Спецрасследаванне: каго ці што абараняе «Беркут» у Беларусі. Частка І
Байцы ўкраінскага расфармаванага спецпадраздзялення «Беркут» стаялі плячом да пляча з баявікамі «Антимайдана». Ратуючы рэжым Януковіча многія «беркутаўцы» намагаліся патапіць абаронцаў Украіны ў крыві. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці многія з іх уцяклі не толькі ў дзяржаву-агрэсар РФ і акупаваны ёю Крым і частку Данбасу, але і ў Беларусь, у якой яны абараняюць ужо рэжым Лукашэнкі.
У новым маштабным раследаванні, першую частку якога вы чытаеце, мы падаем новыя звесткі пра выяўленых экс-байцоў «Беркута» на службе ў абароне дыктатуры ў Расіі і Беларусі.
Удакладненне ідэнтыфікацыйных даных
У выніку першага расследавання, праведзенага аўтарам у 2017 годзе, былі выяўленыя тры ўцекача-«беркутаўца» на службе ў беларускай міліцыі: Мікалай Стагарняк, Сяргей Гаўрыляк і Сяргей Панасенка. Усе яны з’яўляюцца байцамі АМАП ГУУС Мінгарвыканкаму.
Падчас правядзення новага расследавання была не толькі пацверджаная сапраўднасць прозвішча фігуранта папярэдняга расследавання — Сяргея Панасенкі, — але нават высветлена яго поўнае імя, дакладная дата і месца нараджэння.
Панасенка Сяргей Сяргеевіч (укр. — Панасенко Сергій Сергійович)
Нарадзіўся 01.02.1988 г. у вёсцы Ганніўка Беразанскага раёна Мікалаеўскай вобласці УССР. Пражываў у вёсцы Уляніўка Мікалаеўскага раёна той жа вобласці. Пасля заканчэння тэрміновай вайсковай службы быў прыняты ў роту міліцыі асаблівага прызначэння (РМАП) «Беркут» пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці. У лістападзе 2013 года ў складзе мікалаеўскага падраздзялення быў накіраваны ў Кіеў. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці ўцёк у Беларусь. Ад рэжыму Лукашэнкі ён атрымаў грамадзянства і службу ў мінскім АМАПе.
Пасля публікацыі вынікаў папярэдняга расследавання Панасенка змяніў назву свайго акаўнта ў сацсеціве «VK» на "Сергей Чернобаев", выдаліў фотаздымкі і некалькі дзясяткаў кантактаў са спісу сяброў. Таксама скарыстаўся магчымасцю сацсетак зрабіць свой акаўнт прыватным і закрыў доступ да яго кантэнту. Аднак яго профіль цалкам захаваны ў сервісах веб-архіву. Усе выдаленыя ім кантакты былі знойдзеныя, што дазволіла выявіць яшчэ некалькі фігурантаў гэтага расследавання.Сяргей Панасенка апазнаны на супольным фотаздымку, у якім зафіксаваны таксама фігурант папярэдняга расследавання, колішні «беркутавец» і баец мінскага АМАПу Мікалай Стагарняк.
На фота бачныя пагоны на абмундзіраванні Панасенкі, яны сведчаць пра прыналежнасць да сяржантаў. Меркаванае званне — старшы сяржант.
У выніку выведкі адкрытых крыніц інфармацыі (OSINT) вызначана, што Сяргей Панасенка сведчыў на судовым працэсе супраць аднаго з лідараў нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі Змітра Дашкевіча. 31 снежня 2016 года Дашкевіч быў затрыманы непадалёк ад свайго дома і дастаўлены ў аддзел Першамайскага РУУС Мінска. Паводле яго слоў, гэта адбылося без тлумачэння якіх-небудзь прычынаў з боку міліцыі. У той дзень Дашкевіч планаваў разам са сваімі паплечнікамі сустрэць Новы год у цэнтры Мінска пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
З улікам шматгадовай практыкі дзеяння рэпрэсіўнай машыны ў Беларусі, супраць грамадскіх актывістаў на судзе сведчаць міліцыянты, якія непасрэдна і здзяйснялі іх затрыманне. Згодна з пастановай справы пра адміністрацыйнае правапарушэнне, супраць Дашкевіча сведчыў менавіта Сяргей Панасенка, які давёў суду, што актывіст нібыта не падпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі (арт. 23.4 КаАП РБ), у выніку чаго Дашкевіча асудзілі да штрафу ў 50 базавых велічыняў (1150 рублёў).
