Уладальніка гродзенскага блога «S13» асудзілі на 3,5 гады калоніі. Хронікі рэпрэсій 31 кастрычніка
У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі: рэдактара гродзенскага блога S13 Сяргея Чабоцьку асудзілі на тры з паловай гады калоніі, а ў «экстрэмісцкія спісы» ўнеслі яшчэ некалькі дзясяткаў грамадзян, у тым ліку пастара.

Гродзенскі абласны суд асудзіў палітвязня Сяргея Чабоцьку паводле арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання). Рэдактару прызначылі тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 1000 базавых велічыняў.
Паведамляецца, што ў судовым пасяджэнні мужчына віну не прызнаў.
Паводле матэрыялаў справы, Сяргей Чабоцька «сумесна з іншымі асобамі стварыў сайт S13 і аднайменныя рэсурсы, дзе публікаваліся заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, абраза прадстаўнікоў улады і паклёпніцкі сведчанні адносна прэзідэнта Беларусі».
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 26 прозвішчаў — цяпер у ім 5942 чалавекі
31 кастрычніка МУС зрабіла традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі гомельскага пастара Алега Лойку, а таксама пяць чалавек, якіх асудзілі паводле «народнага» арт. 342 КК, але вызвалілі ад адказнасці «ў сувязі з выхадам тэрміну прыцягнення».
«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.
Палітвязень Сяргей Раманаў трапіў у шпіталь
Стала вядома, што нядаўна Сяргей Раманаў трапіў у бальніцу, дзе яму зрабілі аперацыю. Аперацыя была планавай і прайшла без ускладненняў. Неўзабаве яго зноў павінны перавесці ў калонію. Пра гэта, не называючы сябе і не ўдакладняючы дыягназ Сяргея, тг-каналу Права на паўстанне паведаміў чалавек, які выпадкова сустрэў яго ў бальніцы. Мяркуецца, што анархіста аперавалі ў бальніцы для асуджаных у Калядзічах.
Пра праблемы са здароўем Сяргея было вядома даўно, але ніякіх падрабязнасцяў праз турэмную цэнзуру мы не атрымлівалі.
Сяргей — таленавіты мастак, але ў калоніі яго малюнкі знішчаюць. На Сяргея пастаянна аказваецца як фізічны, так і псіхалагічны ціск.
Нагадаем, што агульны тэрмін зняволення анарха-партызана складае 24,5 года.
Падтрымаць вязня:
Раманаў Сяргей Аляксандравіч
ПК № 9, вул. Дабралюбава, 16
г. Горкі, 213410
58‑гадовую лагістку асудзілі па палітычных артыкулах і назвалі «тэрарысткай»
Юліі Зароўскай 58 гадоў. Яна мінчанка. У апошнія гады Юлія працавала лагістам у фірме, якая оптам вырабляла і прадавала вырабы са скуры. Вядома, што ў жанчыны ёсць дзеці і ўнукі.
Мяркуючы, па сацсетках, Юлія падтрымала рух за свабодныя выбары ў 2020‑м і выступала за мір ва Украіне. Рэпосціла яна і звычайныя рэчы — прыгожыя кветкі, фота сваіх сяброў і сваякоў, здымкі з розных мерапрыемстваў, піша «Наша Ніва».
Увосень 2025‑га Юлію асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе па трох палітычных артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361‑1 КК).
Зароўскай пагражала да шасці гадоў калоніі, але і прысуд невядомы. За апошні тыдзень яе імя дадалі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».