InformNapalm просіць абмяняць затрыманую ў Кіеве беларускую шпіёнку на журналіста Дзяніса Івашына

Заснавальнік міжнароднай валанцёрскай супольнасці InformNapalm і галоўны рэдактар InformNapalm.org Раман Бурко ў Facebook публічна звярнуўся да Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны і ўкраінскіх структур, якія займаюцца абменамі палонных з ініцыятывай абмену беларускай шпіёнкі на журналіста Дзяніса Івашына.

ivaszyn1_logo_1_1.webp

Журналістку Іну Кардаш затрымалі ў Кіеве 27 студзеня ў выніку сумеснай спецаперацыі ўласнай бяспекі ГУР і следчых СБУ пад кіраўніцтвам Офіса генпракурора.

Аперацыя доўжылася некалькі месяцаў. Супрацоўнікі СБУ і ГУР, як гаворыцца ў іх паведамленні, дакументавалі дзейнасць беларускай шпіёнкі і вялі з ёй аператыўную гульню, якая дазволіла «не толькі задакументаваць кожны яе крок, але і праз яе рэгулярна дэзінфармаваць беларускую спецслужбу».

Паводле следства, Кардаш працавала на беларускі КДБ з 2015 года. У 2020 годзе яе накіравалі для агентурнай працы на тэрыторыю Украіны — на гэты час, як заявілі ў спецслужбах, шпіёнка ўжо знаходзілася ў полі зроку СБУ.

Прыкрыццём служыла журналісцкая дзейнасць: яна працавала на падсанкцыйным канале Медзведчука «112», а пазней уладкавалася ў адно з вядучых медыя Украіны.

Ад беларускага КДБ яна атрымала заданне збіраць інфармацыю пра беларусаў і расіян, якія ваююць супраць Расіі на баку Украіны, а таксама павінна была ўстанавіць сувязі з супрацоўнікамі пасольства КНР у Кіеве, каб сабраць інфармацыю пра дзейнасць кітайскіх дыпламатаў ва Украіне.

Раман Бурко нагадвае, што ў палоне рэжыму Лукашэнкі з 2021 года знаходзіцца галоўны рэдактар беларускай рэдакцыі InformNapalm Дзяніс Івашын, асуджаны да 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за журналісцкія публікацыі пра экс-супрацоўнікаў «Беркута», якія перайшлі на службу Лукашэнку.

Глядзіце таксама

Ён прызнаны палітычным вязнем, і ў Літве, і ў ЗША, і ва Украіне на высокіх дыпламатычных узроўнях ведаюць пра яго лёс і ведаюць, што з 12 сакавіка 2021 года ён незаконна зняволены ў Беларусі за сваю журналісцкую дзейнасць, OSINT-даследаванні і за праўду, якую распавядаў у сваіх матэрыялах.

«З 2014 года Дзяніс Івашын пісаў артыкулы і папярэджваў, што Беларусь можа патрапіць у прамую залежнасць і ціхую акупацыю РФ, а пазней беларуская тэрыторыя можа быць выкарыстана расіянамі як плацдарм для агрэсіі супраць Украіны і краін Балтыі.

Шмат у чым яго прагнозы і артыкулы аказаліся прарочымі, і мы лічым Дзяніса Івашына сапраўдным вязнем сумлення і барцом за волю Беларусі. Рэжым унутранай акупацыі Беларусі, які падсілкоўваецца Масквой, спрабаваў прадставіць Дзяніса «здраднікам» толькі за тое, што ён распавядаў праўду пра сапраўдных ваенных злачынцаў, публікаваў выкрывальныя артыкулы і OSINT-даследаванні», — адзначае Раман Бурко.

Заснавальнік InformNapalm зазначае, што Дзяніс не быў агентам, ён «быў і застаецца чалавекам добрай волі, які змагаўся за праўду і справядлівасць і распавядаў свету пра расійскую агрэсію. Дзяніс шчыра падтрымліваў і падтрымлівае вызваленчую барацьбу ўкраінскага народа».

У сувязі з гэтым Раман Бурко публічна звяртаецца да Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны і іншых украінскіх структур, якія займаюцца абменамі палонных: «Калі гэтую беларускую шпіёнку плануюць абменьваць, мы просім разгледзець варыянт яе абмену на журналіста Дзяніса Івашына».

«Мы, як міжнародная валанцёрская супольнасць InformNapalm, просім спрыяць яго вызваленню з няволі», — дадаў ён.

Глядзіце таксама