Фотакопія пастановы №6/96-17 з 16.01.2017 г. справы пра адміністрацыйнае правапарушэнне, складзенай на Змітра Дашкевіча
Характэрна, што падчас свайго затрымання Дашкевіч здзяйсняў відэафіксацыю, якая цалкам абвяргае словы Панасенкі.
Таксама вызначана, што Сяргей Панасенка непасрэдна ўдзельнічаў у фантасмагарычнай гісторыі з затрыманнем двух братоў, мінчукоў Аляксандра і Віктара Куўшынавых. Абодва асобна адзін ад аднаго 15 ліпеня 2020 года прыбылі да будынку ЦВК, каб падаць скаргу на нерэгістрацыю кандыдатаў у выбарчай кампаніі. Пасля таго, як прыём скаргаў быў спынены, Аляксандр Куўшынаў на ровары накіраваўся дадому, але не змог праехаць праз ачапленне на праспекце Незалежнасці, якое выставілі супрацоўнікі АМАПу. Ён быў затрыманы і змешчаны ў ІЧУ на вуліцы Акрэсціна.
Момант затрымання Аляксандра Куўшынава байцамі АМАПу, якія змясцілі яго ў аўтазак «шляхам паветранага пералёту»
Яго брат Віктар Куўшынаў быў затрыманы непадалёк ад будынку Галоўпаштамту, куды ён накіроўваўся, каб падаць скаргу па пошце пасля закрыцця Цэнтрвыбаркаму. Абодва браты ў выніку аказаліся ў адным аўтазаку.Цікава, што Панасенка, які затрымліваў Куўшынавых, першапачаткова давеў суду няслушнае месца іх фактычнага затрымання. Адлегласць паміж месцам (вуліца Мяснікова, 26), пазначаным ім у пратаколах адміністрацыйнага парушэння, і месцам фактычнага затрымання (праспект Незалежнасці, 11) складае ажно паўтара кіламетры. То-бок, Сяргей Панасенка за шэсць гадоў свайго знаходжання ў Мінску і службе ў шэрагах сталічнай міліцыі не вывучыў нават цэнтр беларускай сталіцы.
Сэлфі Аляксандра і Віктара Куўшынавых у аўтазаку
Справа была вернутая судом на дапрацоўку ў Маскоўскае РУУС Мінска, пасля гэтага Аляксандра і Віктара Куўшынавых асудзілі да 10 і 11 сутак арышту адпаведна. На ўсіх судовых пасяджэннях Панасенка адсутнічаў, паводле словаў камандзіра АМАП ГУУС Мінска Дзмітрыя Балабы, ён нібыта знаходзіўся ў камандзіроўцы па-за межамі Мінска, аднак нейкім чынам змог даць сведчанні пра памылку адносна месца затрымання братоў.З матэрыялаў адміністрацыйнай справы вынікае, што ў дачыненні да Аляксандра Куўшынава ён прымяняў фізічную сілу. У справе маецца і пратакол апытання самога Сяргея Панасенкі.
Гэты дакумент дае факталагічнае пацвярджэнне не толькі выяўленых раней дакладных ініцыялаў і даты нараджэння Панасенкі, алё і з’яўляецца дакументальным сведчаннем службы гэтага экс-байца «Беркута» ў шэрагах мінскага АМАПу. Паводле пэўнай інфармацыі, Сяргей Панасенка служыць, меркавана, у 5-й аператыўнай роце ГУУС АМАП Мінскага гарвыканкаму.Таксама знойдзенае дадатковае пацвярджэнне пра службу ў мінскім АМАПе яшчэ аднаго фігуранта папярэдняга расследавання, колішняга мікалаеўскага «беркутаўца» Сяргея Гаўрыляка.
