«Уся люднасць Случчыны паўстала проці бальшавікоў». Што пісала прэса пра падзеі Слуцкага збройнага чыну?

У канцы лістапада 1920-га пачаўся Слуцкі збройны чын — гераічны чын народа ў барацьбе за незалежнасць. Першы дзень баёў — 27 лістапада — увайшоў у гісторыю як Дзень Герояў. Падзеі разгортваліся на Случчыне, але што пра іх ведалі на Беларусі? Падкажа тагачасная прэса. 

00_vokladka_49.jpg

Пра Слуцкі збройны чын напісана досыць шмат. Што праўда, калі паглядзець на публікацыі крытычным вокам, то можна заўважыць: тут пераважае гістарычная публіцыстыка, перанасычаная эмацыянальнымі ацэнкамі. Паўстанне альбо ўзносіцца да ідэалу, альбо неверагодна ганьбіцца. Грунтоўнае непрадузятае даследаванне яшчэ чакае свайго аўтара. І гэта зразумела, калі ў афіцыйным грамадстве пануе ўстаноўка, што Слуцкае паўстанне — гэта «антысавецкі бандытызм», то пра якое аб’ектыўнае даследаванне можа ісці гаворка? Яшчэ не час…

Каб пранікнуцца тымі баявымі часамі і зразумець, што адбывалася ў Беларусі ў 1920-я, варта звярнуцца да першакрыніц. А вось з гэтым дапаможа тагачасная прэса. У 1920 годзе ў Беларусі выдавалася ўжо далёка не адна газета. Прычым газеты былі рознага ідэалагічнага толку, самага рознага. Зразумела, падзеі асвятляліся размаіта: чыё выданне, таго і пазіцыя на старонках. Досыць падрабязна падзеі, якія адбываліся ў Слуцку і ваколіцах, асвятляла гродзенская газета «Беларускае Слова». У чарговыя ўгодкі Слуцкага паўстання пагартаем 100-гадовыя пажоўклыя старонкі, каб разабрацца: што адбывалася ў 1920-я і што Беларусь ведала пра паўстанне?


Глядзіце таксама

Яшчэ раз пра чын: кароткі гістарычны экскурс

Слуцкі збройны чын трываў у лістападзе – снежні 1920-га, у час, калі ішла польска-савецкая вайна. Падчас гэтага паўстання прайшлі баі паміж беларускімі сіламі, прыхільнымі да Беларускай Народнай Рэспублікі, і Чырвонай Арміяй. Паўстанне на Случчыне адбылося амаль адразу пасля заключэння Рыжскага дагавора аб перамір’і і ўмовах міру паміж Польшчай і Расіяй. Ні адна беларуская дэлегацыя, ад БНР ці ад БССР, не былі дапушчаны ні на перамовы, ні на падпісанне гэтага дагавора. Гэта абурыла народ…


Карта БНР

Карта БНР

Падчас самой вайны Слуцк некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. Напярэдадні падпісання папярэдняга акту Рыжскага дагавора, Слуцк быў пад польскім кантролем. Увосень пад кіраўніцтвам Беларускага нацыянальнага камітэта былі створаны першыя атрады народнай міліцыі, каля 500 чалавек. Палякі не чынілі ў тым перашкоды, бо збіраліся пакідаць тэрыторыю Случчыны ў адпаведнасці з дагаворам.

Рада Случчыны абвясціла ўсеагульную мабілізацыю, вынікам якой стала стварэнне вайсковых сіл, колькасцю да 10 000 чалавек (па розных звестках ад 4000 да 10 000). Гэтае войска здолела ўзяць пад кантроль шэраг населеных пунктаў, а 27 лістапада адбыліся першыя баі з бальшавікамі. У далейшым случчакі ваявалі партызанскімі метадамі. 31 снежня слуцкая брыгада мусіла адысці на польскую тэрыторыю.


