Альбэрт Каяловіч: езуіт, які вывучаў нашую гісторыю ў XVII стагодзьдзі
Ён быў тэолягам, пісаў шмат палемічных тэкстаў супраць кальвіністаў, але найбольшы посьпех атрымаў як гісторык. У 1650 годзе Каяловіч выдаў першы том «Гісторыі Вялікага Княства Літоўскага», а пазьней і гербоўнік нашае шляхты. Пра што пісаў інтэлектуал эпохі Вазаў на троне?
Альбэрт Каяловіч нарадзіўся ў 1609 годзе, і ва ўзросьце 18 гадоў трапіў у Езуіцкі ордэн. Ён прысьвяціў жыцьцё роднаму краю. Апроч малітваў, ён займаўся навуковай дзейнасьцю і дасьледваў перадусім гісторыю.
Гісторык Ганна Бідная адзначала, што асноўнай крыніцай свайго гістарычнага дасьледаваньня Каяловіч называў хроніку польскага гістарыёграфа другой паловы XVI стагодзьдзя Мацея Стрыйкоўскага. На самым пачатку ён сьціпла заўважаў, што зьбіраецца проста перакласьці польскамоўную хроніку на латынскую мову і, такім чынам, зрабіць яе дасяжнай большаму колу эўрапейскіх чытачоў. Аднак атрымаўся не просты пераклад, а крытычная праца навукоўца.
У сваёй галоўнай працы — «Гісторыі Літвы» Каяловіч зьвяртаўся да вытокаў народаў, у тым ліку да балцкага кампанэнту ў Вялікім Княстве Літоўскім. Найбольш прыхільнікаў у той час мела тэорыя аб прызнаньні балтаў-літоўцаў нашчадкамі старажытных рымлянаў. Езуіт Войцэх Каяловіч выступіў з новай тэорыяй. Продкамі літоўцаў ён лічыў герулаў, вядомых па крыніцах III–VI стагодзьдзяў. На думку Каяловіча, карэнныя жыхары сучаснае нам Літвы — племя аланаў герулаў — прыйшлі з Італіі ў Х стагодзьдзі, яны былі нашчадкамі герулаў, якія пасяліліся там у старажытнасьці.
У часы Альбэрта Каяловіча цікавасьць да готаў у Вялікім Княстве Літоўскім была большай, чым пры жыцьці яго папярэдніка, знакамітага храніста Мацея Стрыйкоўскага, — піша ўжо сучасны нам польскі гісторык Ян Юркевіч. Часткова гэта было зьвязана з тагачаснымі адносінамі паміж Рэччу Паспалітай і Швэцыяй, у якіх асабліва моцна разьвіўся міт пра готаў.
Гэта знайшло сваё выражэньне, сярод іншага, у тытуле швэдзкіх манархаў, замацаваным у часы Густава I Вазы (1523–1560), паводле якога яны былі ўладарамі швэдаў, готаў і вандалаў. Для гістарычнага абгрунтаваньня дынастычных інтарэсаў і палітычных плянаў імпэрыі Вазаў пажадана было зьвярнуцца як да гоцкай, так і да сармацкай традыцыі.
Польскі гісторык Ян Юркевіч дзеліцца назіраньнем: «Вобраз зьяўленьня славянаў у Сарматыі і іх узаемаадносінаў з карэнным насельніцтвам, акрэсьлены ў «Гісторыі Літвы», вельмі арыгінальны. На фоне пануючай у той час гістарыяграфіі і поглядаў кідаецца ў вочы пасьлядоўнае ўхіленьне Каяловіча ад называньня славянаў назвай сарматы, што, як слушна мяркуецца, азначае сумненьне ў тоеснасьці іх паміж сабой.
У выніку кантраст паміж славянамі і карэннымі жыхарамі Сарматыі становіцца больш рэзкім. Гэта яшчэ больш узмацняецца акцэнтам, які Каяловіч рабіў на заваёўніцкім імпульсе славянаў, прыпісваючы ім ролю, падобную да той, якую адыгралі ў гісторыі гуны».
Пра Вільню
Каля даліны Сьвятога рога, на вяршыні гары, уладар Гедымін забіў дзідай дзікага зубра. Стомлены пасьля паляваньня, ён спыніўся на начлег у даліне Сьвятога рога. Убачыў стомлены чалавек сон, што на гары, дзе ён забіў жывёлу, стаіць вялікі воўк, нібы з жалеза або з жалезнымі латамі, і ў гэтым ваўку ён чуе сто ваўкоў, якія выюць вельмі моцна, голас якіх быў чутны у навакольных палях і лясах.