Гаўрыляк Сяргей Мікалаевіч (укр. — Гавриляк Сергій Миколайович)
Нарадзіўся 06.02.1984 года ў вёсцы Зялёнае Мікалаеўскай вобласці УССР. Пасля праходжання тэрміновай вайсковай службы быў прыняты ў РМАП «Беркут» пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці. Быў накіраваны ў Кіеў у складзе мікалаеўскага падраздзялення ў лістападзе 2013 года. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці ўцёк разам з сям’ёю ў Беларусь.
Вызначана, што 21 верасня 2017 года Сяргей Гаўрыляк і яшчэ адзін мінскі амапавец, Дзяніс Шарэц, удзельнічалі ў затрыманні анархіста Рамана Халілава. Згодна са словамі Халілава, амапаўцы спынілі яго на вуліцы для высвятлення асобы, аднак нягледзячы на тое, што Раман даў ім свой пашпарт, яго затрымалі і даставілі ў РУУС.
Раман Халілаў у судзе. Фота svaboda.org
Гаўрыляк і Шарэц сведчылі ў судзе Завадскога раёна Мінска, што Халілаў нібыта хапаўся за іх форму, здзяйсняў супраціў і спрабаваў учыніць бойку. Гэтыя паказанні сталі падставай для абвінавачвання Халілава ў непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП РБ) і асуджэння яго да адміністрацыйнага штрафу ў памеры 15 базавых велічыняў.
Цікава, што Сяргей Гаўрыляк пасля раскрыцця інфармацыі пра яго службу ў МУС РБ змяніў нікнэйм свайго акаўнта сацсетцы «VK» на «Алексей Кравченко», прыбраў звесткі пра свае навучанне ў Мікалаеўскім нацыянальным універсітэце, а таксама выдаліў з кантактаў практычна ўсіх сяброў і не пакінуў ніводнага фотаздымку.
Новыя фігуранты
Дзякуючы зачыстцы Сяргеем Панасенкам свайго акаўнта «VK» і аналізу выдаленых ім кантактаў са спісу сяброў былі выяўленыя новыя фігуранты расследавання — байцы спецпадраздзялення «Беркут», якія са свайго мікалаеўскага «гнязда» пераляцелі не толькі ў Беларусь, але і ў Расію, і на тэрыторыю акупаванага ёй Крыму.
Прымак Анатоль Анатольевіч (укр. — Примак Анатолій Анатолійович)
Нарадзіўся 23.04.1990 г. у вёсцы Іваніўка Арбузынскага раёна Мікалаеўскай вобласці УССР. Пасля праходжання тэрміновай вайсковай службы быў прыняты ў роту міліцыі асаблівага прызначэння «Беркут» пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці. Разам з іншымі таварышамі па службе ўцёк у Беларусь пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці. Баец АМАП ГУУС Мінскага гарвыканкама.
У поле зроку Анатоль Прымак трапіў як калега «беркутаўца» Мікалая Стагарняка. Менавіта ў такім статусе апошні пазначыў яго ў спісе кантактаў свайго акаўнта ў «VK». Згаданы вышэй акаўнт Анатоля Прымака на сёння знаходзіцца ў замарожаным стане, доступу да яго няма.
Пад нікнэймам акаўнта пададзеная інфармацыя з раздзелу адукацыя, з якой вынікае, што Анатоль Прымак навучаўся ў Нацыянальнай акадэміі ўнутраных спраў Украіны.
У выніку правядзення паглыбленага аналізу акаўнтаў байцоў мікалаеўскага «Беркуту» і супастаўлення з выдаленымі Сяргеем Панасенкам кантактамі былі знойдзеныя яшчэ два профілі Анатоля Прымака, адзін з якіх падпісаны псеўдам «Станислав Семенюк» і на сёння актыўны.
Пасля публікацыі ў 2017 годзе інфармацыі пра выяўленых у Беларусі «беркутаўцаў» гэты акаўнт быў зачышчаны, з яго выдалены персанальны фотаздымак Прымака, шматлікія допісы, а са спісу сяброў — практычна ўсе акаўнты супрацоўнікоў МУС РБ. Аднак папярэднюю версію акаўнта ўдалося адшукаць у кэшы расійскай пошукавай сістэмы «Яндекс».