Пячатка Рады Случчыны

Пячатка Рады Случчыны

Беларускі гісторык, які даследаваў Слуцкае паўстане, доктар Анатоль Грыцкевіч так выказваўся пра падзі 1920-га: «…У акрэсе гістарычнага лёсу Беларусі пачатку ХХ стагоддзя Слуцкі збройны чын адыграў значную ролю. Гэта быў патрыятычны выступ беларускага сялянства і інтэлігенцыі ў барацьбе за незалежнасць Бацькаўшчыны, за самастойную дзяржаву з легальнай дэмакратычнай уладай. Ён быў накіраваны супраць ганебнага падзелу тэрыторыі Беларусі паміж Расіяй і Польшчай.

Прафесар Анатоль Грыцкевіч

Прафесар Анатоль Грыцкевіч

Слуцкія жаўнеры за сціплы тэрмін здолелі ўтварыць баявыя адзінкі беларускага войска, якія, натхнёныя любоўю да Айчыны, здолелі ў неспрыяльных умовах весці цяжкую і напружаную барацьбу супраць больш мацнейшага праціўніка. Слуцкі збройны чын 1920 года ўвайшоў у гісторыю як гераічны вычын беларускага народа, яго парыў да свабоды».

«Беларускае Слова»: што за выданне?


Горадня. Рада БНР

Горадня. Рада БНР

Яшчэ ў 1919 годзе Горадня стала неафіцыйнай сталіцай Беларускай Народнай Рэспублікі, бо там змясціўся яе ўрад. Таксама ў горадзе дзейнічалі розныя беларускія нацыянальныя арганізацыі. У тым ліку — гарадзенскі Беларускі нацыянальны камітэт. Якраз друкаваным органам гэтай структуры, датычнай і да Слуцкага паўстання, была газета «Беларускае Слова».

Газета «Беларускае Слова»

Газета «Беларускае Слова»

Газета выдавалася штодня з 2 кастрычніка 1920-га да 7 студзеня 1921-га на беларускай мове. «Беларускае Слова» інфармавала пра падзеі ў Беларусі, Польшчы і ва ўсім свеце. Палітычнае жыццё асвятляла з пазіцый барацьбы за нацыянальнае вызваленне беларускага народа.

Рэдактарамі ў розны час былі Вячаслаў Адамовіч і Уладзімір Шалешка. З прыходам апошняга газета стала друкаваць больш вострыя матэрыялы пра палітычнае жыццё пра ваенныя падзеі ў Беларусі. З газетай супрацоўнічалі знакамітыя актывісты нацыянальнага руху Аркадзь Смоліч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Янка Натусевіч. «Беларускае Слова» — бадай, адзіная беларуская нацыянальная газета, якая шырока асвятляла падзеі на Случчыне ў лістападзе – снежні 1920-га.

Што ж, слова — газеце.

«Пачалася новая страніца ў гісторыі Беларусі»

Звесткі аб пачатку паўстання досыць аператыўна публікаваліся на старонках «Беларускага Слова». Ужо 27 лістапада газета паведамляла:

«На абшарах Меншчыны пачалася новая страніца ў гісторыі Беларусі. З розных крыніц даходзяць да нас больш-менш пэўныя весткі, што люднасьць, абураная проці ўлады бальшавікоў з яе бесканечнымі рэквізіцыямі, грабежствам і з нечуваным тэрорам, паўстае проці панаваньня маскоўцаў і камуністаў, сурова разьлічаючыся з імі за ўвесь зьдзек і гора, прынесеныя імі ў край. Гэта паўстаньне проці дзікай навалы прыймае штораз большыя разьмеры».

Газетная замалёўка на карныя акцыі бальшавікоў (прэса 1920-х)

Газетная замалёўка на карныя акцыі бальшавікоў (прэса 1920-х)

Матэрыял стракоча і падкрэслівае галоўную думку і мэту паўстання: супраць панавання і ўлады бальшавікоў, ад якіх край паспеў добра сербануць гора. Рэквізіцыі, грабяжы, арышты, гвалт… Супраць гэтага паўстала Случчына.

