«Прэзідэнту варта знайсці новых дарадцаў»: новым «мірным планам» Трампа абураны нават яго аднапартыйцы
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пацвердзіў, што чакае адказ Украіны па новым мірным плане да 27 лістапада. У той жа час гэтым планам незадаволеныя і Украіна, і еўрапейцы, і нават аднапартыйцы Трампа ў Кангрэсе і Сенаце ЗША. Акрамя таго, як аказалася, у плане прадугледжваюцца рэчы, на якія ЗША не маюць уплыву. Ідуць 1368-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 250 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 лістапада.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 66 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Шахава, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Лісоўкі, Дачнага, Філіі і ў іншых.
На Аляксандраўскім кірунку расіяне 31 раз атакавалі ў раёнах Іванаўкі, Зялёнага Гаю, Андрэеўкі-Кляўцова, Ялты, Студзеньскага, Ворана, Стэпавага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 29 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Клябан-Быка, Русінага Яру, Палтаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 23 разы каля Копанкі, Грэкаўкі, Карпаўкі, Шандрыгалава, Навасёлаўкі, Новаміхайлаўкі, Торскага і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 20 баявых сутыкненняў.
На Славянскім кірунку паблізу Серабранкі, Дронаўкі, Выімкі расійцы 17 разоў атакавалі пазіцыі УСУ.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 12 разоў спрабавала прасунуцца ў раёнах Сінельнікавага, Ваўчанска і ў кірунках Калодзежнага, Дварычанскага і Куцькіўкі.
На Гуляйпольскім кірунку абаронцы Укрваіны спынілі 10 атак у раёне Роўнапалля і ў кірунку Зацішша.
* * *
21 лістапада расійскія войскі здзейснілі некалькі невялікіх накатаў у Запарожжы, спрабуючы прарвацца ў Новаданілаўку і Малую Такмачку, паведамляе аналітычны праект DeepState.
У Новаданілаўку спрабавалі прарвацца танк і БТР. БТР змог даехаць да населенага пункта, высадзіць дэсант, але пры вяртанні яго дагналі пілоты дронаў Сіл абароны на поўнач ад Рабоціна. «Лёс тых пяхотнікаў, якія "заляцелі" ўглыб нашай абароны, відавочны», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама была спроба ў колькасці дзвюх ББМ і танка прарвацца ў Малую Такмачку з Новапакроўкі, але іх сустрэлі агнём украінскія байцы.
«Прамацванне абароны працягваецца. Цяпер праціўнік ужывае даволі малую колькасць рэсурсаў і калі расіянам удасца дасягнуць у гэтых спробах поспеху, то гэта будзе сімвалізаваць выключна пра праблемы ў абароне», — адзначаюць аналітыкі праекта.
Паводле даных DeepState, большы рэсурс расіяне пакуль не ўводзяць, хоць мінулая спроба штурму была больш масіраванай.
* * *
Па падліках агенцтва AFP на аснове даных Інстытута вывучэння вайны (ISW), рэалізацыя мірнага плана ЗША ў цяперашнім выглядзе можа прывесці да таго, што Расія без бою атрымае тэрыторыю, памерам амаль з Люксембург.
«Мірны план ЗША, з якім азнаёмілася AFP, прадугледжвае атрыманне Расіяй тэрыторый плошчай прыкладна 2300 квадратных кіламетраў — амаль столькі ж, колькі займае Люксембург (2 590 кв. км)», — піша выданне.
Украіна па плане саступіла б амаль 5000 квадратных кіламетраў у Данецкай вобласці і 45 квадратных кіламетраў у Луганскай вобласці. У абмен на гэта Масква нібыта павінна вярнуць амаль 2000 квадратных кіламетраў у Харкаўскай вобласці, 450 – у Днепрапятроўскай вобласці, 300 – у Сумскай вобласці і 20 – у Чарнігаўскай вобласці.
