацельства кандыдата аб вяртанні ў Беларусь». І вось тут зноў хочацца спытаць: «А то што?» Што будзе, калі «кандыдат» у выніку ў Беларусь не вернецца?
Зразумела, што на яго навесяць «доўг перад дзяржавай», але ведаеце — з тых, хто з’ехаў з Беларусі на навучанне ў тую ж Польшчу, мала хто плануе вяртацца назад. Бо занадта розны ўзровень магчымасцяў для выпускніка польскай ВНУ ў ЕС — і ў Беларусі. Напрыклад, таго ж працаўладкавання — пачынаючы ад узроўню заробку і заканчваючы магчымасцю самавыяўлення.
З самавыяўленнем у РБ па-ранейшаму ніяк. Адзін раз няправільна выкажашся — і «чорныя спісы» будуць найменшым наступствам для чалавека, які прывык у Польшчы да зусім іншага ўзроўню свабоды слова.
І нехта ж атрымліваў грошы за распрацоўку гэтага дакументу!
Але нельга казаць пра тое, што ўся праца нашага ўрада бескарысная. Вось прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын на нарадзе, прысвечанай вынікам і планам працы нафтаперапрацоўчай галіны, адзначыў, што нашая нафтаперапрацоўка за мінулы год атрымала рэнтабельнасць у 7-8%. У асноўным таму, што ўрад дамовіўся з Расіяй на перапрацоўку давальніцкай сыравіны. То-бок, нам даюць нафту, мы яе перапрацоўваем і атрымліваем альбо грошыкі, альбо частку нафтапрадуктаў за перапрацоўку пакідаем у сябе.
На нарадзе Турчын сказаў, што хацеў бы пачуць ад прадстаўнікоў галіны, як яны будуць развіваць мінулагоднія поспехі.
Турчын не можа не ведаць, што гэтых поспехаў мы дасягнулі ў асноўным за кошт таго, што Украіна пастаянна атакуе беспілотнікамі і ракетамі расійскія НПЗ. А беларускія пакуль не атакуе, і больш бяспечна перапрацоўваць нафту ў нас.
«Развіваць мінулагоднія поспехі» тут можна толькі адным чынам: «зліваць» Узброеным сілам Украіны дакладныя каардынаты расійскіх нафтабаз і прадпрыемстваў нафтаперапрацоўкі. Чым больш іх разбомбіць УСУ ў Расіі — тым больш нафты на перапрацоўку атрымаем мы.
Ці будзе Турчын шпіёніць для УСУ?