Перыяд Ягайлы
Пахаваўшы Альгерда паводле старых звычаяў продкаў, усе роды, па прапанове Кейстута, аднадушна абвесьцілі Ягайлу вялікім князем літоўскім. Нялёгка сказаць, ці гэтаму адзінству спрыяла павага да памерлага ўладара, які прызначыў Ягайлу законным спадкаемцам, ці прыклад Кейстута, які як з клопату пра дзяржаўныя справы, так і з асабістай любові да яго брата, больш за іншых патрабаваў ад Ягайлы поўнага паслушэнства.
Гэта важкі доказ таго, як стрымана ён разглядаў добрую магчымасьць, прапанаваную лёсам. Іншыя, што пайшлі за ім, хоць і прысягнулі новаму ўладару, але не стрымалі гэтай прысягі належным чынам. Вельмі істотна тое, як чалавек ставіцца да згоды і паслухмянасьці. Бо пры спробе выконваць чужыя ўказаньні, а не ўласныя веды і здольнасьці, любая дзейнасьць звычайна не мае стабільнасьці. Таму іншыя, шукаючы магчымасьці палепшыць сваё становішча, паднялі паўстаньне. Кейстут, які трапіў у пасткі вераломнага і эгаістычнага чалавека, ледзь не быў зрынуты, але ўзяў у рукі зброю толькі тады, калі быў вымушаны гэта зрабіць.
Здрада Глінскага
Пад Слуцкам Мікалай Глінскі беспасьпяхова ваяваў супраць удавы Настасьсі і яе малалетняга сына Юрыя. Ён спадзяваўся, што паход будзе лёгкім, што жанчына, напалоханая яго войскам, ня толькі здасьць замак, але і прыме прапанову аб шлюбе. Гэта, на ягоную думку, абяцала яму і войска, і грошы ў будучыні, і, акрамя таго, нагода для ўварваньня ва ўладаньні Кіева, а Міхаілу здавалася што ён будзе мець усе правы заняць Кіеў, калі ажэніцца з Настасьсяй Слуцкай і як апякун будзе абараняць справы сіраты.
Між тым настойлівасць Настасьсі была такой вялікай, што ні абяцаньні, ні пагрозы не змаглі яе зламаць. Разьюшаны і спустошаны Мікалай з барбарскай жорсткасьцю спустошыў вялікія тэрыторыі Слуцкай і Копыльскай земляў. Спустошыўшы тую мясцовасьць, ён з усім войскам пайшоў да Турава. Заваяваўшы тут замак, ён лёгка прымусіў прысягнуць яму на вернасьць мясцовую шляхту, якая не змагла супрацьстаяць яму і падтрымала ягоны бок.
Затым рушыў са сваім войскам на Мазыр, ён заняў горад — часткова адкрытай атакай, часткова здрадай — і зьмясьціў там свой гарнізон. У той час яму дапамаглі маскавіты, якіх прывёў Яўстахій Дашкевіч. З гэтымі памагатымі сіламі Мікалай прымусіў падпарадкавацца сабе князёў Друцкіх і князя Мсціслаўскага Мікалая, заняў Гомель, Крычаў, Воршу і ваколіцы і разьмясьціў там маскоўскія гарнізоны, заваяваў значную частку Беларусі, Северскую зямлю і Палесьсе і зноў рушыў на Слуцк, мяркуючы, што Настасься гэтым разам не выстаіць.
Напярэдадні бітвы пад Воршай
Тым часам вайна, распачатая Васілём супраць Жыгімонта, у гэтым годзе скончылася. Вярнуўшы Глінскага ў Маскоўскае княства, Васіль хутка заклікаў Чалядніна сабраць ў аднум месцы палкі, якія спусташалі Вялікае Княства Літоўскае, рушыць зь імі наўпрост на Барысаў, дзе стаяў вялікі князь Жыгімонт, і завабіць яго, нават калі ён гэтага не хацеў, у бой.
Калі ён не ўступіць у бітву, акружыць яго войска з усіх бакоў і разам з кіраўніком дзяржавы адагнаць, як жывёлу, назад у Маскву.
Вось так гэты чалавек, барбар з барбараў, ацэньваў сваю моц, так ён спадзяваўся на посьпех, так усё перабольшваў, выяўляючы такі пыхлівы гонар, што я не магу знайсьці слова, каб апісаць яго заганы. Ён меў дзёрзкасьць, яшчэ нават не спрабуючы дасягнуць посьпеху на полі, лістом спытаць у імпэратара Максіміліяна, што яму рабіць з палонным каралём і вялікім князем Жыгімонтам.
Жыгімонт, які трымаў пад Барысавам чатыры тысячы жаўнераў, скіраваў супраць Чэлядніна ўсе астатнія палкі на чале з Канстантынам Астрожскім.
«Каяловіч зрабіў значны ўнёсак у разьвіцьцё гістарыяграфіі, геральдыкі і літаратуры эпохі барока, таму неабходна вярнуць гэтаму некалі знакамітаму езуіту яго былую славу» — пісала беларускі гісторык Ганна Бідная. З гэтым немагчыма спрачацца.