Захаваны ў кэшы пошукавіка «Яндекс» акаўнт Анатоля Прымака
У якасці аватаркі да гэтага акаўнта Прымак выкарыстаў уласны фотаздымак, зроблены поруч з забаўнай скульптурай «Лазенніку» (народнае найменне «Вясёлы Вася») ля лазні №7 на вуліцы Маскоўскай у Мінску.
Адзін з ужо выдаленых допісаў у стужцы гэтага акаўнта Анатоль Прымак зрабіў 19 студзеня 2017 года. У ім ён змясціў супольны фотаздымак удзельнікаў спартовых спаборніцтваў.
Анатоль Прымак стаіць крайні справа
У выніку выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі вызначана, што 17 і 18 студзеня 2017 года на базе Цэнтра фізічнай падрыхтоўкі асабовага складу (ЦФПАС) ГУУС Мінгарвыканкама праходзіў чэмпіянат па рукапашным бою сярод супрацоўнікаў мінскай міліцыі. Паводле інфармацыі дзяржаўнага выдання «CБ. Беларусь Сегодня» і сайту БФСТ «Дынама», другое месца ў самай цяжкой вагавай катэгорыі (больш за 90 кг) здабыў баец мінскага АМАПу Анатоль Прымак.
Гэтыя інфармацыйныя рэсурсы падалі і фотаздымкі са згаданага чэмпіянату. Адзін з іх амаль ідэнтычны фота, выкладзенаму Прымаком у сваім акаўнце, толькі зроблены з іншага ракурсу.
Анатоль Прымак крайні справа. Фота: sb.by
На іншым фота Прымак зафіксаваны падчас судзейства вынікаў ягонага спарынгу з, меркавана, супрацоўнікам ЦФПАС.
Анатоль Прымак гэтым разам не перамог. Фота: dynamo.by
Вызначана, што Анатоль Прымак — удзельнікк пабліку «Политика| ПМОП “Беркут” оплот спокойствия страны». У траўні 2016 года адміністрацыя гэтага пабліку, каб высветліць, хто сярод яго ўдзельнікаў з’яўляўся байцом «Беркуту», змясціла адмысловае апытанне. Грэбуючы ўсімі захадамі бяспекі, на яго адказаў і Анатоль Прымак, які пазначыў, што служыць у спецыяльным узводзе АМАПу.
Паводле інфармацыі з уласных крыніцаў, у структуры мінскага АМАПу маюцца як мінімум два асобныя ўзводы.Падаем дадатковыя выяўленыя фотаздымкі Анатоля Прымака, зробленыя да яго ўцёкаў з Украіны пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці ў Беларусь. Яны могуць дапамагчы ў выяўленні супрацоўнікаў МУС, якія, магчыма, датычныя да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў.
Цікава, што прозвішча гэтага мікалаеўскага «беркутаўца» фігуравала 6 сакавіка 2020 года ў справе разгляду судом Цэнтральнага раёна Мінска адміністрацыйнай справы вядомага беларускага грамадскага актывіста і анархіста Мікалая Дзядка за ўдзел у акцыі «Свабоду палітвязням» 26 лютага гэтага ж года ў Мінску. Прымак быў выкліканы на суд у якасці сведкі разам з іншым супрацоўнікам АМАПу, аднак на пасяджэнне не прыйшоў — нібыта праз хваробу.
Падчас правядзення расследавання ў поле зроку трапіў яшчэ адзін таварыш па службе, экс-баец спецпадраздзялення «Беркут» Дзмітрый Анцупаў. Ён быў выяўлены сярод кантактаў байцоў мікалаеўскага «Беркута», а таксама дзейных супрацоўнікаў паліцыі Украіны, якія пазначылі яго ў якасці свайго калегі.
