Паляванне на грузінаў: як СССР знішчаў урад Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў эміграцыі

 Пасля паразы ў вайне з бальшавікамі ўрад Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі апынуўся ў выгнанні — але не ў бяспецы. Савецкія спецслужбы гадамі вялі паляванне на грузінскіх палітыкаў, спрабуючы знішчыць не толькі людзей, але і саму памяць пра легітымную альтэрнатыву СССР.

Паседжанне Нацыянальнага Савета, 26 мая 1918. Аўтар: Boris Kozak - Museum.Ge, commons.wikimedia.org

Паседжанне Нацыянальнага Савета, 26 мая 1918. Аўтар: Boris Kozak - Museum.Ge, commons.wikimedia.org

На фоне процьмы ўрадаў з тэрыторыі былой Расійскай імперыі, якія апынуліся ў выгнанні пасля грамадзянскай вайны, урад Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР) выглядаў вельмі асобна. Калі легітымнасць практычна ўсіх іншых урадаў была каламутнай, то адносна ГДР пытанняў на гэты конт не ўзнікала.

У 1919 годзе ў краіне прайшлі сапраўдныя дэмакратычныя выбары, па выніках якіх былі сфарміраваныя парламент і кабінет пад кіраўніцтвам эсдэка Ноэ Жарданія. Гэты ўрад прызнавалі многія краіны і міжнародныя сацыялістычныя арганізацыі, у тым ліку структуры Другога Інтэрнацыяналу. У 1921 годзе Жарданія і яго міністрам давялося ўцякаць з-за інтэрвенцыі бальшавікоў. Цэнтрам эміграцыі спачатку стаў Стамбул, пазней — Парыж.

Для СССР структуры ГДР былі небяспечныя не як вайсковая сіла, а як легітымны палітычны і ідэалагічны цэнтр, здольны мабілізаваць міжнародную падтрымку. Нядзіўна, што грузіны сталі мішэнню шэрагу аперацый савецкіх спецслужбаў. У эмігранцкія арганізацыі ўкараняліся агенты, якія даносілі пра планы, расколвалі шэрагі, кампраметавалі лідараў. Савецкая дыпламатыя пастаянна патрабавала ад Турцыі, Францыі і іншых краін выдачы «контррэвалюцыянераў» або спынення іх «падрыўной дзейнасці».

Глядзіце таксама

Асобны і вельмі важны аспект — роля Лаўрэнція Паўлавіча Берыі, які ў 1930-я гады фактычна курыраваў барацьбу з грузінскай палітычнай эміграцыяй. Для яго гэтая тэма мела і асабістае вымярэнне. Яшчэ да прызначэння кіраўніком НКУС СССР Берыя кіраваў аперацыямі па выяўленні і знішчэнні ячэек, звязаных з грузінскай эміграцыяй, а пазней асабіста кантраляваў агентурную працу па ўкараненні ў эмігранцкія колы і вярбоўцы інфарматараў.

Берыя разумеў, што недастаткова фізічна знішчыць суперніка — неабходна сцерці саму памяць пра легітымную альтэрнатыву. У 1935 годзе, займаючы пасады першага сакратара Грузінскага і Закаўказскага крайкамаў, ён выступіў з серыяй лекцый, якія ляглі ў аснову яго сумна вядомай кнігі «Да пытання аб гісторыі бальшавіцкіх арганізацый у Закаўказзе».

У гэтай працы Грузінская Дэмакратычная Рэспубліка была абвешчаная «марыянеткавым буржуазна-памешчыцкім урадам» нямецкіх і ангельскіх імперыялістаў. Гэтая схема стала абавязковай дзяржаўнай дактрынай для ўсёй савецкай гістарыяграфіі на дзесяцігоддзі.

Важная роля ў барацьбе з ГДР надавалася фізічнай ліквідацыі вядомых грузінскіх палітыкаў. У Парыжы ў 1930 годзе быў забіты экс-прэм’ер Ноэ Рамішвілі. Іншыя дзеячы эміграцыі, у тым ліку Георгій Цэрэтэлі і Сімон Мдзівані, знаходзіліся пад сталым наглядам савецкіх спецслужбаў; смерці некаторых з іх у эміграцыі выклікалі падазрэнні, але да канца даказаныя версіі так і не былі агучаныя.

Існаваў і план выкрадання або забойства самога Ноэ Жарданія. Паводле аднаго са сцэнароў, яго павінны былі сілай заштурхаць у аўтамабіль, даставіць у порт (верагодна, у Гаўр) і пераправіць на савецкі параход, дзе ўжо чакала «тройка» НКУС для хуткага суда і пакарання. Аперацыя так і не была рэалізаваная. Паводле распаўсюджанай версіі, план быў спынены пасля ўмяшання Сталіна, які асабіста ведаў Жарданія яшчэ з пачатку 1900-х гадоў.

Ноэ Жарданія. Крыніца: Wladimir Woytinsky, La Démocratie Géorgienne (Paris: Librairie Alcan Lévy, 1921)

Ноэ Жарданія. Крыніца: Wladimir Woytinsky, La Démocratie Géorgienne (Paris: Librairie Alcan Lévy, 1921)

Аднак больш імаверна, што забойства палітыка такога маштабу ў сэрцы Еўропы магло сарваць дыпламатычныя намаганні СССР па стварэнні «народных франтоў» і ператварыць Жарданія ў мучаніка, аб’яднаўшы вакол яго імя ўсю грузінскую эміграцыю.

Так ці інакш, да канца 1930-х гадоў эмігранцкі ўрад ГДР быў у значнай ступені абезгалоўлены і дэмаралізаваны — як рэпрэсіямі, так і ўнутранымі канфліктамі. Падчас Другой сусветнай вайны цікавасць да Жарданія зноў узмацнілася. У нацысцкага кіраўніцтва існавалі планы выкарыстаць грузінскую эміграцыю, аднак Жарданія катэгарычна адмовіўся ад супрацоўніцтва з Гітлерам, лічачы нацызм ворагам сацыялізму і дэмакратыі.

Ноэ Жарданія памёр сваёй смерцю 11 студзеня 1953 года ў Парыжы — усяго за некалькі месяцаў да смерці Сталіна. Яго пахаванне стала апошняй буйной маніфестацыяй грузінскай палітычнай эміграцыі і своеасаблівым маркерам завяршэння цэлай эпохі. Да 1960-х гадоў урад у выгнанні канчаткова ператварыўся ў маральны і гістарычны сімвал, а не ў рэальны палітычны інстытут. Яго асноўнай функцыяй стала захаванне архіваў, выданне гістарычных прац і напамін свету пра савецкую акупацыю Грузіі.

Аднак ідэі ГДР і памяць пра яе не зніклі. Яны захаваліся ў грузінскай нацыянальнай свядомасці і сталі адной з інтэлектуальных асноў дысідэнцкага руху за незалежнасць у познесавецкі перыяд.

*****

Як эпілог. У сакавіку 1992 года дэлегацыя грузінскага ўрада ў выгнанні прыбыла ў незалежны Тбілісі. Яе прадстаўнікі перадалі новым уладам дзяржаўны архіў ГДР, дзяржаўную пячатку і, што самае галоўнае, арыгінал Акта аб незалежнасці Грузіі ад 26 мая 1918 года — тым самым завяршыўшы сваю амаль 70-гадовую місію захавальнікаў дзяржаўнасці.

Акт незалежнасці Грузіі. Крыніца: archive.gov.ge

Акт незалежнасці Грузіі. Крыніца: archive.gov.ge