«План, прапанаваны Вашынгтонам, фактычна прадугледжвае перадачу 20% тэрыторыі Украіны (верагодна, тут AFP лічыць усю тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей, у тым ліку акупаваную з 2014 года — НЧ.) для вяртання менш за 0,5%», — гаворыцца ў матэрыяле AFP.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у падкасце вядучага Fox News Браяна Кілміда даў Украіне час да наступнага чацвярга, 27 лістапада, каб пагадзіцца на прапанаваны амерыканскім бокам «мірны план».
Вядучы ўдакладніў у Трампа, ці сапраўды наступны чацвер з'яўляецца тэрмінам, да якога Украіна павінна прыняць «мірны план» амерыканскага боку.
«У мяне было шмат крайніх тэрмінаў, але калі ўсё ідзе добра, то тэрміны, як правіла, працягваюцца. Але чацвер, на нашу думку, з'яўляецца прыдатным тэрмінам», — сказаў Трамп.
Амерыканскі прэзідэнт адхіліў агучаныя Кілмідам апасенні Украіны адносна «мірнага плана» — у прыватнасці неабходнасць саступіць тэрыторыі Расіі, паколькі «яны губляюць зямлю». «У мінулым месяцы яны (Украіна і Расія) страцілі 25 тысяч чалавек на дваіх. 25 тысяч чалавек. Гэта выйшла з-пад кантролю. Гэта крывавая бойня», — сказаў Трамп.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце да ўкраінцаў заявіў, што цяпер для Украіны адзін з самых цяжкіх момантаў гісторыі, яна стаіць перад цяжкім выбарам.
«Цяпер адзін з самых цяжкіх момантаў нашай гісторыі. Цяпер ціск на Украіну адзін з самых цяжкіх. Цяпер Украіна можа аказацца перад вельмі складаным выбарам — альбо страта годнасці, альбо рызыка страты ключавога партнёра. Альбо 28 пунктаў (плана Трампа), альбо вельмі цяжкая зіма, самая цяжкая і далейшыя рызыкі. Жыццё без свабоды, без годнасці, без справядлівасці, і каб мы верылі таму, хто напаў ужо двойчы. Ад нас будуць чакаць адказ», — сказаў ён..
Зяленскі заявіў, што нацыянальныя ўкраінскія інтарэсы павінны быць улічаныя.
«Мы не робім гучных заяў. Мы будзем спакойна працаваць з Амерыкай і ўсімі партнёрамі. Будзе канструктыўны пошук рашэнняў з нашым галоўным партнёрам. Я буду прыводзіць аргументы, я буду пераконваць, прапаноўваць альтэрнатывы, але дакладна мы не дадзім ворагу падстаў сказаць, што Украіна не хоча міру, што гэта яна зрывае працэс і гэта Украіна не гатова да дыпламатыі», — сказаў кіраўнік Украіны і паабяцаў зрабіць усё, каб адбылося заканчэнне вайны.
* * *
Еўрапейскія чыноўнікі непублічна абураюцца, што некаторыя прапановы «мірнага плана» ЗША па выкарыстанні расійскіх актываў на карысць Украіны пагражаюць іх перамовам у гэтым кірунку, піша Politico са спасылкай на суразмоўцаў у дыпламатычных колах ЕС.
Па словах крыніц выдання, перамовы ў Бруселі па выкарыстанні расійскіх актываў зараз знаходзяцца на «надзвычай далікатных этапе» дапрацоўкі юрыдычнага тэксту, які дазволіць выкарыстоўваць замарожаныя сродкі для надання пазыкі Украіне. Новы «мірны план» ЗША змяшчае канкуруючую ідэю выкарыстання гэтых жа актываў для аднаўлення краіны пад амерыканскім кіраўніцтвам, пры якім Штаты атрымаюць «50 працэнтаў прыбытку» ад гэтай дзейнасці.
