Як беларусам не праспаць новую Беларусь

Зразумела, усё вось гэта калі-небудзь скончыцца. Мы, безумоўна, прыйдзем да стварэння новай Беларусі. Але ёсць пытанні ў тым, хто будзе фарміраваць гэтую новую Беларусь, і ў тым, што яе нельга будаваць па-старому. Зразумела, нам хацелася б, каб новую Беларусь стварала новае грамадства — свядомае, адукаванае, актыўнае.

edit_the_previously_.png

У нас ёсць усе перадумовы для развіцця найперш гэтага грамадства. Як паказалі падзеі 2020-га, беларусы здольныя самаарганізоўвацца ў «нізавыя ініцыятывы». Але для ўсталявання новай Беларусі гэтага яшчэ мала. Патрэбнае грамадства, якое мысліць свабодна, дзейнічае адказна і шануе ўласную культуру.

Каб такое грамадства паўстала, патрэбная глыбокая ўнутраная трансфармацыя. І такую трансфармацыю здольная даць адукацыя. 

Каманда аднадумцаў, што стварыла адукацыйны хаб «Нацыя лідараў», разумее, што адукацыя — не проста інструмент перадачы ведаў, але механізм фарміравання новай якасці жыцця. «Нацыя лідараў» працуе менавіта з гэтай мэтай — садзейнічаць станаўленню актыўных удзельнікаў грамадзянскай супольнасці Беларусі. Навучанне, якое пачынаецца з самапазнання, развіваецца праз камандную працу і выходзіць на ўзровень агульнанацыянальных ідэй. Кожны ўдзельнік — патэнцыйны лідар, здольны несці змены ў сваю сферу, горад, краіну. Так фарміруецца супольнасць людзей, што не проста ведаюць, але здольныя дзейнічаць, браць адказнасць за сваё жыццё і ўплываць на жыццё сваёй краіны.

Пачынаем ад асабістага

Размаўляючы з актывістамі пратэставага руху, я шмат разоў чуў, што беларускае грамадства апынулася ў дыктатуры таму, што не была праведзеная «работа над памылкамі». У краіне не былі рассакрэчаныя архівы КДБ, не асуджаная камуністычная ідэалогія, і ўвогуле беларусы слаба ведаюць сваю нацыянальную ідэнтычнасць — хто яны, адкуль пайшлі і куды ідуць. А таму «масавы беларус» дагэтуль застаецца ў парадыгме «ўмоўнага СССР» — па ім настальгуюць нават тыя, хто ў Саюзе не жыў!

Але зрабіць такую «работу над памылкамі» здольны кожны беларус персанальна — з дапамогай курса «Радавод» ад «Нацыі лідараў».

І гэта не толькі пра тое, як выслухаць бабулю ці дзядулю, калі яны на лаўцы будуць распавядаць, як ім жылося «за Саветамі» альбо «за панскай Польшчай». Гэта вельмі карысны практыкаарыентаваны курс, пасля якога ў вас з'явяцца новыя і вельмі карысныя навыкі.

Пачынаючы складаць свой радавод, ад зместу сямейнага архіва вы пяройдзеце да прынцыпаў пабудовы інтэрв'ю і анкетавання, даведаецеся пра гісторыю і міфы — міфы сваёй сям'і і краіны, зразумееце, як накласці на карту гісторыю роду. Як правесці палявое даследаванне, як шукаць сувязі. Пра архівы Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, і як пісьменна скласці ў іх запыты.

І пра тое, што архіў — гэта не толькі будынак, на якім напісана «архіў». ЗАГСЫ, вайсковыя часткі, дзяржарганізацыі, спісы выбаршчыкаў — гэта ўсё таксама крыніцы інфармацыі пра вас, ваш род і вашу персанальную гісторыю ў гэтым свеце.

create_a_horizontal_.png

Ад асабістага — да грамадскага

У пабудове новага важна не забыцца пра тое, што шмат новага — гэта добра забытае старое. У нашых варунках у пабудове той самай новай Беларусі мы непазбежна сутыкнёмся з тым, што прайшлі краіны Еўропы і Амерыкі, што яны ўжо аддыскутавалі і пра гэтыя дыскусіі нават забыліся.

Непазбежна ў нас паўстануць пытанні, якія сённяшняя ўлада проста не хоча развязваць — ад хатняга гвалту да смяротнага пакарання. І, канешне, такім спрэчным будзе пытанне гендару і ідэнтычнасці, з якім у еўрапейскіх краінах, падаецца, ужо разабраліся.

Дык чаму мы павінны вынаходзіць ровар, а не пайсці на курс «Гендар з нуля»?

І не, гэта курс не пра сэксуальныя меншасці і большасці. Гэта пра тое, як размаўляць адно з адным. Разумець ролю стэрэатыпаў у грамадстве, іх уплыў на нас і на навакольных, разабрацца, як звыклыя ролі ўплываюць на сям’ю і працу. А галоўнае — як мова і зносіны могуць дапамагаць або перашкаджаць узаемапаразуменню.

Цяпер шмат кажуць пра прапаганду і «мову варожасці», як яны дзейнічаюць і да якога выніку прыводзяць. І курс пра гендар таксама закранае гэтыя тэмы. 

Рэгістрацыя на гэты курс ужо адкрытая!

create_a_horizontal1.png

І ўсё гэта — практыка

«Нацыя лідараў» дае не проста тэарэтычныя веды без прывязкі да канкрэтнай сітуацыі. Усе курсы (а ў цэлым гэта 23 праграмы) практыкаарыентаваныя, і праца пачынаецца пасля першых жа лекцый. Вакол гэтага адукацыйнага хаба існуе вялікая супольнасць, клубы па інтарэсах (напрыклад, Клуб беларускай мовы або Клуб дасягатараў), інкубацыйная праграма для сацыяльных ініцыятыў. Таму, напрыклад, удзельнікі курса пра гендар адразу ў рамках «Нацыі лідараў» могуць паспрабаваць стварыць свой клуб ці групу.

І, вядома ж, гэта тая экасістэма, дзе кожны ўдзельнік можа атрымаць падтрымку, пачуць падбадзёрлівыя і добрыя словы, калі яму гэта трэба. І гэтыя словы гатовыя сказаць каля 7 тысяч чалавек, што ўжо прайшлі праз розныя курсы адукацыйнага хаба.

Так што, калі вы адчуваеце, што хочаце больш — больш яснасці, больш сэнсу, больш дзеянняў — прыходзьце да «Нацыі Лідараў». Гэта ваш шанец будаваць будучыню ўжо сёння — не толькі сваю.

Бо лепш, калі будучыня пачнецца з вас, ці не так?