«Дзеці перш за ўсё». Януш Корчак і яго перамога над смерцю
146 гадоў сёння спаўняецца з дня нараджэння вялікага, без перабольшання, чалавека і педагога Януша Корчака, гераічны лёс і адданасць справе якога сталі прыкладам для многіх педагогаў, настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў.
7 жніўня 1942 года ў адным з найбуйнейшых канцэнтрацыйных лагераў і лагераў смерці Трэблінка ўвайшоў у газавую камеру Януш Корчак — найвыбітны педагог, лекар, сябар і абаронца дзяцей і проста вялікі чалавек. За дзень да гэтага, 6 жніўня 1942 года, ён сеў у таварны вагон «цягніка смерці» і ўласнаручна зачыніў у ім дзверы. Дурны? Вар'ят? Зусім не. Януш Корчак пайшоў на смерць разам з дзвюма сотнямі дзетак — выхаванцаў дзіцячага дома, які ён заснаваў і да апошняга трымаў на плаву, нават калі іх выселілі ў гета і пазбавілі ўсяго, у тым ліку права на свабоду і жыццё.
Доўгі час іх датай смерці было 8 мая 1945 года — дзень, калі афіцыйна скончылася Другая сусветная вайна. Ніхто з жывых не ведаў, што адбывалася там, за маўклівымі сценамі Трэблінкі. Ніхто з тых адзінак, якія выжылі, не мог сказаць, калі газавыя камеры паглынулі Корчака і яго дзяцей. Толькі адносна нядаўна польскі суд вырашыў кропкай у гэтай гісторыі паставіць патэнцыйны дзень знішчэння — наступны пасля дэпартацыі.
Але тое пра смерць. А мы пагаворым яшчэ трошкі пра жыццё, бо сёння, 22 ліпеня, Янушу Корчаку спаўняецца 146 гадоў. Дакладней, 146 гадоў таму нарадзіўся Хенрык Гольдшміт, сын юрыста, унук доктара і праўнук шкляра. Раннія гады хлопчыка былі спакойнымі: заможная сям'я давала магчымасці для добрай адукацыі і ўсебаковага развіцця. У восем гадоў Хенрык пачаў вучобу ў школе ім. Аўгустына Шмурло ў Варшаве. Затым вучыўся ў гімназіі ў варшаўскім раёне Прага, дзе навучанне праходзіла на рускай мове. Вучыўся ён, мякка кажучы, так сабе, затое вельмі цікавіўся літаратурай і кнігам аддаваў увесь свой вольны час.
Хмары набеглі на бязвоблачнае дзяцінства крыху пазней, калі бацька, вядомы ў Варшаве юрыст, абанкроціўся і захварэў на псіхічны разлад. Калі яго не стала, хлопцу было 18 гадоў, і ён вымушана ўзяў на сябе ролю кармільца сям'і — падпрацоўваў рэпетытарам, даваў прыватныя ўрокі, а маці здавала пакоі ў іх варшаўскай кватэры.
Прыкладна тады ж будучы педагог апублікаваў у гумарыстычным часопісе свой першы мастацкі твор — гумарэску «Гордзіеў вузел». Менавіта тады з поля зроку знік Хенрык Гольдшміт і з'явіўся Януш Корчак — з'явіўся, каб ніколі ўжо не знікаць.
Пад гэтым псеўданімам будуць апублікаваныя ўсе яго мастацкія і педагагічныя работы, зборы твораў і дзённік. Апошні — дзённік — Корчак стаў весці, калі пачалася акупацыя Варшавы, і апісваў у ім жахі вайны і цяжкасці будняў кіраўніка дзіцячых устаноў.
Можна сказаць, што педагогіка была яго наканаваннем. Уся дзейнасць Корчака ад самага пачатку была звязаная з дзецьмі. Яшчэ падчас вучобы ў Варшаўскім універсітэце ён падпрацоўваў у дзіцячай бібліятэцы, пазней стаў працаваць выхавацелем у летніх лагерах, дзе, назіраючы за дзецьмі, напісаў дзве кнігі: «Моські, Ёські і Срулі» (Mośki, Joski, Srule, выдадзена ў 1910 годзе) і «Юзькі, Яські і Франкі» (Józki, Jaśki i Franki, выдадзена ў 1911 годзе).
Медыцынскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта Корчак скончыў у 1905 годзе і, атрымаўшы дыплом доктара, адразу пачаў практыку ў дзіцячай габрэйскай бальніцы ім. Берсанаў і Баўманаў у Варшаве. У гэты час здарылася руска-японская вайна, на якую ён быў мабілізаваны як ваенны доктар. Пасля яе Януш Корчак на некаторы час замацаваўся ў Еўропе — у Берліне і Парыжы — дзе быў вольным слухачом на лекцыях па педагогіцы і педыятрыі. Вольнае валоданне французскай і нямецкай мовамі дазваляла яму без праблем вывучаць самыя новыя методыкі ў лячэнні і выхаванні дзяцей, наведваць дзіцячыя лякарні і адукацыйныя ўстановы, пераймаючы практычны досвед.
