Вандроўка ў Друю: тры славутасці і адзін нячысцік, звязаны з Купаллем

 Друя — унікальнае мястэчка з вялікай колькасцю гістарычных помнікаў. На жаль, некаторыя з іх захаваліся толькі на старых фотаздымках. Пры дапамозе ўнікальнай тэхнікі «Лічбавая акварэль» аўтары гэтага відэа Ян і Юлія на канале "Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура" пакажуць вам тое, што вы магчыма больш нідзе не ўбачыце. А напрыканцы раскажуць, якога нячысціка варта сцерагчыся ў Друі.

Крыніца: Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура [ youtube ]

Гэтае відэа знята ў тэхніцы «лічбавая акварэль». Тэхніка ўнікальная і патрабуе шмат высілкаў ад мастака. Але ў выніку яна дазваляе ўбачыць, як ажывае гісторыя. 

*****

Упершыню Друя згадваецца Мацеем Стрыйкоўскім у славутай Хроніцы ў 1386 годзе, але мы ўпэўненыя, што паселішча ўзнікла значна раней, бо ў вусці Друйкі ляжыць камень з надпісамі, што датуюцца XII стагоддзем.

Касцёл святога Антонія Падуанскага пры кляштары дамініканцаў цяпер можна ўбачыць толькі на фота. Пабудаваны ў XVII-XVIII стагоддзі храм меў рысы папулярнага на той момант архітэктурнага стылю віленскага барока. Уяўляў сабой двухвежавую базіліку. Архітэктарам выступіў італіец Антоні Парак, які, дарэчы, адказваў і за працы на іншым беразе Заходняй Дзвіны ў Латвіі па ўзвядзенні касцёла Дзевы Марыі, які можна пабачыць праз раку. Дзякуючы палітыцы Расейскай Імперыі, касцёл быў падарваны ў 1909 годзе, барочная брама-званіца прастаяла трохі даўжэй, але яе вынішчыла ўжо савецкая ўлада.

А вось другая каталіцкая святыня ўсё ж дайшла да нашых дзён без асаблівых змен, і нават добра што проста дайшла, і цяпер з’яўляецца галоўнай славутасцю месца. Траецкі касцёл ордэна бернардынцаў будаваўся таксама ў XVII-XVIII стагоддзі на грошы Казіміра Льва Сапегі. Месца для будаўніцтва манастыра было абрана ўдала -- узвышша на беразе Заходняй Дзвіны. Сам касцёл — трохнефная базіліка з прыгожым унутраным убраннем, якое па стылістыцы адносіцца да архітэктуры ракако і позняга барока. У пачатку 20 стагоддзя ў сценах кляштара размясціліся манахі-марыяне дзеля асветніцкай дзейнасці. 

У час вайны ўвесь комплекс моцна пацярпеў. У некаторых крыніцах ёсць нават інфармацыя, што ў касцёл было прамое трапленне артылерыйскага снарада, які грунтоўна пашкодзіў сцены, але беларускія вернікі змаглі аднавіць святыню.

Непадалёк ад Траецкага касцёла месціцца псеўда-руская Дабравешчанская царква, збудаваная ў XVIII стагоддзі на грошы Пятра І, што па чутках наведваў Друю падчас вайны са шведамі. Дзякуючы замалёўкам мастака Струкава Дзмітрыя Міхайлавіча можна ўбачыць, як храм выглядаў першапачаткова, бо пакуль ён знаходзіцца ў працэсе рэстаўрацыі. 

А цяпер абяцаная гісторыя пра нячысціка.

Каля рачулкі Друйка раім быць асцярожнымі. Вы калі-небудзь чулі пра Улішыцу ці Вуйму? Страшная пачвара, з якой сутыкнулася не адно мястэчка на Беларусі. Падчас Купалля местачкоўцы спальвалі саламяныя лялькі, але здаралася і так, што лялька не дагарала і падала долу. Тады яе мусілі павесіць на вяроўку ды ўтапіць. І ня дай Божа лялька выплыве з вады і праляжыць роўна столькі месяцаў, колькі было святкавальнікаў! Тады з яе народзіцца высокая жаночая постаць, парослая кароўей поўсцю, з чырвонымі агеньчыкамі замест вачэй, хвастом і занадта шырокім ротам. Яна будзе зманьваць людзей у лес, падымаць на могілках нябожчыкаў і выць разам з імі да раніцы, а часам ператварацца ў дзіка з шасцю нагамі. І пазбавіцца ад яе вельмі складана.

Калі вам спадабалася відэа, падпісвайцеся на канал "Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура", каб разам вандраваць па цудоўных і загадкавых мясцінах нашай краіны!