Анцупаў Дзмітры Ігаравіч (укр. — Анцупов Дмитро Ігорович)
Нарадзіўся 13.10.1975 г. у Вольску Саратаўскай вобласці РСФСР. Пражываў у Мікалаеве. Адзін з ветэранаў РМАП «Беркут» у Мікалаеўскай вобласці, на службу ў гэта падраздзяленне быў прыняты яшчэ ў 1990-х гадах. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці стаў афіцэрам новай спецроты міліцыі, сфарміраванай з колішніх «беркутаўцаў». Меркавана, вясной ці летам 2014 года ўцёк у Беларусь. Служыць у АМАП УУС Мінскага аблвыканкаму.
Дзмітрый Анцупаў падчас практычнай стральбы на палігоне, Украіна
З дапамогай вывучэння акаўнтаў сацсетак байцоў мікалаеўскай роты «Беркута» выяўлены і ідэнтыфікаваны на супольных фотаздымках яго таварышаў па службе.
У месцы дыслакацыі мікалаеўскага «Беркута». Дзмітрый Анцупаў — першы злева. Фота зробленае не раней за лістапад 2008 года
На гэтым фота таксама зафіксаваны апошні камандзір мікалаеўскага «Беркута» падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Кулікоў (крайні справа), поруч з ім — яго намеснік, капітан міліцыі Анатоль Гарбуноў, які таксама можа хавацца на тэрыторыі Беларусі (больш пра яго ў наступных частках расследавання).
Упершыню ў крыніцах адкрытага доступу ў якасці супрацоўніка беларускай міліцыі Дзмітрый Анцупаў выяўлены ў матэрыяле дзяржаўнага прапагандысцкага выдання «СБ. Беларусь сегодня». Гэтая публікацыя прысвечаная праведзенай нарадзе ва УУС Мінскага аблвыканкама, што адбылася ў ліпені 2018 года і была прымеркаваная падсумаванню вынікаў працы абласнога атраду міліцыі асаблівага прызначэння за першае паўгоддзе. У ёй прынялі ўдзел намеснік начальніка УУС палкоўнік міліцыі Віталь Казлоў і камандзір мінскага абласнога АМАПу маёр міліцыі Сяргей Бялькевіч. Экс-«беркутавец» Дзмітрый Анцупаў ідэнтыфікаваны ў апублікаваным фотаздымку з гэтай нарады.
Дзмітры Анцупаў пазначаны чырвоным колам / sb.by
Апроч гэтага Дзмітрый Анцупаў быў зафіксаваны ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканала «СТВ» пра здачу іспыту на права нашэння чорнага берэта байцамі АМАПу, які праходзіў 20 лістапада 2019 года. Сюжэт апублікаваны на відэахостынгу YouTube. На хранаметражы, пачынаючы з 2:25 у эпізодзе з каментарам амапаўца Івана Кудзіна адносна здачы іспыту, на заднім плане леваруч можна пабачыць чалавека ў цывільным, што разам з іншымі назірае за спарынгам байцоў АМАПу і азіраецца назад, нібы аналізуючы абстаноўку.
Кадр з відэасюжэта тэлеканала «СТВ». Дзмітрый Анцупаў пазначаны чырвоным колам
Гэтага моманту было дастаткова, каб аб’ектыў тэлекамеры выразна зафіксаваў аблічча Дзмітрыя Анцупава.
Ідэнтыфікацыя Дзмітрыя Анцупава з дапамогай параўнаўчага аналізу выкадроўкі відэасюжэту «СТВ» з фотаздымкамі з яго акаўнтаў сацсетак
Варта дадаць, што відэафіксацыя Анцупава была здзейсненая непасрэдна ў месцы дыслакацыі мінскага АМАПу (вул. Герояў 120-й дывізіі).
З даных, апублікаваных 26 кастрычніка 2020 года на тэлеграм-канале «Кибер-Партизаны», вынікае, што Дзмітрый Анцупаў з’яўляецца інспектарам аддзелу спецпадрыхтоўкі АМАП міліцыі грамадскай бяспекі УУС Мінскага аблвыканкаму. Гэтая інфармацыя заслугоўвае даверу, бо пазначаная ў ёй дата нараджэння фігуранта цалкам супадае з вызначанай у выніку расследавання.
Пададзеная актывістамі пасада Анцупава ў мінскім абласным АМАПе адпавядае той, якую ён займаў у мікалаеўскім спецпадраздзяленні.