Атрыманыя веды Януш Корчак увасобіў у рэальнасці. У 1912 годзе ён заснаваў «Дом сірот» для габрэйскіх дзяцей, якія праз моцны антысемітызм у польскім грамадстве знаходзіліся ў найгоршым становішчы. Дарэчы, менавіта антысемітызм і габрэйскія пагромы прымусілі Януша Корчака «пераадкрыць» габрэйскае паходжанне і прызнаць сябе не толькі палякам, але і габрэем. У «Доме сірот», можа быць, упершыню ў сусветнай практыцы было ўведзенае дзіцячае самакіраванне: сейм, суд, натарыят і нават газета. І ўсе рашэнні гэтых органаў самакіравання абавязаная была выконваць нават адміністрацыя ўстановы. Ангажуючы дзяцей у «дарослае» агульнае жыццё, выхавацелі развівалі ў іх пачуццё адказнасці і здольнасць да ўзаемадапамогі.
З «Домам сірот» Корчак быў звязаны да самага апошняга дня свайго жыцця. Але былі і іншыя ўстановы і праекты. Напрыклад, падчас Першай сусветнай вайны знакаміты педагог працаваў з украінскімі дзецьмі пад Кіевам. І тады ж пачаў пісаць самую важную сваю работу — «Як любіць дзіця», чатыры кнігі якой выйшлі ў 1920 годзе. У ёй педагог паспрабаваў данесці, што дзіця — гэта паўнавартасная асоба, а дзяцінства не з'яўляецца падрыхтоўчым этапам дарослага жыцця. Корчак не дапускаў падпарадкавання волі дзіцяці дзеля зручнасці дарослых, якога-небудзь маніпулявання яго асобай.
Дзесяць запаветаў выхавання дзіцяці ад Януша Корчака
1. Не чакай, што тваё дзіця будзе такім, як ты, або такім, як ты хочаш. Дапамажы яму стаць не табой, а сабой.
2. Не патрабуй ад дзіцяці платы за тое, што ты зрабіў для яго.
3. Не спаганяй на дзіцяці свае крыўды.
4. Не стаўся да праблем дзіцяці звысоку.
5. Не прыніжай.
6. Самыя важныя сустрэчы — з дзецьмі.
7. Не дратуй сябе, калі не можаш нешта зрабіць для дзіцяці. Дратуй, калі можаш, але не робіш.
8. Дзіця — не тыран. Яно — каштоўны кубак, які жыццё дало табе на захаванне.
9. Умей любіць чужое дзіця. Не рабі чужому таго, што не хацеў бы, каб рабілі твайму.
10. Любі сваё дзіця любым. Неталенавітым, няўдалым, дарослым.
Пасля 1919 года ў жыцці Януша Корчака з'явіліся дзіцячы прытулак «Наш дом», якім кіравала Марыя Фальская, Дзяржаўная семінарыя для настаўнікаў габрэйскага веравызнання, вучэльня грамадска-асветніцкай працы, варшаўскі Акруговы суд і Каса хворых. Паўсюль ён быў звязаны з праблемамі дзяцей — дзесьці як лекар, педагог, настаўнік, дарадца, сакратар. Не так шырока вядомы факт, што Корчак супрацоўнічаў з Польскім радыё, дзе пад псеўданімам Стары доктар выступаў у перадачах для дзяцей. Яго апошні выступ здарыўся ў верасні 1939 года: голас Старога доктара заўсёды супакойваў дзяцей — і павінен быў зрабіць тое самае ў жахлівы час пачатку вайны.
Вайна рэдка бывае да кагосьці літасцівай. Як суцэльнае зло яна не церпіць ніякіх праяў дабрыні і чалавечнасці, і таму да Януша Корчака ваенны час быў асабліва жорсткім. Амаль адразу, у 1940 годзе, «Дому сірот» загадалі пераехаць у гета — тое самае Варшаўскае гета, найвялікшае ў Еўропе, знакамітае сваім паўстаннем 1943 года. Абнесеныя сцяной, адрэзаныя ад астатняга свету, габрэі ў ім вымушаныя былі выжываць у нечалавечых умовах, і сярод людскога гора, калі першымі знішчалі хворых, старых і дзяцей, Януш Корчак абавязаны быў знаходзіць спосабы для далейшага існавання важных для яго ўстаноў — «Дома сірот», які змушалі пераязджаць на ўсё меншыя пляцоўкі, і Галоўнага дзіцячага прытулка, кіраванне якім Корчак узяў на сябе ў 1942 годзе.
1942 год стаў апошнім у жыцці гэтага выбітнага чалавека. Ён меў шмат магчымасцей пазбегнуць смерці: выратаваць педагога і лекара прапаноўвалі многія, у тым ліку сярод арыйцаў. Была магчымасць застацца ў Палесціне падчас паездак туды для вывучэння выхаваўчага досведу. Смерць Януша Корчака была такой шакуючай, такой невыноснай, што імгненна стала легендай. Паводле адной з версій, нават у апошні, у самы апошні момант ён мог саскочыць з канвеера смерці — жыццё яму «дараваў» нацысцкі камендант.
«Корчак ішоў наперадзе, трымаючы за рукі хлопчыка і дзяўчынку... Так і прыйшлі на Умшлагплац.
