Навучанне на працягу ўсяго жыцця: чаму гэта неабходна для сучаснага беларуса?

Свет вакол змяняецца вельмі імкліва, і зараз, як казаў той Трус у кнізе Люіса Кэрала «Аліса ў краіне цудаў», «Трэба бегчы з усіх ног, каб толькі заставацца на месцы, а каб кудысьці трапіць, трэба бегчы як мінімум удвая хутчэй». Учора мы здзіўляліся інтэрнэту, сёння нейрасеткі робяць за нас палову працы. Што будзе заўтра — хто ведае? Змены сталі нашым жыццём, і іх трэба прымаць, і іх трэба перапрацоўваць сабе на карысць. У тым ліку і з усведамленнем гэтага развіваецца адукацыйны хаб «Нацыя Лідараў».

fotorealisticznoe_izo.png

Актывісты, якія стваралі «Нацыю лідараў» у 2021 годзе, спрабавалі зразумець, што ў беларускай рэвалюцыі 2020-га пайшло не так, чаму яна вылілася ў фрустрацыю, у расчараванне і што з гэтым трэба рабіць. Яны зразумелі простую рэч: калі мы хочам нейкіх устойлівых змен у краіне, трэба пачынаць са зменаў у свядомасці людзей, мяняць тое, як грамадства думае, якія мае каштоўнасці і як умее кааперавацца.

«Нацыя лідараў» пачынала з псіхалагічнай дапамогі, — а ператварылася ў паўнавартасны адукацыйны хаб, які мае цяпер 23 адукацыйныя праграмы, правёў больш за 130 патокаў курсаў, праз якія прайшло каля 7 тысяч чалавек. Адукацыя заснаваная на канцэпцыі Lifelong Learning (LLL), якую прыкладна можна перакласці як «навучанне цягам жыцця», разлічаная на дарослых людзей і дае практычныя веды, якія можна выкарыстоўваць літаральна кожны дзень, каб жыццё заўтра станавілася крыху лепшым, чым сёння.

Як гэта працуе?

Марына, актывістка «Нацыі лідараў», распавядае, што канцэпцыі Lifelong Learning (LLL), насамрэч, ужо больш за 50 гадоў. Так, адукацыя для дарослых мае сваю спецыфіку: з аднаго боку, дарослыя вучацца не так хутка, як маладыя. Але з іншага — гэта «ўсвядомленая адукацыя»: людзі, прыходзячы на курсы, ведаюць, для чаго гэта робіцца і якога выніку яны хочуць дасягнуць. Гэта робіць іх адукацыю больш якаснай і больш практыкаарыентаванай.

Напрыклад, курс «Мэта. План. Вынік», які найбольш дапамагае прывесці жыццё ў парадак.

«Паглядзіце на сябе, — кажа Марына, — вы, напэўна, адначасова вырашаеце дзясяткі розных задач, губляецеся ў іх бясконцасці, пачынаеце адно, кідаеце другое, і ў выніку дзень быў нібыта заняты справамі, але няма выніку, няма задавальнення, толькі стрэс і фрустрацыя. "Мэта. План. Вынік" — гэта курс для тых, хто хоча паставіць кропку ў гэтай мітусні, навучыцца фармуляваць і ставіць мэты, расстаўляць прыярытэты, выпрацоўваць план дзеянняў і, што самае важнае, даводзіць справы да канца».

«Гэта не проста тэорыя тайм-менеджменту. Асаблівасць курса ў тым, што ён вучыць планаваць жыццё вакол сябе, а не вакол мільярда працоўных задач, пасля якіх не застаецца месца для сябе самога. Вы вучыцеся захоўваць баланс розных сфер жыцця і бачыць сваё жыццё ў разнастайнасці», — адзначае актывістка.

fotorealisticznoe_izo4.png

Вучыцца і працаваць — разам

І гэта не проста лекцыі ў анлайн-рэжыме ці ў відэазапісе. Так, канешне, курсы складаюцца з модуляў, дзе ёсць і відэалекцыі, і канспект у тэкставым выглядзе, і аўдыяпадкаст. Але і гэта яшчэ не ўсё: вакол кожнага курса фарміруецца пэўнае кам’юніці, дзе людзі, напрыклад, штодзень вядуць дзённік, дзеляцца поспехамі і няўдачамі, матывуюць адно аднаго, дапамагаюць у пошуку рашэнняў. Гэта своеасаблівы элемент яшчэ адной адукацыйнай сістэмы: «роўны навучае роўнага».

І гэта ж азначае, што ў выпадку, калі ў вас узнікнуць нейкія складанасці і праблемы, вы не застаняцеся сам-насам з імі. У вас ёсць своеасаблівы «клас», які, канешне, не дасць «спісаць дамашку», як у школе, але пастараецца «растлумачыць тэму».

І гэта — бясплатна

Пры гэтым «Нацыя лідараў» ад самага пачатку зыходзіла з прынцыпу, што адукацыя павінна быць даступнай — даступнай як унутры краіны, так і па-за яе межамі. У многіх беларусаў, асабліва ў рэгіёнах, няма лішніх грошай, каб плаціць за навучанне. Тое ж самае можна сказаць і пра вымушаных эмігрантаў, якія ўсё яшчэ толькі абжываюцца ў краінах рэлакацыі. А вось жаданне развівацца ёсць і ў тых, і ў другіх.

Таму ўсе курсы «Нацыі лідараў» — бясплатныя. Вядома, калі ты за нешта плаціш — гэта матывуе атрымаць якасную паслугу за свае грошы. Але ж, акрамя фінансавай матывацыі, ёсць і іншая — упарадкаваць сваё жыццё, зрабіць яго больш якасным, навучыцца чамусьці новаму, стаць «лепшай версіяй сябе». І вось у гэтым курсы «Нацыі лідараў» і дапамагаюць.

Вучыцца пастаянна

Заняткі «Нацыі лідараў» запускаюцца цыклічна, некалькі разоў на год, і яны ахопліваюць самыя розныя сферы жыцця — пачынаючы ад псіхалагічнай дапамогі і заканчваючы такімі сучаснымі рэчамі, як гендарная пісьменнасць ці тыя ж курсы «Мэта. План. Вынік».

Цяпер ідзе восеньскі набор на курсы «Нацыі лідараў». Акурат цяпер, да 12 кастрычніка ўключна, можна запісацца на курс «Мэта. План. Вынік» і навучыцца планаваць, дзейнічаць і бачыць вынік — і не вынік у табліцы, а вынік у жыцці.

А паглядзець на ўсю разнастайнасць курсаў і выбраць падыходзячы для сябе можна на платформе «Нацыі лідараў».

Запісвайцеся, і пачынайце рабіць вашу будучыню лепшай ужо цяпер!