Illa Falažynski прэзентуе новы сінгл «Suzirańnie» ў Дзень роднай мовы

21 лютага беларускі аўтар-выканаўца і мастак Illa Falažynski (Ілля Фаляжынскі), які жыве і працуе ў Варшаве, прадставіць новы сінгл «Suzirańnie». Рэліз у жанры acoustic indie уключае тры кампазіцыі: «Zachvareŭ na ciabie», «Adzinoty, 5» і «Dalej». Сінгл ужо даступны на ўсіх асноўных музычных платформах.

fota_2__1_.jpg

Дата прэзентацыі абраная невыпадкова — 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Такім чынам рэліз атрымаў дадатковае сімвалічнае гучанне.

Песні з каранціну — у студыйным гучанні

Як распавядае сам Ілля, кампазіцыі, што ўвайшлі ў сінгл, не з’яўляюцца абсалютна новымі.

«Песні, якія ўвайшлі ў новы сінгл, не зусім новыя. Я запісваў іх жыўцом на камеру яшчэ ў 2020 годзе — у час абмежаванняў — для свайго YouTube-праекта “Песні на карантыне”. І цяпер іх можна знайсці на канале і параўнаць з новымі студыйнымі версіямі», — адзначае музыка.

Усе тры трэкі былі запісаныя ў Варшаве на студыі Everest Media пры ўдзеле саўндпрадзюсара Паўла Сінілы. Аранжыроўку, звядзенне і майстарынг выканаў Дзмітрый Матуйза, з якім артыст супрацоўнічае ўжо не першы год — раней яны разам працавалі над альбомамі, EP і асобнымі сінгламі.

Візуальная частка: жывапіс як працяг музыкі

vokladka__1__5.jpg

Вокладку «Suzirańnie» Ілля стварыў сам. Гэта новая карціна з аднайменнай назвай, выкананая ў стылі пуантылізму — тэхніцы, заснаванай на дробных кропкавых або прамавугольных мазках.

Паводле аўтара, у працы ён хацеў перадаць адчуванне радзімы нават па-за яе межамі. У абрысах мясцовай пальмы праглядаецца бяроза — знакавы для беларускай прыроды вобраз. Такім чынам, візуальны пласт рэлізу працягвае тэму культурнай памяці і ўнутранай сувязі з домам.

Пра што новыя песні

«Zachvareŭ na ciabie» — эмацыйная гісторыя пра моцнае захапленне, якое параўноўваецца з хваробай. У тэксце з’яўляюцца вобразы «ахоўнага касцюма замалога памеру» і «пажару на вуснах», што стварае атмасферу інтымнасці і непазбежнасці пачуццяў.

«Adzinoty, 5» — рэфлексія пра прастору памяці і самоты. Вобразы «вуліцы Адзіноты, 5» і дому, дзе «каманды былой не сабраць», перадаюць настальгію па мінулым і адчуванне страчанай супольнасці.

«Dalej» — найбольш філасофская і трывожная кампазіцыя рэлізу. Песня створаная паводле санета Уільяма Шэкспіра ў перакладзе Уладзіміра Дубоўкі. Гэта гісторыя пра шлях, пошук сэнсу і рух наперад — нават тады, калі мэта не цалкам зразумелая.

Пра артыста

Illa Falažynski (Ілля Фаляжынскі) — беларускі аўтар-выканаўца і мастак, які жыве ў Варшаве. Шырокай аўдыторыі стаў вядомы ў 2015 годзе дзякуючы песні «Зялёная гарбата». Аўтар альбомаў «Схавацца ў туман» (2016) і «Navobmacak» (2019), намінант прэміі «Адкрыццё году» паводле парталу Tuzinfm.by.

У 2023 годзе ўзяў удзел у міжнародным трыб’юце Марку Болану з песняй «Dziŭnaje žyćcio» («Life is Strange»), якая выйшла на афіцыйным рэлізе брытанскага лэйбла Easy Action.

20 верасня 2025 года, у свой дзень народзінаў, прэзентаваў сінгл «Kudy ty idzieš?», а 13 кастрычніка — у дзень народзінаў мастака Язэпа Драздовіча — кампазіцыю «Drazdovič» на верш Альгерда Бахарэвіча.

Артыст анансуе новыя музычныя сюрпрызы і заклікае сачыць за абнаўленнямі на сваіх старонках.

Слухаць «Suzirańnie»

YouTube

Facebook

Spotify: Illa Falažynski | Spotify

SoundCloud

Behance