Апытаныя Politico дыпламаты і чыноўнікі ЕС асцерагаюцца, што прапанова пасланца прэзідэнта ЗША Стыва Уіткафа зруйнуе шанцы на ўзгадненне прапановы аб расійскіх актывах паміж дзяржавамі Еўрасаюза.
Адзін высокапастаўлены чыноўнік ЕС у размове з Politico пагардліва адрэагаваў на амерыканскую прапанову, сказаўшы, што Трамп не мае паўнамоцтваў размарожваць актывы, размешчаныя ў Еўропе. Іншы высокапастаўлены палітык ЕС сказаў выданню: «Уіткафу трэба звярнуцца да псіхіятра».
* * *
Прапанаваны прэзідэнтам Дональдам Трампам «мірны план» з'яўляецца выйгрышным для расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і супярэчыць інтарэсам ЗША. Пра гэта ў пятніцу, 21 лістапада, заявілі сенатары-рэспубліканцы Мітч Макконэл і Роджэр Уікер, перадае The Hill.
Палітыкі раскрытыкавалі план, які быў таемна ўзгоднены паміж Вашынгтонам і Масквой, і які змяшчае шэраг непрымальных для Украіны палажэнняў.
«Гэты так званы "мірны план" мае сур'ёзныя недахопы, і я вельмі сумняваюся, што ён прынясе мір. Украіна не павінна быць вымушана аддаваць свае землі аднаму з самых нахабных ваенных злачынцаў у свеце — Уладзіміру Пуціну. Памер і структура Узброеных сіл Украіны — гэта суверэнны выбар яе ўрада і народа», — заявіў Уікер.
Ён падкрэсліў, што любыя гарантыі, дадзеныя Пуціну, не павінны ўзнагароджваць яго злачыннае паводзіны або падрываць бяспеку Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў.
«Любыя здагадкі, што можна дамаўляцца аб кантролі над узбраеннямі з серыйным хлусам і забойцам накшталт Пуціна, варта ўспрымаць з велізарным недаверам», — дадаў ён.
«Пуцін увесь год спрабаваў выставіць прэзідэнта Трампа на пасмешышча. Калі прадстаўнікі адміністрацыі больш заклапочаныя задавальненнем Пуціна, чым дасягненнем рэальнага міру, прэзідэнту варта знайсці новых дарадцаў», — заявіў Макконэл.
Макконэл падкрэсліў, што ўзнагароджваць расійскую агрэсію — гэта катастрофа для інтарэсаў Амерыкі.
* * *
Кангрэсмен-рэспубліканец Браян Фіцпатрык падаў петыцыю аб разблакаванні двухпартыйнага законапраекта аб увядзенні жорсткіх санкцый супраць краін, якія дапамагаюць Расіі весці вайну супраць Украіны. Такім чынам ён у пятніцу, 21 лістапада, адрэагаваў на паведамленне The Wall Street Journal пра тое, што прэзідэнт Дональд Трамп патрабуе ад Украіны пагадзіцца на «мірны план» да 27 лістапада.
«Гэтая прапаганда, распрацаваная Расіяй, павінна быць адхілена і праігнаравана як несур'ёзная лухта. У гэты момант неабходны мір дзякуючы сіле, а не задавальненню», — напісаў палітык у сацсетцы Х.
Як адзначыў Фіцпатрык, група кангрэсменаў паведаміла кіраўніцтву Палаты прадстаўнікоў аб зборы подпісаў пад так званай петыцыяй аб разблакаванні. Гэта робіцца, каб «прымусіць правесці галасаванне па жорсткіх санкцыях супраць Расіі» незалежна ад жадання Дональда Трампа.
Нагадаем, што раней Дональд Трамп быў гатовы падтрымаць законапраект аб новых санкцыях супраць саюзнікаў Расіі пры ўмове, што ён будзе кантраляваць гэтыя санкцыі.
Калі петыцыю Фіцпатрыка падпішуць 218 членаў Палаты прадстаўнікоў ЗША, гэта дазволіць паставіць законапраект на галасаванне ў пазачарговым парадку.