Вызначана, што станам на красавік 2014 года Дзмітрый Анцупаў быў намеснікам камандзіра новасфарміраванай спецроты і старшым інспектарам баявой службовай падрыхтоўкі спецроты міліцыі Мікалаева, меў званне капітана міліцыі.
24 красавіка 2014 года ён прыняў удзел у тактыка-спецыяльных вучэннях на блокпосце дзеля адпрацоўкі асабовым складам свайго падраздзялення неабходных дзеянняў, каб забяспечваць грамадскі парадак і пазбягаць збройных канфліктаў у Мікалаеве, а таксама каб фільтраваць транспартныя сродкі і здзяйсняць неабходныя захады ў выпадку магчымага прарыву.
Дзмітрый Анцупаў падчас правядзення вучэнняў на блокпосце, красавік 2014 г., Мікалаеў. Фота news.pn
На пытанне журналіста наконт настрою ў падраздзяленні, Анцупаў запэўніў, што байцы маюць патрыятычныя погляды і гатовыя абараняць сваю Радзіму і краіну. Варта асабліва зазначыць, што на момант гэтага інтэрв’ю ўжо быў акупаваны Крым, а на Данбасе паўтара тыдні ў межах поўнамаштабнай антытэрарыстычнай аперацыі адбываліся баявыя дзеянні з расійскімі падраздзяленнямі.
Пакуль мы высвятляем прычыны, па якіх Анцупаў вымушаны быў збегчы ў Беларусь, здрадзіць сваёй прысязе на вернасць Украіне і паступіць на службу ў сілавое ведамства Беларусі. Святло на гэта, аднак, могуць праліць яго ўласныя допісы ў акаўнце сацсеткі "ОК".
Праз некалькі месяцаў пасля сказаных ім словаў пра патрыятызм і абарону Радзімы ён, відавочна, знаходзячыся ўжо ў Беларусі, вырашыў адкрыта пазначыць свае стаўленне да расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны:
Вызначана, што акаўнт Анцупава — удзельнік паблікаў, прысвечаных «Антимайдану», тэрарыстычнаму ўтварэнню «Л/ДНР», а таксама ўсхваленню велічы і магутнасці Расіі. Апроч пашырэння допісаў з гэтых паблікаў Анцупаў распаўсюджвае тэксты прарасійскага сепаратысцкага пабліку «За Одессу-маму».
Стужка акаўнта проста перанасычаныя штампамі і наратывамі расійскай прапаганды пра «карателей», «геноцид народа Донбасса», «киевскую хунту», «героев-ополченцев».
Ці быў Анцупаў завербаваны расійскімі спецслужбамі і ці мог ён, як прадстаўнік камандавання аднаго з ключавых сілавых падраздзяленняў, выконваць пастаўленыя перад ім задачы падчас здзяйснення Расіяй на тэрыторыі Мікалаеўшчыны гібрыднай ваеннай агрэсіі праекту «Новороссия», павінна вызначыць украінскае следства.
Выпадак з Анцупавым — яскравае сведчанне таго, што, нягледзячы на пераатэстацыю колішніх супрацоўнікаў «Беркута» і іншых падраздзяленняў, у МУС Украіны могуць працягваюць службу шчырыя прыхільнікі «русского мира».
Такім чынам, на сёння апублікаваная факталагічная інфармацыя ўжо пра 5 байцоў расфармаванага ўкраінскага спецпадраздзялення «Беркут», якім дыктатарскі рэжым у Беларусі не толькі надаў прытулак і грамадзянства, але і прыняў іх на службу дзеля сваёй абароны.
Па-сутнасці, рэжым Лукашэнкі становіцца ў адзін шэраг з дзяржавай-агрэсарам РФ, для якой дэмакратычныя пераўтварэнні ва Украіне і Беларусі – экзістэнцыйная пагроза. Менавіта дзеля нівелявання гэтай пагрозы Расія залучыла ў свой сілавы рэпрэсіўны апарат большасць збеглых «беркутаўцаў».
Колькасць жа выяўленых байцоў «Беркута» ў Беларусі — не канчатковая, у наступных частках расследавання яна будзе толькі павялічвацца.