Апошняя бітва Тадэвуша Касьцюшкі
10 кастрычніка 1794 года пад Мацяёвіцамі кіраўнік паўстаньня атрымаў удар шабляй у галаву, а таксама шэраг ранаў ад уланскіх дзідаў. Цяжка паранены Касьцюшка быў ўзяты расейцамі ў палон, дзе правёў два гады за кратамі. Ворагі з трох краінаў выступілі супраць вызвольнага Паўстаньня, неўзабаве пасьля якога нашая краіна была акупаваная на доўгія гады.
Пасьля бітвы, на раніцу 11 кастрычніка 1794 года, Тадэвуш Касьцюшка прыйшоў у сьвядомасьць у расейскім палоне. Як узгадваў потым паплечнік кіраўніка Паўстаньня Нямцэвіч, той быў нібы пасьля летаргічнага сна. Тадэвуш запытаў: «Што гэта значыць? Дзе я?». На гэта Нямцэвіч адказаў: «На жаль мы параненыя і трапілі ў палон да расейцаў. Я каля цябе і не пакіну цябе».
Касьцюшка вымавіў: «Якое суцяшэньне ў няшчасьці мець такога сябра». І на яго вочы навярнуліся сьлёзы, а размову перапынілі варожыя афіцэры, прыстаўленыя сачыць за захопленымі.
Неўзабаве зьявіўся расейскі генэрал Фэрзэн, які зьвярнуўся да Касьцюшкі з Нямцэвічам па-нямецку. Нямцэвіч перакладаў Тадэвушу, бо той не разумеў ні нямецкай, ні расейскай мовы. Прадстаўнік акупацыйных войскаў сказаў:
«Я шкадую аб вашым лёсе, але такі наш агульны лёс, людзей вайны».
Бітва пад Мацяёвіцамі
Агульны стан бакоў непасрэдна перад, як выявілася, лёсавызначальнай бітвай быў на жаль не на карысьць паўстанцаў пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі. Нягледзячы на некаторыя лякальныя посьпехі, сілы ворага мелі перавагу. Што і ня дзіўна, калі ўлічыць, што разам з галоўным акупантам Рэчы Паспалітай – Расеяй, свае войскі супраць нашых змагароў за незалежнасьць выставілі Аўстрыя і Прусія.
І гэта былі ня проста дыпляматычныя рэвэрансы ў бок усходняга мядзьведзя, аўстрыйцы і прусакі непасрэдна змагаліся супраць Касьцюшкі. Да моманту бітвы пад Мацяёвіцамі ва ўзброеных сілах паўстанцаў ад пачатку самога Паўстаньня было агулам каля 80 тысячаў жаўнераў, зь якіх каля 7 тысячаў былі забітыя альбо ўцяклі з войска.
Агулам гэта была мала ўзброеная, слабанавучаная армія, якая спадзявалася на перамогу. Супраць яе былі рэгулярная расейская армія колькасьцю каля 55 тысячаў чалавек, прыблізна 50-тысячная пруская армія і яшчэ каля 4 тысячаў аўстрыйскіх жаўнераў. Апроч гэтага дадатковы расейскі корпус, які налічваў 18 тысячаў акупантаў, сьпяшаўся на дапамогу іншым.
Як пісаў у ХІХ стагодзьдзі гісторык Тадэвуш Корзун, немагчыма дакладна падлічыць колькасьць арміі з абодвух бакоў, што ўдзельнічалі ў бітве пад Мацяёвіцамі. Гэтая вёска, за 40 кілямэтраў ад Варшавы, стала месцам паразы Паўстаньня. Расейская армія пад кіраўніцтвам генэрала Фэрзэна налічвала каля 16 тысячаў чалавек.
У штабе Касьцюшкі разьлічвалі на хуткае падмацаваньне жаўнераў генэрала Серакоўскага, які мусіў злучыцца ў хуткім часе з корпусам генэрала Панінскага. Гэтае спадзяваньне ўрэшце і стала адной з галоўных прычынаў катастрофы пад Мацяёвіцамі.
