Матуліны рукі: медытацыя для атрымання дапамогі, абуджэння і натхнення

Калі на душы вельмі цяжка ад шматлікіх клопатаў і вялікай адказнасці і хочацца выць ваўкалакам, згадайце самы светлы і мілы куточак дзяцінства. Бестурботнага, светлага, напоўненага цудамі і радасцю. Апыніцеся ў самых надзейных і пяшчотных абдымках — абдымках матуліных рук.

Крыніца: Беларуская Гармонія: Медытацыя і Рэлакс [ youtube ]


У традыцыйнай культуры вобраз маці звязаны з Багіняй, што дае жыццё. Маці лічыцца самым блізкім і родным чалавекам. Яна ніколі не здрадзіць, ніколі не асудзіць, заўжды падтрымае і прыме нас такімі, якія мы ёсць. 

Рукі маці — самыя пяшчотныя і надзейныя.  Яны здольныя суцішыць боль, прагнаць хваробу, надаць сіл і падарыць надзею нават у самай глыбокай роспачы. Мы прапануем вам адчуць пяшчоту і падтрымку матуліных рук з дапамогай медытацыі.

Перад медытацыяй: 

Паклапаціцеся, каб хвілін 20-30 вас ніхто не турбаваў (адключыце тэлефоны, пазакрывайце мэсэнджары на камп'ютары/планшэце, зачыніце дзверы, здыміце фітнес-бранзалеты ды смарт-гадзіннікі).

Праветрыце памяшканне, папіце вады, наведайце прыбіральню. 

Паздымайце ўсе ўпрыгожанні з валасоў, гадзіннікі, паясы (ці проста расшпіліце). Уладкуйцеся ў зручнай позе (цягам медытацыі варушыцца можна, калі ўзнікне такое жаданне). 

Вітаем у падарожжы ў Сусвет!