Як эмігранты стварылі Ірландыю

Сёлета Ірландыя адзначае сумны юбілей — 170 гадавіну «вялікага голаду». У выніку яго ў 1845-1849-х загінула ад 500 тыс. да 1,5 млн. чалавек. Адным з наступстваў той катастрофы была масавая эміграцыя ірландцаў за мяжу. У выніку ўсяго гэтага насельніцтва Ірландыі скарацілася на 30%

Ілюстрацыйная выява. 

Ілюстрацыйная выява. 

Пасля галоднай зімы 1845 года колькасць эмігрантаў-ірландцаў павялічылася ў дзясяткі разоў. Праз пяць год пасля голаду чвэрць насельніцтва гарадоў усходняга ўзбярэжжа ЗША складалі ірландцы.

Па ходзе міграцыі ўзнікала і аформілася ірландская палітычная дыяспара, якая стаяла на незалежніцкіх пазіцыях. Яе ўплыў на грамадска-палітычныя працэсы на радзіме з часам стаў вельмі заўважным.

Пачнём з таго, што за кошт «данатаў» прадстаўнікоў дыяспары наўпрост ішло фінансаванне левай нацыяналістычнай партыі Шын Фейн і яе баявога крыла — Ірландскай Рэспубліканскай Арміі (IRA). Грошы з ЗША, сабраныя дыяспарай, былі жыццёва неабходныя для фінансавання палітычнай кампаніі Шын Фейн на выбарах 1918 года, а затым для закупкі зброі IRA падчас Вайны за незалежнасць (1919-1921).

У 1919-1920 гадах урад самаабвешчанай Ірландскай рэспублікі на чале з Імонам дэ Валера выпусціла аблігацыі «Пазыка Ірландскай Рэспублікі». Асноўная частка гэтых аблігацый была набыта чальцамі ірландскай дыяспары ў ЗША. Без гэтых фінансаў маладая незалежная ірландская дзяржава і яе войска, як прызнаюць гісторыкі, проста не змаглі б эфектыўна функцыянаваць.

Гэтым значэнне дыяспары для з'яўлення на карце незалежнай Ірландыі не абмежавалася. Ірландская дыяспара, асабліва ў ЗША, аказвала моцны ціск на ўрады сваіх краін, каб яны падтрымалі ірландскую незалежнасць.

Зрэшты, палітычная незалежнасць Ірландыі стала вынікам доўнатэрміновай культурнай працы, спонсарамі якой таксама былі эмігранты. Многія актывісты за захаванне культурнай спадчыны ў Ірландыі супрацоўнічалі з інтэлектуаламі з дыяспары, якія дапамагалі адрадзіць ірландскую мову і культуру. Менавіта гэтае культурнае адраджэнне сталася падмуркам для палітычнага нацыяналізму.

Глядзіце таксама

Напрыклад, Гэльская Ліга — адна з такіх культурных арганізацый, адкрывала напрыканцы 19-га стагоддзя філіялы па ўсім свеце, дзе пражывала ірландская дыяспара. Аддзяленні Лігі ў такіх гарадах, як Нью-Ёрк, Бостан, Чыкага і Сан-Францыска, сталі не толькі цэнтрамі прыцягнення для ірландскіх эмігрантаў. Тут збіралі значныя сродкі, якія адпраўляліся ў Ірландыю для выдання падручнікаў і літаратуры на ірландскай, фінансавання выкладчыкаў і арганізатараў моўных курсаў, правядзення культурных мерапрыемстваў і г.д.

Дыяспара адыграла ключавую ролю ў навуковым вывучэнні і захаванні ірландскай мовы і фальклору. Многія энтузіясты з дыяспары, прыязджаючы ў Ірландыю, займаліся запісам казак, песень і паданняў у носьбітаў мовы, што дапамагала захаваць вусную спадчыну. Таварыства тэкстаў ірландскай мовы (Irish Texts Society), заснаванае ў Лондане ў 1898 годзе, паставіла сваёй мэтай публікацыю старажытных ірландскіх манускрыптаў.

Нарэшце, пісьменнікі і паэты з дыяспары стваралі ў сваіх творах рамантызаваны вобраз свабоднай Ірландыі, які натхняў суайчыннікаў на радзіме.

Таму можна смела канстатаваць: без падтрымкі звонку ірландскае культурнае адраджэнне, хутчэй за ўсё, засталося б доляй вузкага кола інтэлектуалаў у Дубліне і не набыло б таго масавага характару, які заклаў аснову для наступнага кроку — барацьбы за палітычную незалежнасць.

Без мігрантаў стварэнне незалежнай ірландскай дзяржавы было б немагчымым ці, прынамсі, прыняло б зусім іншую і, верагодна, значна больш зацяжную форму.

Застаецца дадаць, што сёння Ірландыя працягвае ўмацоўваць сувязі са сваёй глабальнай дыяспарай. Урад рэалізуе т.зв. «Стратэгію для ірландскай дыяспары», галоўная мэта якой — умацоўваць сувязь з суайчыннікамі за мяжой, у тым ліку фінансуе праекты, што захоўваюць ірландскую культурную спадчыну і аказваюць падтрымку ірландцам па ўсім свеце.