Прадстаўнік ЕС: Міжнародная супольнасць не павінна зніжаць ціск на Расію з-за дэфіцыту нафты

Міжнародная супольнасць не павінна зніжаць ціск на Расію і абавязана працягваць кантроль за захаваннем абмежаванняў на цану расійскай нафты, заявіў прэзідэнт Еўрапейскага савета Антоніу Кошта. Зяленскі заклікаў ЗША ціснуць на Расію, а ў Штатах праводзяць аднабаковыя перамовы з РФ. Ідуць 1478-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

649864572_1282024007444008_820082725311865861_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 128 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ з ранішняй зводцы 12 сакавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 24 штурмы расіян у раёнах Біліцкага, Нікіфараўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Котліна, Удачнага, Мураўкі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 22 атакі паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Берастака і Софіеўкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбылася 21 атака у раёнах Гуляйполя, Наваўкраінкі, Залізнічнага, Кветкавага, Мірнага.

* * *

У ноч на 12 сакавіка расіяне запусцілі па Харкаве ўдарныя беспілотнікі. Паводле інфармацыі гарадскога галавы Ігара Церахава, зафіксаваны траплянні ў двух раёнах горада.

Уначы 12 сакавіка расійскія войскі атакавалі Менскую грамаду Чарнігаўскай вобласці, загінула 15-гадовая дзяўчына, яе бацькі атрымалі раненні.

Таксама расійская армія дронам нанесла ўдар па раённым упраўленні паліцыі ў Шостцы Сумскай вобласці, больш за 40 супрацоўнікаў параненыя.

У ноч на 12 сакавіка ў Ціхарэцкім раёне Краснадарскага краю Расіі беспілотнікі атакавалі нафтабазу, пажар ахапіў 150 квадратных метраў. Згодна з аналізам Astra кадраў ад відавочцаў, загарэліся рэзервуары на мясцовай нафтабазе, якая адносіцца да перавалачнага пункта ТАА «Ціхарэцк-Нафта».

* * *

649816377_1282496614063414_6970802669938134743_n.jfif

* * *

Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткаф у сетцы Х у ноч на 12 сакавіка паведаміў пра сустрэчу з расійскай дэлегацыяй на чале з пасланнікам кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна Кірылам Дзмітрыевым.

«Сёння ў Фларыдзе расійская дэлегацыя на чале са спецыяльным пасланнікам Кірылам Дзмітрыевым сустрэлася з дэлегацыяй ЗША, у склад якой уваходзілі спецыяльны пасланнік Стыў Уіткаф, Джарэд Кушнер і старшы саветнік Белага дома Джош Грунбаўм», — напісаў Уіткаф.

Ён не паведаміў дэталяў перамоў, абмежаваўшыся толькі адной фразай: «Бакі абмеркавалі шэраг пытанняў і дамовіліся заставацца на сувязі».

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Politico заклікаў лідара ЗША Дональда Трампа ўзмацніць ціск на кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна, а не на Кіеў у пытанні спынення вайны.

Зяленскі падкрэсліў, што Украіна падтрымлівае правядзенне перамоў і адзначыў ключавы ўплыў у іх Трампа. У той жа час прэзідэнт заявіў, што ЗША павінны больш ціснуць менавіта на Расію.

«Мы не давяраем Расіі, але я думаю і веру, што амерыканцы сапраўды хочуць пакончыць з гэтай вайной. Я спадзяюся, што яны нам дапамогуць, але нам трэба больш ціску на Расію, а не на мяне», — сказаў украінскі лідар.

* * *

Міжнародная супольнасць не павінна зніжаць ціск на Расію і абавязана працягваць кантроль за захаваннем абмежаванняў на цану расійскай нафты, заявіў прэзідэнт Еўрапейскага савета Антоніу Кошта ў сетцы Х.

Паводле слоў Кошты, падчас сустрэчы прадстаўнікі краін «Вялікай сямёркі» засяродзілі ўвагу на магчымых наступствах падзей у Іране і на Блізкім Усходзе. Галоўнай задачай, паводле яго слоў, застаецца мінімізацыя ўплыву крызісу на глабальную бяспеку і сусветны энергетычны рынак.

Кошта падкрэсліў, што кантроль за захаваннем усталяванай столі цэн на расійскую нафту застаецца важным інструментам ціску. «Забеспячэнне захавання гранічнай цаны на нафту дапаможа стабілізаваць рынкі і абмежаваць даходы Расіі. Цяпер не час аслабляць санкцыі супраць Расіі», — падкрэсліў Кошта.

* * * 

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання міжнародныя партнёры перадалі Украіне сотні адзінак цяжкага ўзбраення, якое адыграла ключавую ролю ў супрацьстаянні расійскай арміі на полі бою. Паводле інфармацыі UA War Infographics, сярод атрыманага ўзбраення — 688 танкаў, 516 гаўбіц і 65 рэактыўных сістэм залпавага агню.

Сярод танкаў першынство ўтрымлівае Польшча, якая перадала 258 адзінак. Далей ідуць Нідэрланды — 86 танкаў і Данія — 67 танкаў.

У катэгорыі гаўбіц лідарам з'яўляюцца ЗША з 198 адзінкамі. Вялікабрытанія перадала 88 гаўбіц, а Італія — 46.

Што тычыцца РСЗА, найбольшую дапамогу аказалі ЗША (32 сістэмы), Чэхія — 12 сістэм і Германія — 8 сістэм.

«Цяжкае ўзбраенне абмяркоўваюць радзей з-за дамінавання дронаў і наземных рабатызаваных комплексаў на лініі фронту. У той жа час артылерыя, танкі і РСЗА застаюцца крытычна важнымі для вядзення баявых дзеянняў, знішчэння ўмацаванняў і падтрымкі пяхоты», — напісалі аналітыкі DeepState.