Ацэньваецца ў газеце і вайсковы патэнцыял паўстання:

«Найбольш зарганізаваным выяўляе сябе Слуцкі павет, дзе цэнтральнае ядро беларускіх паўстанцаў мае да 4000 добра вааружаных людзей. Гэты атрад хутка і стала набывае формы рэгулярнага войска. Арганізацыя праведзена дужа разумна, і гэта выгадна вызначаецца ў баявой чыннасьці атрада. Гэты атрад розьніцца ад другіх яшчэ і тым, што больш шырэйшыя заданьня паставіў ён перад сабой».

Што гэта за «заданьня»? Дамагацца беларускіх палітычных і нацыянальных ідэалаў — незалежнасці Беларусі.

Навіны з фронту, звесткі аб перамогах


Афіцэр арміі БНР (графічная рэканструкцыя)

Афіцэр арміі БНР (графічная рэканструкцыя)

Зводкі падзей, колькасць забітых, паланёныя, поспехі і паразы… Гэта тое, з чаго складаецца інфармацыйнае поле падчас любой вайны. Ці ж нам гэтага не ведаць… Натуральна, падобная афіцыйная інфармацыя падавалася і ў 1920-м на паласах «Беларускага Слова». Гэтыя сухія звесткі лепш за ўсё перадаюць дух часу, бо за імі — рэальныя падзеі:

«Вайсковымі аддзеламі Беларускай Народнай Рэспублікі забрана ў палон да 300 чырвонаармейцаў, у тым ліку 3 афіцэры. Пасьля абезаружаньня палонных адпусьцілі на волю, але ніхто з іх ня хоча ісьці назад, да сваіх».

«Паўстаньня проці бальшавікоў у Слуцкім і Бабруйскім паветах пашыраюцца з кожным днём. Дробныя бальшавіцкія аддзелы адыйходзяць да Бабруйску».

«Адбываюцца баі беларускіх паўстанчых атрадаў з бальшавікамі. Бальшавікі ўпарта абараняюць падходы да чыгуначнай лініі».

«Нашы аддзелы выбілі бальшавікоў з вёскі Васільчыцы. Бальшавіцкія страты: 3 забіты, 3 ранена і 1 папаўся ў палон. У нас 1 цяжка ранены. Мы захапілі шмат стрэльбаў, набояў і інш. вайсковага матэрыялу».

«У районе Мільковіч, Слуцкага павету, аддзел партызанаў уварваўся ў м–ко Старобін, дзе захапіў 7 камуністаў, членаў бабруйскай чрэзвычайкі. Гарнізон мяйстэчка, у ліку каля 200 чалавек, зьніштожан, а чэкістые павешаны на тэлеграфных стаўбах на пляцу проці клюбу «Інтэрнацыяналь». Захоплены 6 кулямётаў і 300 вінтовак».

«У раёне Семежово адбываліся апошнімі днямі крывавыя баі паміж беларускімі аддзеламі і большавікамі. Частка беларускіх аддзелаў разьбіта і перайшла польска–большавіцкую граніцу».


Карта раёну баявых дзеянняў на Случчыне

Карта раёну баявых дзеянняў на Случчыне

Данаты на войска ўзору 1920-х

У адным са сваіх нумароў газета нават абвясціла збор сродкаў для жаўнераў Случчыны:

«Грамадзяне! Нясіце ахвяры рэчамі і грашмі! Складайце ахвяры ў «Гурткі беларускіх кабет» ці ў Беларускія Нацыянальныя Камітэты для перасылкі іх беларускаму паўстанцу — жаўнеру на Случчыне! Наша многапакутная Маці–Беларусь вымагае гэтага ад вас!».

Салідарнасць і дабрачыннасць — таксама годная зброя ва ўсе часы.  