Такой была папярэдняяя інфармацыя ў Касьцюшкі. Аднак праз розную адлегласьць паміж нашымі корпусамі, у дзень вялікай бітвы ў паўстанцаў на лініі сутыкненьня было ўсяго каля 7 тысячаў чалавек, удвая меньш, чым мог разьлічваць Тадэвуш.
9 кастрычніка 1794 года быў усталяваны візуальны кантакт з ворагам, і Касьцюшка змясьціў свае войскі на невялікім узвышшы. Свае сілы, каля 7 тысячаў чалавек, ён паставіў у даволі неглыбокую лінію з цэнтрам на ўзвышшы пад камандаваньнем генэрала Серакоўскага, правым крылом пад камандаваньнем генэрала Ігнацыя Каменскага, што найбольш блізка было ад Мацяёвіцаў, і левым крылом пад камандаваньнем Князевіча.
Левы флянг быў відавочна слабейшым за дзьве іншыя групы, бо чакалася, што з гэтага боку прыйдзе з падмацаваньнем Панінскі. Як вядома, той не пасьпеў.
Толькі а 2 гадзіне начы 10 кастрычніка Касьцюгка паслаў кур'ера да Панінскага з загадам хутчэй прыбыць у Мацяёвіцы. Безумоўна, было позна. У гэты момант расейскія войскі пачалі таемна набліжацца да нашых пазыцыяў, абыходзячы войскі Князевіча.
Каля поўдня пад аглушальны акампанэмент артылерыйскай стральбы з усіх гарматаў расейцы пачалі штурм па ўсёй лініі. Іх шэрагі няўмольна набліжаліся да пазыцый паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі. Абарона пачала хістацца. Адна за адной змоўклі паўстанцкія гарматы, зьнішчаныя варожым агнём ці праз адсутнасьць зарадаў.
Пасьля 13 гадзінаў бой скончыўся. Па-ранейшаму ішлі адчайныя сутычкі паміж невялікімі групамі пяхоты і кавалерыі, але асуджаных ужо толькі на ганаровую сьмерць.
Паўстанцы страцілі забітымі і параненымі каля 4 тысячаў чалавек, расейцы — удвая меньш, каля 2 тысячаў нашых жаўнераў трапілі ў палон, сярод іх быў і кіраўнік – Тадэвуш Касьцюшка.
Расейцы бязьлітасна дабівалі параненых паўстанцаў. Лейтэнант фон Гейлігэнштадт, які ўдзельнічаў у бітве, пісаў у сваім дзёньніку:
«Расейская пяхота забівала ўсіх, хто ляжаў. Усе мёртвыя, распранутыя дагала праз гадзіну, ляжалі ў шэраг. Пасьля абеду іх усіх спалілі».
З успамінаў палкоўніка Юзэфа Джэвецкага, якому расейцы загадалі знайсьці Кіраўніка паўстаньня на полі бою:
«Там ляжаў чалавек без усёй вопраткі, яго галава ляжала на далоні, яго доўгія валасы былі прасякнуты крывёй, таму што ён быў паранены ў галаву, нават абутак зь яго зьнялі, і гадзіньнік, які быў на залатым ланцужку. Я стаў на калені, шукаючы ў ім сьлед жыцьця. Неўзабаве прыгналі воз з некалькімі валамі, каб адвезьці яго, але стары казак закрычаў, што для ворага іх не дасі.
Не на возе, а на плашчы, накінутым на перавязаныя разам дзіды, некалькі жаўнераў вывезьлі з поля бітвы залітага брудам і крывёй Тадэвуша Касьцюшку ў напаўпрытомным стане».
Яго зьмясьцілі ў невялікім маёнтку, дзе ён кватараваў напярэдадні.