2026 — год айца Аляксандра Надсана
2026 год пройдзе для Беларусі пад знакам айца Аляксандра Надсана (1926–2026) — сьвятара, славіста-беларусіста, аднаго са стваральнікаў лёнданскай Скарынаўкі і чалавека, які вярнуў беларусам гістарычную памяць. Ягонае стагодзьдзе — нагода наноў прачытаць тэксты, зразумець маштаб зробленага і ўбачыць, як у выгнаньні быў створаны сапраўдны беларускі культурны цэнтр сусьветнага значэньня.

Аляксандр Надсан у Вільні. Фота: ЭГУ
Стогадовы юбілей Аляксандра Надсана прыпадае на жнівень, але цягам усяго году ў сьвеце будуць адбывацца падзеі і імпрэзы, прысьвечаныя айцу Аляксандру — «чалавеку-установе», як з пашанай называў яго Мацей-Муса Канапацкі.
Сьвятар, але перадусім — адзін з найвыбітнейшых славістаў-беларусістаў ХХ і пачатку ХХІ стагодзьдзя, адзін са стваральнікаў лёнданскай Скарынаўкі і яе шматгадовы галоўны бібліятэкар, айцец Надсан толькі здаваўся «простым кніжнікам», які ўсім «служыў радай і матэрыяламі», як пісаў ён сам Міколу Панькову 29 кастрычніка 1980 году. Насамрэч гэта быў чалавек, які не хаваўся ў кнігах, хоць вельмі ўтульна пачуваўся ў іхнай кампаніі. Ён часта выходзіў за межы бібліятэчных сьценаў, калясіў па сьвеце, сустракаўся з беларусамі, расьцярушанымі па розных кантынэнтах, яднаў іх, зьбіраў і набываў старыя кнігі, перакладаў і выдаваў новыя, маліўся, бясконца выступаў і пісаў пра Беларусь на розных мовах.

Аляксандр Надсан у Вільні. Фота: ЭГУ
Стагодзьдзе айца — гэта нагода наноў прачытаць ягоныя тэксты, узгадаць учынкі, словы, знакаміты гумар і зразумець шматузроўневую, дагэтуль не ацэненую інтэлектуальную спадчыну ў галіне гуманітарных навук: ад мовазнаўства да гісторыі, ад літаратуразнаўства да перакладазнаўства і ўласна перакладу, ад скарыназнаўства да кітабістыкі. Гэта таксама нагода вярнуць з забыцьця яго публіцыстычную спадчыну, зьдзіўляцца маштабу адной асобай зробленай літургічнай перакладніцкай працы, адкрыць малавядомыя старонкі выдавецкай і рэдактарскай дзейнасьці, а таксама працы, што спрыяла разьвіцьцю беларускай дысыдэнцкай думкі.
Глядзіце таксама

Асобнага дасьледаваньня і асэнсаваньня чакае велічная эпісталярная спадчына айца. Лісты выразна паказваюць: ён быў ня проста «кніжнікам» і дапамагаў радай славіст-к-ам усяго сьвету, але адным з найбольш уплывовых беларусістаў ХХ стагодзьдзя і фактычным стваральнікам паваеннай глабальнай сеткі беларусістыкі, што ахапіла Эўропу, Азію, Амэрыку і Аўстралію.
Гуманіст-палеміст, інаватар думкі, сьвятар Аляксандар Надсан знайшоў сэнс жыцьця ў выгнаньні — у эўрапейскім Лёндане. Як і ягоны ў пэўным сэнсе кумір Францішак Скарына ў Празе, айцец скарыстаўся вольніцай, каб разам з паплечнікамі ўмацаваць беларушчыну — кніжна, слоўна, акадэмічна. Ён заклаў не ўтапічны, а цалкам рэальны беларускі град па-за межамі радзімы — Скарынаўку.
Глядзіце таксама

Сябра і паплечнік айца, брытанскі беларусіст Джым Дынглі, у адной з размоваў заўважыў, што, падаецца, дасюль «ня ўсе беларусы зразумелі, што айцец вярнуў ім гістарычную памяць». Перачытваючы ягоныя тэксты і лісты, гэта становіцца відавочным: настойлівае і пасьлядоўнае вяртаньне з забыцьця беларускіх імёнаў, тэкстаў і фактаў, і прапанова крытычна чытаць усё створанае імпэрыямі пра нас.
Усіх — з Новым годам. Цяпер мы ведаем: ён пройдзе пад знакам айца Аляксандра Надсана — чалавека, які яшчэ пры жыцьці набыў славу «духоўнага лідара беларусаў у эміграцыі», бо заўсёды імкнуўся аб’ядноўваць, а не разьядноўваць. Магчыма, менавіта гэтага так і не зразумелі многія цяперашнія нібыта лідары: сапраўдны лідар — той, хто любой цаной працуе на еднасьць супольнасьці. Менавіта таму прэзыдэнтка БНР Івонка Сурвіла і назвала айца Аляксандра «беларусам № 1».