Беларуска Арына Пехцерава ўзяла пятае месца на дзіцячым «Еўрабачанні»

Фінал дзіцячага «Еўрабачання» адбыўся 29 лістапада. Беларусь на гэтым конкурсе прадставіла 12-гадовая Арына Пехцерава з Магілёва, якая заняла пятае месца. Пераможцам стала Францыя, якую прадстаўляла спявачка Валянціна Кранель.

arina_pekhtereva_evrovidenie_deti.jpg


Валянціна Кранель атрымала 200 балаў. На другім месцы Казахстан (152), на трэцім — Іспанія (133). Беларусь заняла пятае месца са 130 баламі, паведамляе TUT.BY.

Па выніках галасавання журы Беларусь апынулася на трэцім месцы — 73 балы. На другім быў Казахстан — 83 балы, на першым Францыя — 88 балаў. Але гледачы аддалі беларусцы ўсяго 57 балаў, што адсунула яе на пятае месца. Зрэшты, Казахстан, Польшча, Сербія паставілі Беларусі максімальныя 12 балаў.

Сёлета дзіцячае «Еўрабачанне» прайшло ў фармаце стрыму. «Каб абараніць здароўе артыстаў і забяспечыць правядзенне сумленнага і бяспечнага конкурсу, усе конкурсныя песні дэлегатаў будуць выконвацца ў студыі ў кожнай краіне-удзельніцы» — заявіў раней Еўрапейскі Вяшчальны Саюз.

Усяго ў музычным форуме прынялі ўдзел 12 краін.

Арына Пехцерава была абраная Белтэлерадыёкампаніяй шляхам унутранага адбору. Як адзначалася ў паведамленні, гэта было зроблена «каб абараніць здароўе артыстаў і членаў іх каманд, а таксама выключыць магчымасць масавага збору людзей».

Арына Пехцерава — вучаніца гімназіі № 1 Магілёва, салістка прадзюсарскага цэнтра «Анёлы дабра». Яна займаецца вакалам з 6 гадоў. Неаднаразова ўдзельнічала і перамагала ў рэспубліканскіх і міжнародных вакальных конкурсах і фестывалях, сярод яе ўзнагарод — срэбны медальён «Сусветнай асацыяцыі фестываляў «WAF».

Дзяўчынка ўдзельнічала ў тэлепраекце «Голас. Дзеці 6». Таксама Арына станавілася фіналісткай нацыянальных адбораў на дзіцячае «Еўрабачанне» ў 2017, 2018 і 2019 гадах.