Расія не збіраецца выконваць ультыматум Трампа. Ці адмовяцца ад яе хаўруснікі?
Дональд Трамп, расчараваны Уладзімірам Пуціным, скараціў тэрмін свайго ўльтыматуму Расіі да 10 дзён. Такім чынам, калі Расія не пойдзе на спыненне агню, праз два тыдні яе хаўруснікаў напаткаюць другасныя санкцыі ў выглядзе 100% пошлін. Ідзе 1253-ці дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 171 боесутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 30 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 63 штурмавыя дзеянні расіян ў раёнах Папова Яру, Палтаўкаі, Мікалаеўкі, Радзінскага, Лысоўкі, Пакроўску, Зверава, Котліна, Удалага, Мураўкі, Міралюбнаўкі, Арэхавага, Дачнага і іншых.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 24 разы, спрабуючы прарвацца каля Новага свету, Студні, Карпаўкі, Дуброва, Торскага і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы спынілі 22 штурмавыя дзеянні расіян.
На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 10 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Вольнага Поля, Новахатскага, Малееўкі, Зялёнана Поля і іншых.
На Тарэцкім кірунку адбылося дзевяць атак расіян, на Северскім кірунку — сем атак.
* * *
Аналітычны праект DeepState у ноч на 30 ліпеня паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў каля шэрагу населеных пунктаў у Данецкай вобласці. Расійцы прасунуліся каля Разіна, Тэміраўкі, Малееўкі, Аляксандраграду і ў Яблонаўкі.
* * *
Расійскі наступ на трасе Пакроўск — Канстанцінаўка імкліва «выцягваецца» на поўнач у бок Дабраполля і ставіць пад пагрозу атачэння ўкраінскія сілы пад Пакроўскам і Мірнаградам, піша «Украінская праўда» са спасылкай на вайскоўцаў Пакроўскага кірунку.
За апошнія тры месяцы расійскі выступ на трасе Пакроўск — Канстанцінаўка выцягнуўся ў «кішку» на больш чым 10 кіламетраў, якая цяпер фармуе ўсходнюю «клюшню» для ахопу адразу двух важных гарадоў — Пакроўска і Мірнаграда. На шахце каля Радзінскага ўжо некалькі дзён ідуць баі, першая група расіян пранікла ў гарадскую забудову Радзінскага.
Паралельна расійцы спрабуюць дацягнуцца да Новага Шахавага, якое знаходзіцца за 7 кіламетраў ад Дабраполля.
Такім чынам расійцы імкнуцца перарэзаць галоўную дарогу забеспячэння ўкраінскіх сіл на Пакроўскім кірунку, якая ідзе з Дабраполля праз Беліцкае і Радзінскае ў Пакроўск. Па даных аналітычнага праекта DeepState, да яе расійцам застаецца каля 7 кіламетраў. Зрэшты, паводле звестак вайскоўцаў, якія размаўлялі з УП 29 ліпеня, расійцаў зафіксавалі за 1,25 км ад дарогі.

Карта УП
* * *
У ноч на 30 ліпеня Расія атакавала Украіну атакаваў 78-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Асаблівасцю атакі было тое, што РФ прымяніла да 8-мі рэактыўных БПЛА.
Супрацьпаветранай абаронай збіты/задушаны 51 БПЛА.
Увечары 29 ліпеня расійцы нанеслі ракетны ўдар па тэрыторыі аднаго з навучальных падраздзяленняў Сухапутных войскаў УСУ. Праз гэта ёсць загінулыя і параненыя, паведамілі ў сухапутных войсках Узброеных Сіл Украіны.
У паведамленні пазначана, што нягледзячы на прынятыя меры бяспекі цалкам пазбегнуць страт сярод асабовага складу не ўдалося. У прыватнасці вядома пра трох загінулых і 18 параненых вайскоўцаў.
Два чалавекі пацярпелі, загінула быдла і ўспыхнулі пажары на некалькіх прадпрыемствах у выніку расійскага ўдару беспілотнікамі па Днепрапятроўскай вобласці ўначы 30 ліпеня. У Паўлаградзе пацярпеў 70-гадовы мужчына, пашкоджаны вакзал, шляхі і кантактная сетка. Праз гэта шэраг прыгарадных цягнікоў ідзе па змененым маршруце.
У ноч на 30 ліпеня расійцы чарговым разам атакавалі Харкаў дронамі, пацярпелі тры чалавекі, а таксама аўтамыйка, шматкватэрны дом, супермаркет.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што анансаваны ім новы тэрмін для Расіі, каб яна спыніла ваенныя дзеянні супраць Украіны, складае 10 дзён і пачынаецца з аўторка, 29 ліпеня. Пра гэта ён заявіў у адказ журналістам на борце Air Force One.