"Што гэта?!" — закрычаў камендант.
"Корчак з дзецьмі", — адказалі яму. Той стаў нешта ўспамінаць, але ўспомніў толькі тады, калі дзеці былі ў вагонах.
— Я чытаў вашу кніжку ў дзяцінстве, добрая кніжка, вы можаце застацца, доктар, — сказаў камендант.
— А дзеці?
— Дзеці паедуць.
— Вы памыляецеся, дзеці перш за ўсё! — адказаў доктар і зачыніў дзверы вагона. Цягнік павёз дзяцей у канцлагер Трэблінку.
Выратаваць удалося толькі аднаго хлопчыка: Корчак падняў яго на рукі, і той здолеў пралезці ў маленькае акенца таварнага вагона. Але і ён потым загінуў у Варшаве».
Паводле іншай версіі, не было ніякага трыумфальнага шэсця і ніхто не падыходзіў да выпраўленых на смерць. Была толькі страшная цішыня. І хтосьці з дзяцей трымаў іх старэйшага сябра і настаўніка за крысо паліто.
Пра трагічнае, незабыўнае, непераможнае шэсце Януша Корчака і іншых выхавацеляў «Дома сірот» з дзвюма сотнямі дзяцей па Варшаве напісаў верш польскі паэт Уладыслаў Шленгель — чалавек не менш трагічнага лёсу, удзельнік паўстання ў Варшаўскім гета, якому вайна таксама не даравала шанцу на жыццё. Верш-эпітафію на беларускую пераклала Кацярына Маціеўская. (Дарэчы, у серыі «Паэты планеты» выдавецтва «Зміцер Колас» выйшаў томік «Выбранага» Уладыслава Шленгеля — абавязкова знайдзіце, ён таго варты!)
Уладыслаў Шленгель
Старонка з дзённіка «акцыі»
(Kartka z dziennika „akcji”)
Я бачыў Януша Корчака —
Ён з дзецьмі ішоў па пляцы,
А дзеці былі адзетыя
Нібы на нядзельны шпацыр.
Усе — у святочнай форме,
Якую ўжо можна брудзіць.
На марш апошні Дома сірот
Зацкавана глядзелі людзі.
У горада быў спалоханы твар,
Аглухлі яго званіцы,
І чорныя вокны глядзелі ў двор,
Нібы пустыя вачніцы.
Часам крык пахавальным звонам
Падымаўся высока над пляцамі,
І ездзілі рыкшамі сонныя
Гаспадары сітуацыі.
Часам нехта ў павіслай цішы
Парай слоў перакідваўся спешна.
Анямелі ад жаху малітвы
У касцёле на вуліцы Лешна.
Дзеці йшлі па пяцёра ў рад,
Так спакойна — ні знаку маркоты.
І ніхто да іх рук не цягнуў
І не плакаў — гэта ж сіроты.
Ведаў я, што не будзе штурму,
Не заплаціць ніхто каменданту
І ніхто не падсуне хабар
Нецвярозаму калабаранту.
Корчак крочыў без страху ў вачах,
А за ім — усе яго дзеці.
Двух хлапцоў ён трымаў на руках,
За кішэню трымаў яго трэці.
Хтось з паперкай падбег да яго,
прамінуўшы алеі канвою:
– Вам вярнуцца дазволена… Брандт…
Корчак моўчкі патрос галавою.
Дабрадзеям нямецкім ні слова
Не сказаў ён — а мог бы. Хаця
Немагчыма такім растлумачыць,
Што такое пакінуць дзіця.
Ён жа жыў для таго, каб у іх
Загараліся радасцю вочы.
Каб гарэла яна да канца,
Ён і ў смерць разам з імі пакрочыў.
Можа, думаў ён пра Мацюся
У прыгодзе сваёй недзіцячай:
Што Мацюсь, апынуўшыся тут,
Не зрабіў бы ніколі іначай.
Дзеці селі ў вагон, быццам быў
Лаг ба-Омер ці іншае свята,
А малы, як сапраўдны шамер,
Крочыў важна і зухавата.
Я падумаў, што Корчак цяпер,
Хоць пра гэта не ведаюць звонку,
Для гісторыі нашай, для нас
Найслаўнейшую піша старонку,
Што ў ганебнай габрэйскай вайне,
Дзе бяззбройныя нашы атрады,
Дзе, каб выжыць любою цаной,
Апускаюцца нават да здрады,
Што на фронце, дзе смерць — непазбежнасць,
У кашмары цяжкім сярод ночы
Быў адзіным сапраўдным салдатам
Януш Корчак, заступнік сірочы.
Што, сусед з таго боку сцяны,
Наглядзеўся на смерці праз краты?
Януш Корчак загінуў, каб мы
Атрымалі сваё Вестэрплятэ.
Мала хто ведае, але пасля Януша Корчака засталіся дзіцячыя кнігі, і некаторыя з іх нават перакладзеныя на беларускую. Абавязкова пачытайце: «Кароль Мацюсь Першы» (перакладзена ў 1970 годзе) і «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве» (беларускае выданне 1982 года).