Слуцкія паўстанцы (графічная рэканструкцыя)

Слуцкія паўстанцы (графічная рэканструкцыя)

«Сталі стройныя шарэнгі пад Нацыянальным штандарам»

Не толькі баі трывалі ў лістападзе і снежні 1920-га. Знаходзіўся час і для ўрачыстасцей, якія падымалі маральны дух байцоў:

«28 лістапада а 13-й гадзіне было адпраўлена набажэнства за ўдачы аружжа войск Беларускай Народнай Рэспублікі ў змаганьні іх з ворагамі нашай Бацькаўшчыны–Беларусі. Дзень марозны, прыгожы. Сонейка сьвеціць, кідаючы на зямлю мільён іскаркаў, якія, адбіваючыся ад заінеўшага дрэва будынкаў, ад каменьняў, прымушаюць заплюшчываць вочы праходзячых. На пляцу, перад царквой, сталі стройныя шарэнгі аддзелаў першай беларускай брыгады пад Нацыянальным штандарам. Шчыра моляцца жаўнеры, люднасьць. Канчаецца малебен, загудзелі званы царквы і гучна разносіцца «многалецьце» беларускаму воінству. Дзень 28 лістапада вечна астанецца памятным у прысутных на набажэнстве і ў жыхароў Семежава». 

Урачысты момант, нічога не скажаш!

Слуцкія паўстанцы (фрагмент фільма «На чорных лядах» паводле аповесці В. Быкава)

Слуцкія паўстанцы (фрагмент фільма «На чорных лядах» паводле аповесці В. Быкава)

«Беларусь у агні паўстання»

Канешне, у запале паўстання газету пачало крыху «заносіць», і падзеі, якія адбываліся, сталі асвячацца ў вельмі перабольшаным святле. Нават можна сказаць, што пажаданае выдавалася за рэчаіснасць:

«Факт адбыўся! Тое, чаго найбалей баялася расейская і польская эндэцыя, сталася! Беларускі селянін прачнуўся! Мы стаімо цяпер перад фактам, каторы яскрава гаворыць, што бальшавіцкая акупацыя на Беларусі запэўна ўжо акупацыя апошняя.

Хрэстаматыйнае фота слуцкіх паўстанцаў

Хрэстаматыйнае фота слуцкіх паўстанцаў

Усход Беларусі гарыць у паўстаньні. Гэта самы праўдзівы стыхійны беларускі нацыянальны рух. І цяпер, калі беларускі народ адваяваў сабе незалежнасьць, ніякая сіла, ніякія абецанкі камуністычнага раю не здалеюць супакоіць беларускага селяніна і змусіць яго злажыць аружжа раней, чымся ён здабудзе сабе незалежнасьць, бо на штандарах паўстанцаў напісана: «На касьцёх сваіх збудуем волі гмах». 


Глядзіце таксама

І мы верым, што тыя людзі, каторыя сталі пад гэты штандар, не застановяцца ні перад якімі ахвярамі, і бальшавіцкая акупацыя на Беларусі — сапраўды ўжо апошняя акупацыя».

Каб так было на самой справе, то Беларуская Народная Рэспубліка яшчэ б ў 1921-м аднавілася ў сваіх этнаграфічных межах.

Сучасны арт на тэму Слуцкага паўстання

Сучасны арт на тэму Слуцкага паўстання

Штандар для Першага беларускага…


Штандар Першага беларускага палка

Штандар Першага беларускага палка

Ідэалагічныя праціўнікі Слуцкага чыну робяць закід, што Слуцкае паўстанне — бандытызм. Але ж ці ёсць у крымінальнікаў і зладзеяў баявыя штандары? Відавочна, што не! А вось у Першага беларускага палку стральцоў штандар быў. Гэта сведчанне таго, што войска было сапраўдным. Гэта не толькі людзі са зброяй, гэта — вайсковы парадак, вайсковая сімволіка.