«А потым мы накладзем тарыфы і іншыя меры. Я не ведаю, ці паўплывае гэта на Расію, бо яна, відавочна, хоча прадаўжаць вайну. Але мы накладзем тарыфы і іншыя прапанаваныя меры», – сказаў прэзідэнт ЗША.
* * *
У Крамлі некарэктна інтэрпрэтавалі цярплівасць Дональда Трампа датычна перамоваў аб завяршэнні вайны ва Украіне. Але час для няправільных інтэрпрэтацый прайшоў, заявіла прэс-сакратарка Дзярждэпартамента ЗША Тэмі Брус.
«Ён быў цярплівым, і гэта, напэўна, няправільна ўспрынялі некаторыя людзі. Таму я думаю, што час для няправільных інтэрпрэтацый прайшоў», — сказала яна.
Брус нагадала папярэджанне Трампа аб увядзенні санкцый і другасных санкцый супраць Расіі, «паколькі пэўныя краіны атрымліваюць выгаду ад куплі расійскай нафты». Паводле яе слоў, прэзідэнт мае паўнамоцтвы ўводзіць такія абмежаванні, і гэтае рашэнне залежыць ад яго.
«Відавочна, прэзідэнт Трамп давёў, што да яго варта ставіцца сур'ёзна, бо ён — сур'ёзны чалавек, і мы бачым вынікі гэтага ва ўсім свеце», — заявіла Брус.
* * *
Сенатар Кангрэсу ЗША Рычард Блюменталь выступіў за паскарэнне галасавання па законапраекце аб санкцыях супраць Расіі. Са слоў Блюменталя, Пуцін не заслугоўвае дадатковага часу.
«Я згаджаюся, што Пуцін не заслугоўвае дадатковага часу, і нам трэба паскорыцца з галасаваннем законапраекта аб санкцыях. Усё што робіць прэзідэнт — у правільным кірунку, але я моцна адвакатую за тое, каб санкцыі былі 500%, а не 100%», — заявіў сенатар.
Акрамя таго, ён прапануе «скарыстацца момантам, каб прагаласаваць за законапраект». Блюменталь паведаміў, што ў Сенаце налічваецца 85 прыхільнікаў гэтага законапраекта, і пры неабходнасці магчыма набраць і 90 галасоў. Нагадаем, для таго, каб прыняць гэты закон, нават калі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп накладзе на яго вета, трэба 82 галасы.
«Менавіта цяпер час для дзеяння, не толькі з-за выканаўчага загаду прэзідэнта, але і з-за заканадаўчай ініцыятывы, каб паказаць адзінства паміж прэзідэнтам і Кангрэсам... Нам неабходна прагаласаваць за гэты закон, каб паказаць, што мы выконваем нашы абавязацельствы Украіне», — сказаў сенатар.
* * *
Крэмль спрабуе паўплываць на прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, каб той адмовіўся ад свайго дзесяцідзённага тэрміну для завяршэння вайны ва Украіне, лічаць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
У справаздачы нагадалі, што чыноўнікі Крамля рашуча адхілілі новы ўльтыматум прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адносна перамоваў з Расіяй аб завяршэнні яе вайны супраць Украіны і пацвердзілі зацікаўленасць Масквы ў працягу вайны.
Эксперты адзначылі не толькі нататку ў сацсетцы Х намесніка старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, у якой той заявіў, што Трамп не можа дыктаваць тэрміны пачатку мірных перамоваў і што перамовы завершацца толькі тады, калі Расія дасягне ўсіх сваіх ваенных мэтаў. У ISW таксама пракаментавалі заяву прадстаўніка Крамля Дзмітрыя Пяскова аб тым, што бягучы стан стасункаў ЗША і Расіі абцяжарвае працэс перамоў аб падаўжэнні Дамовы аб стратэгічных наступальных узбраеннях (СНУ ці ж New START).
Аналітыкі нагадалі, што Крэмль і раней абяцаў стымулы, не звязаныя з вайной ва Украіне, каб дамагчыся саступак ад ЗША: двухбаковыя перамовы па кантролі над узбраеннямі і эканамічныя праекты. «Заявы Пяскова пра пагаршэнне стасункаў Расіі і ЗША і пра новую дамову СНУ, імаверна, з'яўляюцца часткай намаганняў, накіраваных на тое, каб прымусіць Трампа адмовіцца ад свайго тэрміну дзеля нармалізацыі двухбаковых стасункаў і працягу супрацоўніцтва», — мяркуюць экспэрты Інстытута.
У ISW па-ранейшаму перакананыя, што Крэмль не зацікаўлены ў перамовах аб завяршэнні вайны ва Украіне, і спрабуе зацягнуць вайну для атрымання дадатковых пераваг на полі бою.