Сьмяротнае пакараньне ў 1580 годзе: за здраду і сувязь з Масквой
18 чэрвеня 1580 года быў пакараны сьмерцю знакаміты шляхціч Вялікага Княства Літоўскага – Рыгор Осьцік. На працэсе ён прызнаўся, што абяцаў маскоўцам пры магчымасьці забіць нашага вялікага князя Стэфана Баторыя. Пачытаем дэтыктыўную гісторыю.
«Я зьвярнуўся да зла за брудныя грошы,
На здраду гэтага Княства, да маскоўскага князя»
З паэмы сучасьніка падзеяў Станіслава Лаўрэнція «Лямант няшчаснага Рыгора Осьціка…»
Дасьледчык Аляксандар Краўсхар сцьвярджаў, што творы накшталт «Ляманту няшчаснага Рыгора Осьціка…» былі вельмі папулярныя ў тагачаснай літаратуры: «Было гэта ў XVI ст. амаль літаратурнай модай паказваць знакамітых злачынцаў ужо пасьля раскрыцьця справы, у постаці пакаяўшыхся перад аблічччам справядлівасьці грэшнікаў».
Рыгор Осьцік паходзіў з роду, які ўзьвялічыў Беларусь. Гісторык Валеры Пазднякоў нагадвае, што заснавальнік роду Осьцік — паходзіў з багатага баярскага роду, чые ўладаньні знаходзіліся каля Вільні. З 1418 году займаў пасаду кашталяна віленскага. На працягу шматлікіх гадоў быў адным з найбольш уплывовых магнатаў у Вялікім Княстве Літоўскім, падтрымліваў вялікага князя Вітаўта ў яго імкненьні дамагчыся незалежнасьці ад Каралеўства Польскага. У яго было два сыны.
Радзівіл Осьцікавіч (памёр 1477) — сын Осьціка, маршалак гаспадарскі з 1440 году, ваявода трокскі з 1466 году, кашталян віленскі з 1475 году. Заснавальнік роду Радзівілаў. Менавіта адтуль усе нашыя Мікалай Радзівіл Чорны, Мікалай Радзівіл Руды, Мікалай Радзівіл Пане Каханку і ўсе астатнія.
Другі сын – Станіслаў (Станько) Осьцікавіч. Ад яго пайшоў наступны род Осьцікавічаў. Праўнук гэтага Станіслава – Рыгор Осьцік і зьяўляецца героем (ці антыгероем нашай гісторыі).
Літаратуразнаўца Юліюш Новак-Длужэўскі за арыстакратычнае паходжаньне і антыдзяржаўную дзейнасьць назваў Осьціка «польскім Катылінам», але таксама ён заслугоўвае найменьня «ліцьвінскага Калігулы» за свой буйны тэмперамэнт і пагарду да маралі.
Здрада Айчыне сталася ўсяго толькі фіналам аблуднага жыцьцёвага шляху гэтага распусьніка, пьяніцы, фальшываманэтчыка, афэрыста, забойцы, адзінага прадстаўніка старадаўняга беларускага роду, які не займаў ніякай дзяржаўнай пасады, бо быў чалавекам абсалютна асацыяльным.
Што ж адбылося?
З 1574 года Рыгор Осьцік перапісваўся з будучым маскоўскім царом Фёдарам I і дзейным – Іванам IV Жахлівым, у якіх падтрымліваў і заахвочваў іх да атрыманьня ўлады ў Вялікім Княстве Літоўскім. А ў 1580 годзе сустрэўся з маскоўскім пасланцам Нашчокіным, якому перадаў патаемныя зьвесткі. Дамову з ворагам раскрыў пьяны слуга Осьціка. Шляхціч быў зьняволены нягледзячы ад прывілей “neminem captivabimus nisi iure victum” (Мы нікога не возьмем у няволю, акрамя як па праву – лат.).
У ходзе рассьледаваньня высьветлілася, што Осьцік таксама займаўся падробкай дакумэнтаў, а ў маёнтку Каварск пад Вільняй было знойдзенае абсталяваньне для фальшаваньня манэтаў. Кожнае з гэтых злачынстваў каралася самым строгім пакараньнем. Абвінавачаны прызнаў сябе вінаватым, быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня, пазбаўлены гонару і маёмасьці. Абезгалоўленьне было праведзенае ў суботу 18 чэрвеня 1580 года.
Аўтар «Ляманту няшчаснага Рыгора Осьціка…» падрабязна прасочвае жыцьцёвы шлях свайго героя і прымушае прызнавацца ў шматлікіх грахах: зрадзе жонцы і занядбаньні бацькоўскіх абавязкаў, наездах на суседзяў і вымаганьні грошай ад сваякоў, падробцы грошай і дакумэнтаў, забойстве саўдзельнікаў і кантактах з ворагам.
Аблуднае жыцьцё і ганебную сьмерць Станіслаў Лаўрэнці вытлумачвае не Боскім прадвызначэньнем, не сьляпой гульнёй Фартуны, а сьвядомым, хаця і згубным маральным выбарам Рыгора Осьціка, які забыўся пра Бога і цалкам аддаўся ва ўладу ўласных жаданьняў і прыхамацяў, як піша літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў.
У «Нататках пра Маскоўскую вайну» каралеўскага сакратара Рэйнхальда Гейдэнштэйна зьмешчаная надзвычай цікавая інфармацыя пра суд над Рыгорам Осьцікам, на якую не зьвярнулі ўвагу ранейшыя дасьледчыкі:
«Таму яму загадалі адказваць, і Осьцік дастаў загадзя напісаны для гэтага тэкст з просьбай зачытаць яго суду. У гэтым лісьце ён прызнаўся, што меў зносіны з ворагам, што нават абяцаў забіць караля, калі будзе магчымасьць. Аднак ён выкарыстаў улоўку, што яго адзінай мэтай было выбіць грошы ў ворага з-за даўгоў. Нарэшце, ён пакорна прасіў аб літасьці».
Аказваецца, сапраўды існаваў нейкі тэкст, напісаны Рыгорам Осьцікам у сваё апраўданьне і публічна прачытаны на судзе. Ёсьць усе падставы меркаваць, што гэты пісьмовы тэкст і прамова Осьціка аказалі ўплыў на зьяўленне «Ляманту…» і на ягоны зьмест. З гэтым пагаджаецца літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў: «Сам факт напісаньня здраднікам пакаяльна-тлумачальнага ліста мог нарадзіць у Станіслава Лаўрэнція ідэю стварэньня ўяўнага плачу Рыгора Осьціка. Таксама, нататкі Осьціка маглі паслужыць аўтару паэмы крыніцай каштоўнай інфармацыі пра жыцьцё героя, пра дакладныя абставіны і сапраўдныя прычыны ягонай здрады».
«Не скарджуся, о пане кароль, на цябе,
Ні на твае мудрыя парады, што ты маеш на ўласным меркаваньні.
Не скарджуся, каралю, на твой прагны суд,
Бо ты зрабіў яго дастаткова праведным.»
З паэмы сучасьніка падзеяў Станіслава Лаўрэнція «Лямант няшчаснага Рыгора Осьціка…»
У 1581 годзе выйшла судовая пастанова, якая дазваляла сыну Рыгора – Яну Осьціку па прычыне яго невінаватасьці за злачынствы бацькі, была вернутая шляхетная годнасьць, з тым, каб і яго нашчадкам яна перадалася. Быў выдадзены адмысловы прывілей.