Штандар палка (графічная рэканструкцыя)

Штандар палка (графічная рэканструкцыя)

Свой штандар полк атрымаў 3 студзеня 1921-га:

«На беларускі фронт прыбыла дэлегацыя беларускіх кабет, якая прывязла штандар для Першага беларускага палку–стральцоў. На штандары напісаны: «Тым, якія першымі паўсталі і пайшлі ўміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Другі падобны штандар высланы ўжо для другога палку».

Банды такога не маюць…

Героям слава! Баявыя заслугі афіцэраў


Грозава. Крыж у памяць паўстанцаў

Грозава. Крыж у памяць паўстанцаў

Слуцкі чын — сапраўдная вайна, а якая вайна без подзвігаў? Варта згадаць, хто як і дзе праявіў сябе ў змаганні за Беларусь. Газета пра гэта пісала ў кантэксце значнай падзеі: камандзір  войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі Андрэй Якубецкі за баявыя заслугі павысіў у званні афіцэраў.

«Залескі Янка — за тое, што ён у часе наступа на мястэчка Семежава 18 сьнежня выбіў з мястэчка значныя сілы чырвонаармейцаў, пры гэтым захапіў 60 палонных, 1 кулямёт, абоз з канямі і шмат усялякага вайсковага дабра.

Бранавіцкі Гіпаліт — за тое, што ён у начы 30 лістапада на 1 сьнежня, будучы акружан у м. Вызьне вельмі значнымі сіламі расейцаў, адважна бараніў масты на рацэ і не гледзячы на тое, што расейцы мелі 4 кулямёты, якімі яны навакол абстрэльвалі мястэчка, здолеў прарвацца з палавінаю кампаніі праз іхныя ланцугі, ня меўшы стратаў.

Бранавіцкі Гіпаліт — за тое, што ён, камандуючы батальёнам пры наступе на м. Вызну і будучы акружаны вельмі значнымі сіламі расейцаў, прабіўся праз іх пяхотныя ланцугі бяз ніякіх страт з свайго боку і адважным ударам на бальшавікоў змусіў іх у беспарадку адхлынуць, пры гэтым узяў 140 палонных і шмат усялякага вайсковага дабра.

Кернажыцкі Нікадым за тое, што дасьвіта 22 лістапада з мужнасьцю адважных жаўнераў заатакаваў вёску Васільчыцы, разьбіў 6–ю кампанію расейцаў і захапіў іхную канцылярыю, узяў у палон 3 камуністаў і некалькі жаўнераў...

Копец Янка за тое, што ён 25 лістапада, заатакаваўшы са сваёй кампаніяй засьценак Кажушкі, дзе стаяў бальшавіцкі батальён з 3–ма кулямётамі, разьбіў яго, захапіўшы 28 палонных, пры гэтым забіты 4 бальшавіцкіх камісары і ўзята шмат вайсковага дабра. З свайго боку страт ня меў.

Курыловіч Адам — за тое, што ён, камандуючы кампаніяй пры наступу на м. Семежава, зайшоўшы ў тыл бальшавікоў, быў акружаны вельмі значнымі іх сіламі, але прабіўся праз іхныя пяхотныя ланцугі, прымусіўшы пры гэтым бальшавікоў у безладзе адхлынуць, пры гэтым захапіў 27 палонных і шмат вайсковага дабра».

Героям Слуцкага чыну — слава!


***

З тых часоў мінула больш за сотню год. Здавалася б, Слуцкае паўстанне — гэта барацьба за незалежную Беларусь. І яна з’явілася на палітычнай карце праз некалькі дзясяткаў год. Значыць — у перспектыве случчакі перамаглі, мэта змагання дасягнутая. Але парадокс: памяць герояў амаль ніяк не ўшаноўваецца, вакол падзей віюцца розныя пустаслоўныя спрэчкі. Нават сціплыя крыжы памяці — і тыя знікаюць… Няўжо Слуцкі чын усё яшчэ нясе пагрозу?