Gazeta Wyborcza: Расія наступае ў Беларусі «на тыя ж граблі», што і ва Украіне

За кошт гэтага Захад можа атрымаць шанец схіліць на свой бок беларусаў, нават не прыкладаючы асаблівых высілкаў.

Фотa: REUTERS

Фотa: REUTERS


У шэрагах удзельнікаў пратэстаў у Беларусі ёсць як людзі, добразычлівыя да Захаду, так і тыя, хто жадае большай інтэграцыі з Расіяй. У пачатку пратэстаў у жніўні справа нават часам даходзіла да сварак паміж дэманстрантамі. Але гэтыя разыходжанні ў поглядах страцілі значэнне ў тую хвіліну, калі АМАП пачаў жорстка атакаваць людзей на вуліцах.

Сёння ў Беларусі мае значэнне толькі адно: «Ты за Лукашэнку ці супраць яго?», — піша Gazeta Wyborcza.

Палітычны крызіс у Беларусі прымусіў суседзяў неяк рэагаваць. Захад, які да 9 жніўня моўчкі падтрымліваў Лукашэнку і лічыў, што захаванне статус-кво — гэта найлепшы выхад, быў прыціснуты да сцяны беспрэцэдэнтнай хваляй рэпрэсій на еўрапейскім кантыненце. Шакаваныя гвалтам еўрапейскія сталіцы сталі салідарнымі з беларусамі на вуліцах.

Масква падтрымала дыктатара, за кошт чаго ён трымае ўладу ў сваіх руках дагэтуль. Але гэта рашэнне паўплывала на стаўленне беларусаў да Расіі. На гэтыя змены паказваюць вынікі апытанняў, праведзеных у верасні і лістападзе «Беларускай аналітычнай майстэрняй» на чале з сацыёлагам Андрэем Вардамацкім. У лістападзе колькасць прыхільнікаў саюза з Расіяй скарацілася ў Беларусі ў параўнанні з вераснем на 11%. Такіх у краіне цяпер 40%. У той жа час, прыхільнікаў ЕС стала больш на 6% (у лістападзе такую пазіцыю займаюць 33% беларусаў).

Gazeta Wyborcza прызнае, што ў аўтарытарных умовах вынікі любых апытанняў выклікаюць сумневы. Бо людзі часта баяцца выказваць свае сапраўдныя погляды з-за страху перад пераследам. Аднак, іншых дадзеных аб «тэмпературы ў грамадстве» няма. Аб расчараванні палітыкай Расіі ўсё часцей можна пачуць на беларускіх вуліцах.

Перакананне, што без падтрымкі Уладзіміра Пуціна Лукашэнка ўжо б страціў уладу, вельмі папулярнае ў Беларусі. Расійскі лідар сапраўды дапамог беларускаму калегу захаваць уладу. Аднак, такія паводзіны маюць сваю цану. Да гэтага часу Беларусь была самай прарасійскай краінай Еўропы. Большасць яе жыхароў, як і Лукашэнка, мяркуюць, што беларусы і рускія — гэта «адзін народ». Спрыяе гэтаму дамінаванне рускай мовы і расійскіх СМІ, а таксама гістарычная палітыка Мінска, якая заўсёды падкрэслівала сувязі паміж краінамі.

Падтрымка Лукашэнкі з боку Крамля была натуральнай і зразумелай, калі ён быў самым папулярным палітыкам Беларусі. Але цяпер сітуацыя змянілася. Падтрымка палітычнага банкрута, які ўтрымлівае ўладу з дапамогай грубай сілы і супраць якога выступаюць людзі, лаяльныя да Расіі, — гэта ўжо іншая справа.

Выданне піша, што Лукашэнка звяртаецца да ўсё большых рэпрэсій. Толькі гвалт дазваляе яму трымаць уладу ў сваіх руках. Расійская падтрымка такой мадэлі ўлады спрыяе таксама страце беларускіх ілюзій у дачыненні да Масквы.

«У выніку вайны супраць Украіны Уладзімір Пуцін стаў самым ненавісным замежным палітыкам у гэтай краіне. Цяпер, падтрымліваючы Лукашэнку, ён зноў на шляху да паўтарэння такога “поспеху” яшчэ і ў Беларусі», — піша выданне.

І хоць у кароткай перспектыве падтрымка Крамля дазволіць Лукашэнку захаваць уладу, гэта можа таксама стварыць глыбокія перадумовы для канчатковага выхаду Беларусі з мядзведжых абдымкаў усходняга суседа. Да 9 жніўня дэмакратыя ў краіне лічылася крыніцай пагрозы для ўзмацнення супрацоўніцтва з Расіяй. Пасля таго дня з-за расійскай падтрымкі Лукашэнкі гэта змянілася.

Захад павінен толькі пазбегнуць іміджавых памылак у Беларусі і выявіць маштабы расійскай падтрымкі для беларускага аўтакрата. Астатняе зробіць сама Масква і яе ненавісны беларускі саюзнік.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